Выбрать главу

Ігнат Андрэевіч хвіліну памаўчаў, разглядаючы вазоны на вокнах і на ўслоне. Потым падняўся, палажыў далоню ёй на плячо.

— Паглядзіце на мяне, Клаўдзя Іванаўна, — і калі яна глянула яму ў вочы, ціха спытаў: — Кахаеш?

Яна адказала гучна, весела, задорна крутнуўшы галавой:

— А хіба-ж вы мяне таксама бабулькай лічыце? Я яшчэ так умею пакахаць!

— А ён?

— Ён? Ён першы сказаў мне...

— Сур'ёзна гэта? Верыш яму?

Яна зноў апусціла галаву, зноў пачырванела і доўга маўчала.

— Я сына яго пад сэрцам нашу... — сказала шэптам і, відаць, сама спалохалася: дагэтуль ніхто, акрамя іх дваіх, не ведаў тайны іх кахання. Ігнат Андрэевіч зразумеў гэта і таксама сумеўся: нахмурыў бровы, кашлянуў у кулак і ўзяў у рукі свой чамаданчык.

— Ну, калі так, то застаецца пажадаць вам шчасця. А Калбучыху як-небудзь улашчым... Прабачце, Клаўдзя Іванаўна, што ўмяшаўся ў ваша жыццё.

— Што вы, Ігнат Андрэевіч!.. Вы прабачце... Я рада, вы мяне проста супакоілі. Пасядзіце яшчэ, калі ласка... я вас бражкай пачастую, з мёдам...

— Не, не...

Яна правяла яго да парога і там ціха сказала:

— А за нас вы не турбуйцеся. Мы сёння ў сельсовет пойдзем. Чакаю вось... яго...

— Ну, у такім выпадку мне — дай бог ногі, а то яшчэ па шыі дастану, — пажартаваў Ладынін.

— Ну, як ён? — спытаў Ладынін, кіўнуўшы на дом Шаройкі, калі яны з Лескаўцом праходзілі міма яго.

— Гусак? — Максім засмяяўся. — Не вылазіць з хаты. Кажуць, хварэе. Сімуліруе, безумоўна. Суда баіцца. Хлопцы яму жыцця не даюць. Бачыце, мусіў раней часу ўнутраныя рамы паставіць, каб не было чуваць. А то які ні пройдзе міма — абавязкова гукне на ўсю вёску «Гусак!» А мне, прызнаюся вам шчыра, ужо прыкра і горка слухаць. Усё-ткі, што ні кажы, а Шаройка быў Шаройка... Лепшы гаспадар у вёсцы, бацька афіцэраў Совецкай Арміі, настаўніц... Проста не ўкладваецца ў галаве: чаму чалавек дайшоў да гэтага?..

Максім павярнуўся да сакратара, чакаючы, што адкажа ён, але Ігнат Андрэевіч толькі неазначальна працягнуў:

— М-да-а...

Пагаварылі — і забылі, заняўшыся другімі, больш важнымі і неадкладнымі, справамі. А спраў розных хапала і ў сакратара партарганізацыі і ў старшыні калгаса.

Напомніла ім зноў пра Шаройку Маша. Яна знайшла іх у канцылярыі праўлення і адразу паведаміла:

— Дрэнна Шаройку, Ігнат Андрэевіч. Гавораць, тры дні з ложка не ўстае. Сёння нейкага фельчара з Украіны прывозілі. Вас ён забараніў клікаць. Але, мабыць, вам трэба зайсці, Ігнат Андрэевіч...

— А па-мойму, няварта, калі не хоча, — запярэчыў Максім. — Ліха яго не возьме! Такі хворы ўсіх нас на сто год перажыве!

— Ты, Максім, дрэнна ўяўляеш, які гэта для яго ўдар.

— Удар моцны, але каб такога дуба паваліць...

— Не, Максім Антонавіч, Маша правільна гаворыць... Як заўсёды! — Ігнат Андрэевіч накінуў на галаву сваю кепачку, схапіў чамаданчык, варухнуў калматымі брывамі.

— Пачакайце мяне хвіліначку.

... Ганна спалохалася, калі ён зайшоў, і не магла прамовіць слова. Ладынін заглянуў у бакоўку і нахмурыўся, Шаройку цяжка было пазнаць: за тыдзень твар яго зарос рудой шчацінай, страшна схуднеў, выцягнуўся, праваліліся вочы. Ён ляжаў з заплюшчанымі вачыма і, здавалася, не дыхаў. Расплюшчыў ён вочы, калі Ігнат Андрэевіч узяў яго руку, каб паслухаць пульс, пазнаў у поўзмроку Ладыніна і ўздрыгнуў, адхіснуўся. Доўга глядзеў на яго, як на прывід, потым хрыпла спытаў.

— Вы?

— Я. Што гэта вы ўздумалі хварэць? га?

Шаройка маўчаў.

— Падводзіце вы мяне. Я думаў, што вы самы здаровы чалавек у сельсовеце, што вам, як кажуць, зносу не будзе. А вы... Дазвольце, паслухаю маторчык, — ён расшпіліў кашулю, прылажыў экран фанендаскопа да сэрца, доўга слухаў. — Ну-у, нічога страшнага. Я баяўся горшага, глянуўшы на вас... Падняцца можаце?

Шаройка моўчкі сеў на ложку.

— Што вы акно заставілі? У вас-жа дыхаць нечым. Гаспадыня! Здыміце гэтую святломаскіроўку і адчыніце фортачку!

Ганна хутка сарвала з акна нейкую коўдру, і святло хлынула напорыстым патокам.

Шаройка знясілена паваліўся на падушку, утаропіўшы аслепленыя вочы ў столь і, пасля доўгай паузы, спытаў:

— Будзеце судзіць?

Ладынін падняўся з табурэта і адказаў сурова, холадна:

— Вы самі сябе асудзілі, Шаройка.

— Асудзіў, — прашаптаў ён і раптам, закрыўшы далоняй твар, заплакаў, сударгава задрыжэлі яго шырокія валасатыя грудзі.

Ладынін выгнаў.

На двары было ціха і цёпла. Не па-асенняму ярка свяціла сонца. У палісадніку ў Шаройкі цвілі буйныя астры, а пад страхой полымем гарэлі гронкі рабіны. У блакіце неба плыла белая павуціна «бабінага лета». Павуціна вісела на рабіне, на ліпах, усцілала стрэхі. Паветра было, як шкло, празрыстае і звонкае. Далёка за вёскай былі чуваць галасы дзяцей: вярталіся з Дабрадзееўкі са школы вучні.