Выбрать главу

— Дазволь, Антонавіч, саломы ўзяць, капец накрыць.

— Днямі раздадзім на працадні.

— Бабы бульбу з хаты ў капец перанеслі, цяпер, разумееш, хоць назад нясі.

— Добра. Вазьмі. З недавершанай сцірты, — і падумаў: «Чорт з табой! Не дакучай толькі, без цябе нудна».

А калі Шаройка вышаў, Максім спахапіўся, вылаяў сябе.

«Колькі разоў мне ўжо даставалася за гэта. Нельга раздаваць калгаснае, як сваё ўласнае, як гэта Шаройка рабіў. Не выпісаўшы, не аформіўшы цераз бухгалтэрыю... «Вазьмі». А хто ведае, колькі такому прагнюку ўздумаецца ўзяць? Ён здольны воз перацягаць... А там яшчэ хто-небудзь пажадае, гледзячы на яго... Абавязкова скажуць: калі Шаройку можна, то чаму нам нельга? Трэба пайсці забараніць».

Аднак гонар, самалюбства не дазволілі зрабіць гэта, і настрой сапсаваўся яшчэ горш.

Шаройка паленаваўся скубці салому знізу і залез на сцірту, разгарнуў верхні мокры пласт. Ссунуць яго не адважыўся, і набраць сухой саломы аказалася нялёгкай справай, трэба было ўсёадно скубці па жмені.

Працаваў і бурчэў:

— Гаспадары! Не маглі завяршыць, поўсцірты прамачыла.

Ён не бачыў іншых, добра завершаных, сціртаў, парадку на таку, якога ніколі не было пры ім. Ён намагаўся ўбачыць толькі благое, і, калі знаходзіў, радаваўся: «Ага, нагаспадарылі без Шаройкі».

Унізе, пад сціртамі, хадзілі калгасныя гусі, паважна перавальваліся з нагі на нагу, шукалі зерне. Шаройка скінуў салому, і яны пачалі разграбаць яе. Ён замахаў рукамі, кінуў на іх саломай, але гусі толькі прыгожа выгіналі шыі і не адыходзілі.

Шаройка ўзлаваўся.

— Каб вас воўк падавіў, халеры! Гіля! Пайшлі прэч, д'яблы!

Гусі адказвалі зладжаным гогатам — усе адразу, нібы рагаталі з яго. Як на грэх, Шаройка ўбачыў у саломе палку — палавінку расколатай ручкі ад веялкі. Схапіў яе, шыбнуў з усёй сілы. Палка ўдарыла гуску па галаве, і тая ўпала, задрыгала нагамі. Астатнія, закрычаўшы, уподлет кінуліся ў сад, дзе пасвіўся ўвесь статак. Гуска не падымалася.

Шаройка спалохана аглянуўся. Навокал не было ні душы. Ён хутка саскочыў уніз, азіраючыся, як злодзей, засунуў забітую гуску пад сцірту, прытрусіў саломай. Сам звязаў лейцамі салому, ускінуў на плечы, прайшоў крокаў дзесяць, спыніўся, скінуў цяжкую ношку, зноў аглянуўся. «Загіне, калі ніхто не знойдзе. А цяжкая, тлустая, кілограмаў пяць чыстага мяса будзе... А калі знойдуць?.. Шум падымуць... Дапытвацца пачнуць... Хто быў сёння на таку? Амелька быў...» Ён ажно успацеў ад гэтай думкі.

«Лепей, каб ніякіх слядоў. Покуль далічацца... Іх нешта больш за сотню развялося... Не пабяднее калгас з-за адной гускі... Усёадно не адну з'ядуць кіраўнічкі. Дзякуй богу, ведаем, як гэта робіцца...»

Забыўшыся, нарэшце, пра Шаройку, Лескавец вырашыў пагаліцца.

Яшчэ некалькі дзён назад у яго раптам з'явілася жаданне згаліць вусы, якімі ён некалі так ганарыўся. Праўда, выканаць гэты намер аказалася нялёгка: кожны раз, калі ён заглядваў у люстэрка, рабілася шкада вусоў, і ён усё адкладваў гэтую падзею. І вось цяпер ён вырашыў цвёрда зрабіць гэта. Але толькі ён прыладзіўся і пачаў мыліць шчокі, як у хату, задыхаўшыся, ускочыў Федзя Прымак.

— Дзядзька Максім! Амелька забіў калгаснага гусака, схаваў у салому і нясе дамоў!

Максім аслупянеў ад нечаканасці і здзіўлення.

— Які Амелька?

— Шаройка! Давайце хутчэй, вы яго пярэймеце, ён цераз Кацубаў двор ідзе!..

Максім падхапіўся, на хаду выцер далонямі мыла і ў непадпяразанай гімнасцёрцы выскачыў следам за Федзем на вуліцу.

Шаройка вышаў з двара Кацубы і пераходзіў вуліцу з вялікай ношкай саломы за плячыма.

Максім уподбег дагнаў яго.

— Пачакай, Амелька!

Той павярнуўся, і твар яго адразу стаў белым.

— Развяжы салому!

У Шаройкі жаласліва перасмыкнуліся вусны, здалося, што ён вось-вось заплача.

— Максім Антонавіч...

— Развяжы салому, сукін сын! — закрычаў Лескавец і рвануў за лейцы, выхапіў ношку, труснуў яе так, што салома паляцела па ветры, а гуска пляснулася на зямлю.

Максім нахіліўся, падняў яе за ногі, паднёс Шаройку пад самы твар.

— Што гэта такое, Амяльян Дзянісавіч, га?

Шаройка маўчаў. Нервова торгаліся яго вейкі і калаціліся рукі, і сам ён увесь згорбіўся, уміг пастарэў на многа год.

— Што гэта такое, я пытаюся? — павысіў голас Максім.

Хвіліну назад на вуліцы было пуста. Цяпер, нямаведама адкуль, з'явіліся людзі. Беглі дзеці, жанчыны, перагукваліся.

— Што там, Галя?

— Амельку злавілі!

— Каго?

— Гусака злавілі!

Рогат. Прарэзлівы свіст хлапчукоў, громкі крык:

— Гу-са-ак!

— Шаройка — гусак!