Выбрать главу

— Чаго гэта ты сёння выглядаеш, як імяніннік? — спытаў Максім.

— У мяне нарадзіўся сын, — ціха, як-бы таямніча, паведаміў Васіль.

Максім спыніўся, загарадзіўшы праход на кладку цераз траншэю, на твары яго адбілася нейкае складанае, супярэчлівае пачуццё, ён недарэчна спытаў:

— У Машы?

— А ў каго-ж яшчэ? Дзівак!

Максім нічога не адказаў, не павіншаваў нават.

Васіль прапанаваў:

— Давай заглянем куды-небудзь. Хочацца мне чарку ўзяць за здароўе майго сына.

— Дык там, у сталоўцы, калі ласка.

— Хлопцы гаварылі, што няма там нічога. Начальства пабаялася, што хто-ні-хто па прастаце сваёй душэўнай можа злоўжыць.

Максім зноў доўга не адказваў. Потым сказаў проста, весела і шчыра:

— Што-ж... за сына выпіць не грэх.

18...

Першы раз пасля родаў Маша вышла ў поле. Была ў разгары сяўба. Пасля сухіх сонечных дзён прайшлі цёплыя дажджы. На поўную сілу дыхала зямля, падыходзіла, як тое цеста, і дружна пакрывалася багатай зелянінай усходаў. Усё расло на вачах. Даволі было пастаяць гадзіну-другую і можна было ўбачыць, як чорная ралля раптам пачынала зелянець, нібы яе апырсквалі светлазялёнай фарбай. Пералівалася пад подыхам ветру хвалямі густая азіміна, шаўковай рунню вабілі позірк бяскрайнія ўсходы ранніх культур.

Маша выбегла за сад «Волі», і ў душы яе пачало расці нейкае незвычайнае захапленне, нейкая дзіўная радасць. Не першую вясну яна сустракае. На ўсё жыццё застанецца ў яе памяці вясна мінулага года. Цяжкая была вясна. Маша ўспомніла, як па гэтай вось дарозе бегла яна к Ладыніну прасіць дапамогі... І вось мінуў год, толькі адзін год, і ўсё стала іншым. Справа не ў яе асабістым шчасці, змянілася не толькі яна і яе жыццё, змяніліся палі, іх вясновы выгляд. Маша нават спачатку не магла зразумець, у чым сутнасць гэтых змен. Яна спынілася, агледзелася навокал, глянула ў неба. Як заўсёды ў такі час, у блакіт было балюча глядзець, як заўсёды, там звінелі нябачныя жаўранкі. Сінеў у далечыні лес. Паранейшаму стаяла пасярод поля, каля дарогі, старая сухаверхая бяроза, крыху далей чарнеў высокі пень. Але не было год назад вось гэтых слупоў. Паўз дарогу яны — невысокія, светлыя, з двума ніткамі дратоў. А воддаль, бліжэй да рэчкі, цераз палі, цераз лядцаўскі сасоннік, па гародах размашыста крочаць высокія чорныя слупы. Гэта — лінія высокавольтнай перадачы ад гідрастанцыі ў Дабрадзееўку. За сасоннікам на слупе віднелася постаць чалавека: манцёры «Сельэлектра» цягнулі лінію; блішчэлі на сонцы тоўстыя медныя правады.

Машу дагнаў на веласіпедзе Міхайла Прымак, ён спрытна руляваў адной рукой. Маша саступіла са сцежкі, але ён, параўняўшыся, затармазіў, саскочыў на зямлю.

— Сядай, Маша, падвязу.

— Што ты, Міхайла!

— Ты думаеш не павязу адной рукой? Дрэнна ты мяне ведаеш. Я і трактар ужо ваджу, не горш як да вайны, і матацыкл асвайваю. Хутка буду лётаць, толькі пыл слупом... Чытала ў журнале? Аповесць там была змешчана аб сапраўдным чалавеку, аб лётчыку, які без абодвух ног лётаў і немцаў біў. Уся справа ў трэніроўцы. А я чалавек упарты. Значыцца, баішся ехаць?

— Баюся.

— Дарэмна. Цяпер табе не страшна. Чакай, колькі ўжо твайму «кручку»?

(«Кручок» была вулічная мянушка Васіля Лазавенкі, на якую аднак пасля вайны ўсе забыліся).

— Тры тыдні.

— Усяго? Рана ты вышла ў поле. Каб я нарадзіў такога сына, поўгода адпачываў-бы... Не вытрымала?

Маша засмяялася.

— Не вытрымала.

Прымак папрасіў:

— Скруці, калі ласка, мне цыгарку, а то вецер...

Маша ўзяла ў яго паперу, кісет, няўмела пачала круціць, захіліўшыся ад ветру.

— Ты таксама не вытрымаў-бы, я ўпэўнена.

Цыгарка ў яе разарвалася, і махорка высыпалася на зямлю.

— Курыў-бы ты, Міхайла, папяросы.

Прымак з усмешкай паківаў галавой.

— Мой бацька быў самы скупы чалавек у вёсцы. Чула? Ды і жонка мая скупая. У яе на чарку не выпрасіш, не тое, што на папяросы.

Калі цыгарка, нарэшце, была гатова, Прымак згадзіўся з заўвагай Машы:

— Не вытрымаў-бы, ты правільна кажаш. Асабліва ў такую пару. Гадзіну цяжка ў хаце пасядзець. Ты ведаеш, як мы працуем? Бачыш? — ён паказаў на поле, на роўныя радочкі ўсходаў. — Мая брыгада ўзяла на сябе абавязацельства вырасціць у «Волі» і «Партызане» самы высокі ўраджай па раёну. Сеем толькі радковымі. Машынкі ў нас цяпер — во, — ён паказаў вялікі палец.

— Чуеш? Ва ўсіх чатырох баках свету гудзяць.

Сапраўды, паветра было напоўнена гудзеннем матораў. Недалёка за ўзгоркам на лядцаўскім полі працаваў трактар, а ззаду, за рэчкай, на балоце віднеўся другі, але яго тарахценне заглушалі іншыя машыны: вішчэла цыркулярка, пыхкаў лакамабіль.