Выбрать главу

Яны дагналі Ладыніна надзвычай хутка. Шаройка ажно расчырванеўся і задыхаўся. Цяпер з-пад пракураных вусоў яго лезла ўгору і збіралася каля вачэй у дробныя змаршчакі ліслівая ўсмешка.

— Прабачце, таварыш Ладынін, бабы затрымалі. Адной — тое, другой — другое. Хвіліны супакою няма. З цёмнага да цёмнага, як вавёрка ў коле, круцішся...

Ладынін у адказ спытаў:

— Вы ў машынах разбіраецеся, Шаройка?

— У машынах? — здзівіўся ён і насцярожыўся. — На заводах не працаваў, але ў сваіх машынах — у малатарні, у сеялцы, ды і ў камбайне троху, нават у трактары... Без гэтага цяпер нельга...

— Дык вось ёсць такі тэрмін: «халасты ход».

— А-а, — зразумеўшы, працягнуў Шаройка. — Ёсць, ёсць такі ход і ў людзей. Ёсць... Што-ж, старасць... Я даўно ўжо гаварыў. Адстаў, састарыўся, жыццё пераганяе. Новыя людзі выраслі...

У гэты момант яны праходзілі каля зямлянак. Як знарок, каб кідацца ў вочы, палова з усіх наяўных у вёсцы зямлянак, знаходзілася ў адным месцы, адна каля адной: чатыры з аднаго боку вуліцы, пятая насупраць іх, з другога, журботна глядзела на сябровак адзіным вокам-шкелцам, якое ледзь-ледзь узвышалася над зямлёю. А побач стаялі добрыя новыя хаты — ажно светла рабілася ад жоўтых смалістых бярвенняў, ад шырокіх вокнаў.

У Ладыніна кожны раз сціскалася сэрца, калі ён праходзіў каля гэтых зямлянак.

Не многа яшчэ разоў яму давялося быць у Лядцах за тры месяцы работы (хапала спраў па абсталяванню пункта, па наладжванню амбулаторнай работы і інш.), але і за гэты кароткі тэрмін ён ужо не аднойчы наведваў кожную з дванаццаці зямлянак, добра ведаў людзей, якія жылі ў іх. І цяпер, ідучы міма, не. стрымаўся:

— Скажыце, Шаройка, у вас спакойна на сэрцы, калі вы праходзіце вось тут?

— Балючае месца, таварыш Ладынін, правільна. Але ўсяго адразу...

— У першую чаргу павінна быць балюча за людзей, — сярдзіта перапыніў Ладынін. — А ў вас гэтага не відно. Дзе бярвенне, якое вы абяцалі на сельвыканкоме?..

— Дарога...

— Што дарога?

— Чакаем саннай дарогі...

— А калі яе не будзе яшчэ месяц-два?..

— Ну, што вы!.. Вось-вось ляжа...

— Дарога-дарога... Змаглі-ж вы за адзін дзень перавезці лес Лескаўца... Чаму не робіцца гэта для другіх?..

— Зробім...

— А вы ведаеце, як у нас называюць людзей, якія не выконваюць свае абяцанні?

— Чуў.

У хлявах на ферме былі ўсё тыя-ж непаладкі, аб якіх дзён дзесяць назад гаварылі на паседжанні сельвыканкома. Нават не была адрамантавана страха ў цялятніку, не былі заменены гнілыя страпілы, якія пад цяжарам снегу на страсе маглі абваліцца. Ладынін помніў, што іменна аб гэтай страсе з абурэннем гаварыў старшыня сельсовета. Цяпер, убачыўшы яе, Ладынін абурыўся сам:

— А гэта што, таксама дарога перашкодзіла?

— Гэта страха дзесяць год стаяць будзе і чорт яе не возьме! — Шаройка першы раз адказаў са злосцю.

Ладынін здзіўлена паглядзеў на яго. Але не паспеў нічога сказаць, як Клаўдзя, нібы з зямлі, неспадзявана апынулася перад імі.

— Я сёння абвалю яе, каб вочы не мазоліла. У цялятнік боязна зайсці. Таго і глядзі, што прыдушыць. Дагаспадарыліся, — яна з такой дзіўнай іроніяй праспявала апошняе слова, што Шаройка ажно збялеў. Ладынін усміхнуўся: «Малайчына! Вось яна якая!» — і, успомніўшы яе папрок, сказаў Шаройку:

— Слухайце, таварыш Шаройка, давайце склікаем сёння агульны сход. Пагутарым з людзьмі аб выбарах, ды і аб гаспадарчых справах слова скажам.

Старшыня калгаса згадзіўся з маўклівым, але прыкметным нездавальненнем.

15...

Сход скончыўся далёка за поўнач.

Аднак, не гледзячы на такі позні час, мужчыны не спяшаліся разыходзіцца: абкружылі стол і доўга гутарылі, засыпалі Ладыніна пытаннямі. У людзей абудзілася прагная цікавасць да ўсяго: да міжнароднай палітыкі, да выбараў, да Пастановы аб ліквідацыі парушэнняў Статута, да перспектыўнага плана калгаса «Волі», аб якім расказваў Ладынін.

Задаволены Ігнат Андрэевіч адказваў адразу ўсім. Ён таксама не спяшаўся пакідаць школы, дзе праходзіў сход, хоць балела галава, гудзела ад напружання, ад табачнага дыму.

У баку ад людзей стаяў Шаройка. Абпальваў вусны і пальцы аб недакурак, зацягваўся нервова, прагна. На скронях, на шыі сінімі шнурамі напяліся вены. Ускудлачыліся сівыя пасмы валасоў. Брыгадзір Бірыла аб нечым пытаўся ў яго — ён дрэнна чуў і разумеў.

Упершыню яму так дасталася. Не думаў ён, што яго, лепшага гаспадара, могуць так разнесці. І хто? Усе маўчуны загаварылі, якія ніколі раней і рота не разяўлялі. «Сіла», — з зайздрасцю думаў ён, гледзячы на Ладыніна.