Выбрать главу

Ладынін доўга не мог супакоіцца. Забыўся ён на Насцю і на яе просьбу толькі тады, калі ў амбулаторыю прывезлі цяжка хворага хлапчука з Раднікаў. Хлапчук курчыўся і стагнаў ад болю ў жываце. Ігнат Андрэевіч паставіў дыягназ — апендыцыт, і сам пайшоў да Лазавенкі, папрасіў машыну, каб хутчэй даставіць малога ў раённую больніцу. Машына вазіла бульбу, і Васіль задуменна пачухаў патыліцу.

Ігнат Андрэевіч нахіліўся цераз стол, палажыў сваю руку на яго руку.

— Васіль Мінавіч, нельга, дарагі мой, задумвацца, калі размова ідзе аб жыцці чалавека. Калі баюся я пасылаць на кані — значыцца, выпадак сур'ёзны.

У гэты-ж дзень была да яго яшчэ адна дзіўная просьба, праўда не такая загадкавая, як Насціна.

Старая жанчына зайшла ў амбулаторыю рашуча, з ваяўнічым выразам на расчырванелым, відаць, ад хуткай хады, твары. Ладынін глянуў на яе і зразумеў, што гэтая таксама не хворая, і падумаў, што прышла яна, відаць, са скаргай на якога-небудзь фінагента.

Ігнат Андрэевіч, ветліва запрасіўшы яе сесці, спытаў:

— З Лядцаў?

— З Лядцаў, таварыш Ладынін... Івана Мурашкі маці буду.

Ігнат Андрэевіч паставіў на стол бутэлечку з лекамі, якую разглядаў, павярнуўся да жанчыны, узяўшы ў рукі фанендаскоп.

— Так. Слухаю вас. Дзе баліць?

— Не хворая я, доктар. Сэрца вось толькі баліць. Са скаргай да вас, таварыш Ладынін. Толькі вы можаце дапамагчы, бо ён-жа комуніст, Іван мой. Вас ён павінен паслухацца, нікога больш не слухае — ні маці, ні бацькі... Хоць ты яму кол на галаве пяшы... Прываражыла яна яго, не іначай, як прываражыла. У яе і маці варажбітка была...

— Пачакайце, — спыніў яе Ладынін. — Аб кім вы гаворыце?

— Ды Клаўдзя Хацкевіч, загадчыца фермы... Гэта-ж падумайце, што робіцца... Хлопец яшчэ дзіця, можна сказаць, толькі з арміі вярнуўся, адзіны сын у бацькоў. Уся надзея была, што жэніцца, добрую маладзіцу ў хату прывядзе... А яна? На шэсць гадоў старэйшая, у яе вунь дачка ўжо ў чацверты клас ходзіць... Хіба яна яму пара?.. Прываражыла, не іначай. Ды яшчэ і выхваляецца... Не пайду, кажа, да гэтай Калбучыхі, гэта мяне так называе... Ён да яе ў прымакі збіраецца, нібы сваёй хаты не мае... Гэта-ж ганьба якая, божачка мой. Страшна падумаць! Дапамажыце, таварыш Ладынін, пагаварыце вы з ім добранька, прыгразіце па партыйнай лініі...

Ігнат Андрэевіч, з натугай стрымліваючы ўсмешку, глыбокадумна гладзіў наканечнікам фанендаскопа брыво. Просьба нават крыху збянтэжыла яго, ён не ведаў, што адказаць, каб супакоіць жанчыну.

— Пагутарыць я пагутару. Але калі яна яго сапраўды прываражыла... Баюся, што не дапаможа тады ніякая размова.

— Ды вы не толькі з ім, вы і з ёй пагаварыце. Пасаромце яе... Як ёй не сорамна жыццё хлопцу разбіваць? Падумала-б яна сваёй дурной галавой: хіба ён ёй пара? У яе дачка хутка нявестай будзе.

— Добра, скажу і ёй, — паабяцаў Ігнат Андрэевіч і, правёўшы жанчыну, засмяяўся, весела паціраючы рукі.

«Дзіўная ты жанчына. З'явілася ты перада мной, як з мінулага стагоддзя, насмяшыла... Пагутару, але не так, як ты хочаш... Даведаюся, ці сур'ёзна гэта ў іх... І калі сур'ёзна — прабач мне, паважаная Калбучыха, ці як там цябе, не выканаю я тваёй просьбы...»

На другі дзень, прышоўшы ў Лядцы, Ладынін зайшоў да Клаўдзі ў хату. Пераступіў парог, прывітаўся і ажно на момант спыніўся, здзіўлены і прыемна ўражаны. У хаце было, як перад вялікім святам, — выбелена, вымыта, кожная рэч ззяла чысцінёй і стаяла на месцы. Гаспадыня таксама нейкая незвычайная, у святочным плацці, убачыўшы яго, замітусілася: схапіла чысты ручнік, выцерла ім да бляску вычышчаную і вымытую табурэтку.

— Праходзьце, Ігнат Андрэевіч, сядайце, — і пачырванела, як дзяўчынка.

Доктар змераў яе праніклівым позіркам. Яна апусціла вочы.

— Вось вы якая... Клаўдзя Іванаўна! А помніце нашу першую размову ў вашай хаце?

— Помню, Ігнат Андрэевіч.

— Вось я і гляджу. Не дарма, відаць, адна жанчына сказала мне, што вы варажбітка...

Клаўдзя рыўком узняла галаву, бліснула вачыма.

— Калбучыха? Прыходзіла, значыцца? І, вядома, нагаварыла на мяне?

— Не. Сказала толькі, што вы жыццё яе сыночку разбіваеце... што вы — бабулька, а ён — дзіця яшчэ зусім...

Клаўдзя бязгучна засмяялася: закалыхаліся пад шаўковай кофтачкай яе прыгожыя поўныя грудзі.

— Так і сказала — дзіця?

— Так і сказала: хлапчанё горкае.

Яна раптам села з другога боку стала, падперла шчаку далоняй і, сумна ўздыхнуўшы, прамовіла:

— Не ўлашчыць мне яе...