Выбрать главу

— Вунь ён, ваш Лазавенка, — сказаў нехта збоку.

Яго паклікалі:

— Васіль Мінавіч!

Ён не звярнуў увагі, хутчэй выскачыў на вуліцу. Спыніўся каля пад'езда, разгарнуў тэлеграму.

«Нарадзіўся сын. Віншую. Маша».

— Сын! — ён не заўважыў, што паўтарае гэта дарагое слова ўголас.

На яго глядзелі, відаць, разумеючы ў чым справа, усміхаліся.

Нарэшце, ён убачыў гэтыя цікаўныя позіркі, збянтэжыўся, хутка схаваў тэлеграму ў кішэню, перайшоў цераз вуліцу ў сквер. І тут уздыхнуў на поўныя грудзі, з асаблівай сілай адчуў вясну. Учора яшчэ было холадна, спрабаваў ісці мокры снег. А сёння ярка свяціла красавіцкае сонца, высахла мінулагодняе лісце на дарожках, дзе-ні-дзе прабівалася першая зеляніна.

Угары, на голых ліпах, голасна і сварліва крычалі галкі. Каля фантана з хлопчыкам і лебедзем гулялі дзеці. Маладая жанчына сядзела на лаўцы і гойдала каляску. Васіль наблізіўся, заглянуў у каляску, там спаў ружовашчокі малы, трымаючы пульхнымі губамі чырвоную соску. Васіль залюбаваўся ім, усміхнуўся. Жанчына нахмурылася і падкаціла каляску бліжэй, потым паднялася, нібы намерваючыся загарадзіць сваё дзіця ад гэтага дзівакаватага незнаёмага. Васіль зразумеў яе пачуцці і нечакана сказаў, як добрай знаёмай:

— У мяне сёння нарадзіўся сын.

Жанчына засмяялася, прыгожа адкінуўшы галаву:

— Першы, безумоўна? Віншую вас.

Ён вышаў на Совецкую вуліцу. Яна нагадвала суцэльную будаўнічую пляцоўку: усё было разбурана, разрыта і ўсё будавалася нанова. Пераскакваючы цераз груды, пераходзячы па хісткіх кладках глыбокія канавы, няспынна снавалі людзі. На другім баку вуліцы працавалі два экскаватары, рылі катлаван для падмурка будучага дома. На вялізнай грудзе накапанай цэглы і пяску стаялі цікаўныя, любаваліся работай экскаватараў.

Васіль таксама пастаяў там, пацікавіўся, адчуваючы зайздрасць да гэтых машын: вось-бы ім такія на будаўніцтва гідрастанцыі! Снавалі аўтамашыны. Каля Камсамольскай вуліцы працаваў бетонаўкладчык. Вялікі коўш хадзіў па доўгай страле, у яго самазвалы высыпалі цэментавую масу, коўш кідаў яе ў зеў машыны, яна павольна рухалася і, прасуючы, укладвала густы раствор паміж двух рэек. На гэтым участку вырысоўвалася будучая вуліца — шырокая, роўная, велічная.

Васіль успомніў праекты, што былі развешаны ў файе Дома афіцэраў, дзе праходзіла нарада, праекты казачных будынкаў, план рэканструіраванай вуліцы.

Васіль уявіў гэтую вуліцу праз два-тры гады, забудаваную тымі дамамі, якія ён бачыў на праекце. Цудоўная будзе вуліца!

Паслаўшы ў адказ тэлеграму і вярнуўшыся на нараду, Васіль сеў на балкон: у залу не пускалі, хто спазніўся.

У наступны перапынак яго знайшоў Максім, таксама нечым узрушаны.

— Ты што — выступіў і драпануў? Цябе з прэзідыума шукалі.

Быў абвешчаны перапынак на абед, і яны, доўга прастаяўшы ў чарзе каля вешалкі, вышлі на вуліцу. Ішлі міма экскаватараў, бульдозераў. Васіль усё яшчэ прадаўжаў думаць пра Машу, пра сына і таму маўчаў, зрэдку толькі адказваў Максіму, якім, відаць, валодала жаданне пагутарыць.

— Вось дзе варочаюць, дык варочаюць! Нам-бы на наша будаўніцтва пару такіх машынак хоць на некалькі дзён.

— Павел Сцяпанавіч абяцаў даць экскаватар і адзін самазвал. Ты-ж ведаеш пастанову абкома, — адказаў Васіль, зноў аглядваючыся на жанчыну з дзіцем на руках.

— Але, брат, працуюць людзі. Будуюць комунізм. Паглядзіш — душа радуецца. Недарма там, — ён кіўнуў галавой у бок — на захад, — скуголяць ад злосці і бомбачкай сваёй махаюць. Між іншым, ты не чуў самага цікавага выступлення. Старшыня «Рассвета» Арлоўскі выступаў. Моцна гаварыў. Але, па-мойму, выхваляецца крыху...

— Чаму ты так скептычна настроены? Пра яго калгас напісалі цэлыя кнігі.

Максім хвіліну прайшоў моўчкі і зноў уздыхнуў:

— Але-е, працуюць людзі, — і хутка павярнуўся да Васіля. — Ведаеш, што я цвёрда вырашыў тут, на нарадзе? Паеду вучыцца.

— Вучыцца можна і дома. Я-ж вучуся завочна.

— Не магу. Я ў гэтым сэнсе неарганізаваны чалавек. Колькі я перачытаў за гэту зіму і — ніякай карысці...

— Гэта табе здаецца так.

— Не, сапраўды, нейкая каша ў галаве атрымалася. Агранамія пераблыталася з раманамі, хімія чорт ведае з чым. Мне трэба сістэма, штодзённы кантроль. Ты-ж помніш, я быў першы вучань у школе. Я ўпэўнены, што і цяпер у любой школе, на любых курсах я паказаў-бы на што здольны... Паеду! А то адчуваю — закісну, адстану. А адставаць я не хачу! — Максім прыпыніўся (ён крыху забег наперад), глянуў на Васіля — ці не ўсміхаецца той іранічна з яго самакрытычнага прызнання. Васіль не ўсміхаўся, але выгляд у яго быў нейкі незвычайны.