Аднак я распісалася, часу ў мяне многа, не тое, што ў цябе, нашай масквічкі. Зайздрошчу я табе і цвёрда вырашыла: на наступны год паеду ў аспірантуру, калі не ў Маскву, то ў Мінск.
Бачыш, як няскладна, як сумбурна я пішу: пачынаю пра адно, а канчаю пра другое. Напісала цэлы раман, а галоўнае і не сказала, не адказала на тваё пытанне. Ці кахаю я Максіма? Здаецца, кахаю...»
Ліда напісала гэтыя словы і, нібы спалохаўшыся, хутка паднялася, зноў падышла да акна, угледзелася ў марозны ўзор і раптам гучна і ўзлавана прашаптала:
— Не, не кахаю! Няпраўда!
Аднак таго, што напісала Алесі, не выкрасліла.
17...
Васіль быў у Мінску на нарадзе старшынь калгасаў і дырэктароў МТС. Нарада, на якой абмяркоўваліся мерапрыемствы па ўздыму ўраджайнасці калгасных палёў, прадаўжалася другі дзень. Пасля даклада сакратара ЦК пачаліся выступленні.
Васіль таксама выступіў і даволі ўдала — абгрунтавана, прадумана, бо яшчэ дома рыхтаваўся. Некалькі разоў яго перапынялі апладысментамі. Ён гаварыў пра свой калгас, пра МТС, крытыкаваў работу раённых і абласных арганізацый, кінуў некалькі трапных закідаў у адрас Акадэміі навук і Міністэрства сельскай гаспадаркі. Скончыў ён сваю прамову прапановай абмеркаваць пытанне аб мэтазгоднасці аб'еднання дробных калгасаў у больш буйныя гаспадаркі.
— Дакладчык, таварыш сакратар ЦК, расказаў нам, як будзе расці з года ў год наш трактарны парк, як будзе нам дапамагаць дзяржава і партыя машынамі. Ды і цяпер іх ужо ў нас нямала розных машын. І ўжо бывае цяжка скарыстаць іх у дробных гаспадарках, на малых плошчах зямлі... Я вам прывяду прыклад, — ён хацеў быў сказаць пра свае калгасы — пра «Волю» і «Партызан», даказаць, якія выгоды можна было-б атрымаць, каб зліць гэтыя калгасы ў адзін, але ўспомніў, што ў зале сядзіць Максім Лескавец, сумеўся, падумаў, што той зноў можа не зразумець яго, і палічыў за лепшае прывесці ў прыклад другія калгасы свайго раёна. — Таварышы, гэта не толькі мая думка, гэта думка многіх механізатараў, работнікаў МТС. Думаю, што і тут, на нарадзе, яны падтрымаюць мяне...
— Правільна! — выгукнулі з залы.
— Фантазія! — абурана прамовіў другі голас.
У зале зашумелі, заварушыліся.
Абвясцілі перапынак. Васіль, усхваляваны, дрыжачымі рукамі збіраў на трыбуне аркушы паперы з тэзісамі свайго выступлення. Сакратар ЦК, праходзячы міма, паціснуў яго руку каля локця.
— Правільна, Лазавенка! Смела крытыкуй усіх, хто перашкаджае ўздымаць гаспадарку. І прапанова твая слушная. Над гэтым мы ўжо думалі.
У зале яго абкружылі старшыні, дырэктары МТС, пачалі выказваць свае меркаванні, спрачацца. Відаць, што многія ўжо думалі пра ўзбуйненне, пра больш рацыянальнае выкарыстанне машын.
Незнаёмы чалавек цераз галаву працягнуў яму паперку.
— Вам тэлеграма, Лазавенка. Даўно шукаю вас.
У Васіля ўздрыгнула сэрца: Маша!
На тэлеграме крыху незвычайны адрас: «Мінск, нарада старшынь калгасаў, Лазавенку».
Васіль баяўся разгарнуць яе тут, у прысутнасці людзей, і пачаў хутка прабівацца ў файе, дрэнна ўжо даходзячы да сэнсу пытанняў, неўпапад адказваючы на іх. У файе таксама было поўна народа.
Гаманілі, закурвалі, работніца тэатра прасіла:
— Таварышы, нельга курыць тут. Ёсць курылка. Ах, які несвядомы народ!