Выбрать главу

— Не ваша справа, мама! Маўчыце! — рашуча загадала Клаўдзя.

Ладынін нездаволена адзначыў:

«Але-е, суровая жанчынка».

Аднак развітаўся ён з ёй з пачуццём задавальнення. Жанчына зацікавіла яго. Такія людзі заўжды помняцца доўга... Але з усяго Ладынін адзначыў самае галоўнае, што падабалася яму ў жанчыне: гарачае яе жаданне, каб іх калгас быў не горшым за другія, каб і яны дасягнулі таго, што суседзі, а то і зусім перагналі іх. Яна верыла, што зрабіць гэта можна.

«Трэба толькі падхапіць, распаліць, правільна накіраваць гэтае жаданне. Трэба мне часцей наведвацца да іх».

Ён ішоў па вуліцы вёскі, а перад ім, нейкім цудам абагнаўшы яго. з хаты ў хату ляцела вестка, што доктар робіць падворны абход — правярае чысціню. Жанчыны паспешліва прыбіралі ў хатах, у сенцах, у дварах.

Гэтая мітусня не схавалася ад вока Ігната Андрэевіча, бо не ўпершыню ён бачыў яе. Ён не меў намеру рабіць абход, але цяпер нельга было не зайсці хоць у поўдзесятак хат. Людзі сустракалі з шчырай ветлівасцю. Дзед Яўмен Кацуба спыніў на вуліцы, сам еапрасіў да сябе.

— Штось ты, таварыш сакратар, двойчы мінаеш маю хату. Зайдзі, будзь ласкаў.

— Нездаровіцца каму, дзед, у сям'і?

— Ды не, у сям'і, слава богу, усе здаровыя. Проста так... Хочацца мне з добрым чалавекам чарку выпіць.

Сказаў шчыра і проста. Ладынін усміхнуўся:

— Не праміну. Але скончыўшы работу. У мяне парадак такі: скончыў дзела — гуляй смела.

— Мой парадак! — ухваліў дзед.

Ладынін пазбягаў такіх пачастункаў. Вядома, пераважная большасць людзей запрашае ад шчырага сэрца. Аднак ёсць і такія (асабліва тут, у Лядцах), што робяць гэта з благім намерам: каб выманіць такую даведку, за якую можна было-б схавацца ад калгаснай работы ці атрымаць палёгку ў падатках. Былі ўжо такія выпадкі ў яго нядоўгай пасляваеннай практыцы. А таму Ладынін надзвычай асцярожна прымаў запрашэнні. Бо вельмі-ж няёмка, прыкра, абразліва робіцца самому, калі пачынаеш разумець, што чалавек запрасіў з карыслівай мэтай. Доктар нават ад запрашэнняў Шаройкі адмаўляўся. Хітры чалавек! Такому пакладзі пальцы ў рот — у міг адкусіць. Вось і зараз ён нечакана, павольнай гаспадарскай хадою вышаў з завулка. Убачыў — і не пайшоў насустрач, а пачакаў, пакуль падыйдзе Ладынін. Прывітаўся з абыякавасцю занятага чалавека. Але ў Ладыніна нарадзілася падазронасць, што Шаройка сустрэў яго зусім невыпадкова.

— Лечыце? — спытаў ён, каб з чаго-небудзь пачаць размову. У руках у яго — ужо капшук з самасадам, і ён, не чакаючы адказу, адразу-ж прапанаваў: — Закурвайце.

Ладынін адарваў ладны кавалак газеты і, скручваючы цыгарку, адказаў на пытанне:

— Лячу, — і, успомніўшы словы Клаўдзі, дадаў: — Адразу ад усіх хвароб...

— Гм... цікава. І даўно ў нас?

— Гадзін з адзінаццаці.

Шаройка падняў крысо ватоўкі, выцягнуў стары кішанёвы гадзіннік-цыбуліну, шчоўкнуў крышкай.

— Што-ж, пара абедаць. Зойдзем, можа, да мяне?

— Не, дзякую. Я меў намер заглянуць на вашу ферму, пацікавіцца, як вы выканалі рашэнне сельвыканкома.

— А-а, — многазначна працягнуў Шаройка. — Калі ласка. Дарэчы, мы стаім каля хаты загадчыка фермы. Хвіліначку, я паклічу...

Ён зайшоў у двор, хоць можна было паклікаць з вуліцы.

Ладынін усміхнуўся:

«Дзіцячая хітрасць... Дагаворацца ў адно слова хлусіць».

Яны не спяшаліся выходзіць. Ладыніну стала няёмка стаяць на вуліцы і чакаць, і ён, стрымліваючы абурэнне, пайшоў у напрамку фермы адзін.

«Трэба гэтага паважанага гаспадара запрасіць на адкрыты сход і так прапясочыць, каб зразумеў, што такое сапраўдная крытыка», — ён ведаў, што Шаройка заўсёды згаджаецца з любой крытыкай, але пасля ўсёадно робіць па-свойму.

Яго дагнаў адзін загадчык фермы, Карней Лескавец. (У Лядцах амаль палова вёскі — Лескаўцы.) Плячысты, ладны мужчына, з буйнымі, правільнымі, нават прыгожымі, але нейкімі застыглымі рысамі твару, з кучаравымі валасамі, якія выбіваліся з-пад шапкі і закрывалі шырокі лоб. Апрануты ён быў па-летняму: картуз, лёгкі плашч-дажджавік, вузкаваты ў плячах, расшпілены, пад ім — непадпяраваная гімнасцёрка.

— А дзе старшыня? — спытаў Ладынін.

— Там, — адказаў Карней, неазначальна махнуўшы рукой назад.

— Дзе там? Сюды ён збіраецца прыйсці?

— Не ведаю.

Гэтае «не ведаю» ўзарвала Ладыніна. Ён рэдка злаваўся, але тут не вытрываў. Так глянуў і так панізіў голас амаль да шэпту, што загадчык фермы адразу перамяніўся: застыглыя рысы твару ўмомант набылі жывую рухавасць.

— Ідзіце і скажыце, што я не маю намеру гуляць у ката і мыш... А вам раю ў другі раз не хлусіць... Чорт ведае, што такое!