Выбрать главу

Спачатку ішло ўсё, як мае быць. На сход збіраліся добрых тры гадзіны: прызначылі ў сем, а пачалі а палове адзінаццатай.

Шаройка сядзеў каля Ладыніна і, зноў набыўшы сваю незалежнасць, паважнасць, бясконца, але стрымана на гаварыў, умела выстаўляючы сваю гаспадарчую спрактыкаванасць. Скардзіўся на людзей:

— Вось, калі ласка, таварыш Ладынін. І так кожны раз. Колькі крыві папсуеш, покуль сход склічаш. Пасіўнасць, — і ў душы радаваўся, заўважаючы, што Ладынін нервуецца, злуе.

І сход пачаўся, як заўсёды. Доўга і туманна гаварыў аб працоўнай дысцыпліне сам Шаройка. Пасля выступілі штатныя прамоўцы: брыгадзір, рахункавод, загадчык фермы. Да іх далучыўся яшчэ адзін прамоўца — Максім Лескавец, які гаварыў добрых хвілін сорак, а канкрэтнага нічога не сказаў. А больш, як ні прасіў старшыня сходу, — ніхто ні слова. Тады зусім неяк непрыкметна кіраваць сходам узяўся сам Ладынін.

— Што-ж, таварышы, так больш ніхто нічога і не мае сказаць? А вось цікава, таварыш Шаройка, заатэхнік карову вам вярнуў?

Людзі хіснуліся, сціх гоман у задніх радах.

— Хоць гэта і не мае дачынення да дысцыпліны, але я скажу, — падняўся Шаройка.

Ладынін перапыніў яго:

— Не! Гэта мае непасрэднае дачыненне!

Шаройка адказаў, што заатэхнік згадзіўся заплаціць

за карову грашыма.

— Ведаем мы гэтую плату! Хай верне карову! Нам ферма трэба! — адгукнулася адразу некалькі жанчын. І пад гэты-ж шумок — з задніх радоў:

— А старшыня думае вярнуць калгасную карову?

Шаройка не пачуў гэтага — пачаў тлумачыць нешта зусім іншае. Ладынін зноў перапыніў і паўтарыў пытанне:

— Народ пытае, таварыш Шаройка, а калі вы вернеце карову?

Шаройка ўтаропіў на яго цяжкі позірк.

— Народ?

— Так, народ.

— Якую карову?

— А гэта вам лепш ведаць.

— Я не браў ніякай каровы.

— А лысая? — зноў гукнулі аднекуль з-за грубкі.

— Мне яе далі.

— Хто?

— Райзо.

— З калгаснага статка, які вярнуўся з усходу? У мяне і зараз яшчэ ногі не загаіліся, — злосна скавала Клаўдзя Хацкевіч, якая сядзела ў першым радзе.

Ладынін з ухвалаю кіўнуў ёй галавой.

З Клаўдзі і пачалося. Яна выступіла першая і гаварыла так, што калгаснікі не раз перапынялі яе апладысментамі, крыкамі.

Усё ўспомнілі, усё ўзважылі і падлічылі. Не прамінулі і апошняга — парсюка і гусей, якія Шаройка ўзяў на пачастунак Лескаўцу. Максім згараў ад сораму. Паспрабаваў выступіць — сустрэлі смехам.

Ён раззлаваўся, хацеў было перакрычаць смех і галёканне. Але Ладынін сурова бліснуў з-пад калматых брывей вачыма:

— Сядзь і маўчы!

Хто-ні-хто з ліку тых, у каго былі асабістыя рахункі з Шаройкам, нагаварыў лішняе, беспадстаўнае. У такіх выпадках Шаройка чырванеў так, што, здавалася, вось-вось з яго поўных шчок пырсне кроў, і неяк абыякава-расцягнута падтакваў:

— Та-ак, та-ак...

Выступіла Маша. Яна смела адмяла ад Шаройкі ўсе лішнія абвінавачванні, гаварыла нават аб яго станоўчых якасцях, здавалася, апраўдвала, але ў той-жа час прывяла мноства дадатковых фактаў парушэння Статута і зрабіла гэта, у супрацьлегласць папярэднім выступаючым, спакойна, разважліва, пераканаўча. Патрабавала, каб яшчэ раз былі правераны памеры сядзіб. Яе слухалі без адзінага выкрыку, без смеху, без пытанняў з месца. Яна ўроўнаважыла пачуцці людзей, у якіх балела душа за калгас.

Ладыніну не ўсё спадабалася ў яе выступленні, асабліва яе халаднаватая разважлівасць. Але ўвогуле ён высока ацаніў яе ўменне гаварыць так проста і пераканаўча (не ўсе гэтым валодаюць) і нават здзівіўся ўвазе, з якой барадачы слухалі яе, дзяўчыну.

Сам ён гаварыў мала, хвілін дзесяць, але затое прачытаў вельмі дакладную пастанову, якую пісаў, слухаючы выступленні. Не да густу была гэта канкрэтная пастанова Шаройку: моцна біла яна па яго ўласнай гаспадарцы, жорсткі рахунак прад'яўляў яму сход.

Ён не апраўдваўся. Толькі папрасіў, каб яго тут-жа вызвалілі ад абавязку старшыні.

— Не апраўдаў... Адстаю... Пастарэў... Што-ж, — разгублена развёў ён рукамі.

Ладынін крыху баяўся, што сход неадкладна задаволіць яго просьбу. Ён ведаў пра размову Макушэнкі з Лескаўцом, але аб згодзе Максіма нічога не ведаў. Выбары маглі-б прайсці стыхійна. А ў такіх выпадках нярэдка бываюць памылкі. Але яму не давялося стрымліваць сход...

— Не спяшайся! — сказаў стары з сярэдняй лаўкі Шаройку. — Хутка справаздачны будзе... Там і дамовімся канчаткова. А сёння позна. Пара спаць...

— А покуль што вярні ў калгас усё, што ў пастанове запісана, — весела выгукнула Клаўдзя.

— Вы начаваць будзеце, ці каня запрэгчы? — ветліва спытаў Шаройка ў Ладыніна, калі людзі, нарэшце, пачалі разыходзіцца і ў класе засталося толькі некалькі чалавек.