Выбрать главу

У другой палове, праз калідор, — прасторная светлая кухня. Пярэдняя — разбіта на пакоі: прадаўгаватую залу з трыма вокнамі і дзве маленькія бакоўкі — спальні. У зале усё зіхацела чысцінёй. Нядаўна пабеленыя сцены, старанна вымытая жоўтая падлога, новая мэбля, крыху нязграбная, цяжкая, але зробленая навечна — уся дубовая. На сценах — партрэты і без ладу наклееныя плакаты: «Адбудуем родную вёску» і «Усе, як адзін, падпішамся на пазыку». На стале, засланым абрусам з адмысловымі ўзорамі, роўнымі слупкамі ляжалі кнігі, вучнёўскія сшыткі, стаяў адкрыты патэфон: ад бліскучай галоўкі яго на чорнай крышцы адлюстроўваўся зайчык. Усё гэта Максім ахапіў адным позіркам, з парога, і чамусьці іменна гэта і запомнілася найбольш яскрава.

Ён прышоў адзін. Маці наогул адмаўлялася ісці, а потым паабяцала падыйсці пазней.

Агледзеўшы хату, Максім пажартаваў тымі-ж словамі, якія абурылі Васіля Лазавенку:

— Але, адразу відаць, што хата старшыні.

Гаспадар і госці засмяяліся.

— Амяльян Дзянісавіч — чалавек гаспадарлівы, — сказала Мар'я Ахрэмчык, кума Шаройкі.

— У цябе, Максім Антонавіч, будзе не горшая, — Шаройка сеў побач, разгладзіў вусы, — Цяпер куранёў не будуюць. Народ наперад глядзіць, каб хата як хата была. Каб праз якую пяцігодку, другую і электрычнасць не сорамна было правесці.

— Ого, кум, махнуў! — усклікнуў брыгадзір Лукаш Бірыла. — Дабрадзееўцы вунь праз год мараць...

— Марыць можна!

Лукаш не адступаў.

— А што ты думаеш? Праз год не праз год, а праз два — глядзі і зробяць. Размах у іх — о-го-го. Ды і тэмпы цяпер не тыя. Помніш, калі ў дваццаць другім пажар у нас трыццаць хат выкаціў, усю аднавочку... Колькі будаваліся? Тры гады. Бо кожны сам сабе поркаўся. А цяпер, лічы, што дабрадзееўцы за год усю вёску нанава пабудавалі. Ды хаты якія! Харомы!.. Сіла, брат... Калгас!

— Та-ак, сіла вялікая, — многазначна працягнуў Максім і скасавурыўся на Шаройку. Няёмка было, прышоўшы ў госці, крытыкаваць гаспадара, хоць і карцела сказаць і аб тых дванаццаці сем'ях, якія ўсё яшчэ жылі ў зямлянцы, і аб конях, і аб хамутах, ды і сад не прамінуць, параўнаць з садам у «Волі». Але іменна таму, што ўсё прасілася на параўнанне з «Воляй», ён змаўчаў.

Пра што ні гаварылі — усё так ці інакш датычыла спраў у калгасе. Максім заўважыў, што Лукаш Бірыла ўвесь час намагаецца ў замаскаванай форме — намёкамі, жартамі — укалоць гаспадара.

— Вы тут паціфончык, паціфончык... Што-небудзь вясёленькае, — мітусіўся Шаройка. — А я на кухню — баб падганю.

— Глядзі, каб цябе бабы не падагналі, — адразу-ж адгукнуўся Лукаш і хітра падміргнуў Максіму.

Лескавец падышоў да стала, пачаў заводзіць патэфон і раптам спыніўся. Адчыніліся дзверы адной бакоўкі, і адтуль вышла дзіўная жанчына. Модная, высокая прычоска, падпёртая бліскучымі шпількамі, напудраны твар, яркавішнёвыя губы і дарагая аксамітавая сукенка — усё гэта, здалося, адразу-ж гучна крыкнула: «А вось і я! Глядзіце, якая я!»

Максім не адразу пазнаў у жанчыне старэйшую дачку Шаройкі, сваю аднагодку, з якой некалі таксама вучыўся. А калі пазнаў, ледзь-ледзь не зарагатаў.

«Ну і пудзіла! Толькі ў каноплі — вераб'ёў пужаць».

Яна кінула ў пакой кароткі позірк і, нібы нікога больш не ўбачыўшы, падышла да яго, паважна працягнула руку.

— З прыездам, Максім Антонавіч.

Ён далікатна паціснуў яе мяккую руку.

— Дзякую, Паліна Амяльянаўна. А я вас ледзь пазнаў. Быць вам багатай.

— А хіба зараз я бедная? Ды і наогул я лічу, што нам пара і слова гэтае выкінуць з нашага лексікона. Бе-е-днасць! — пагардліва працягнула яна. — Архаізм!

— О, безумоўна! — узнёсла ўсклікнуў Максім, а сам падумаў: «Ну, здаецца, давучылася да ручкі».

У гэты момант з кухні прынеслі сталы з закускамі. Смачна запахла смажанінай. Над горамі мяса ў гліняных місках падняліся слупы пары. Асобна на важкай патэльні прынеслі цалюткага парася, бліскучага ад тлушчу, з жоўтай, патрэсканай на спіне, скуркай. Нават з хвосцікам хрэну ў ашчэраных зубах.

— Уга! — з захапленнем і здзіўленнем чмокнуў Бірыла і старанна выцер далоняй вусы.

Шаройка бегаў сам на кухню, прыносіў відэльцы, нажы, хлеб, перастаўляў на стале талеркі з закуссю з аднаго месца на другое і раз-по-разу пазіраў на ходзікі, нібы чакаў кагосьці вельмі важнага. Максім так і падумаў, што чакаюць галоўнага госця, для якога ўсё гэта і рыхтавалася. Гэтая думка крыху закранула яго гонар: Шаройка-ж гаварыў, што будуць святкаваць іменна яго прыезд, значыцца ён — галоўны госць. Але раптам гаспадар спыніўся пасярод хаты, развёў рукамі, нахіліў галаву і запрасіў:

— Прашу да стала, дарагія госці. Пачнём. Больш чакаць няма каго.