Выбрать главу

— За гэта табе павага і любоў...

— Ад каго?

— Ад народа.

— Ад народа!.. Гэта я без цябе ведаю... І ты мне маралі не чытай... На сябе спачатку паглядзі. Я табою шэсць год жыў... А ты?.. Як ты сустрэла мяне?.. Два тыдні на вочы не паказвалася. А з другім па хвойніку туляешся...

Маша аслупянела ад здзіўлення і нечаканасці, спынілася пасярод дарогі. Ён зрабіў два крокі, покуль заўважыў, што яна адстала, і таксама спыніўся, павярнуўся да яе.

Абраза, крыўда, роспач, здавалася, вырваліся з сэрца, прычынілі пякучы боль і гарачым, салёным камяком захраснула ў горле. Маша задыхнулася. Яна ступіла да яго, нібы хіснулася, працягнула руку і схапіла пальцамі за гузік шыняля.

— Ты-ы...

Хацелася крыкнуць у адказ такое-ж абразлівае, але камяк у горле яшчэ больш распухаў.

— Ты-ы...

Максім зразумеў, што са злосці нагаварыў лішняе.

— Чакай, Маша...

І раптам халоднай хваляй усё адхлынула назад, і яна зусім спакойна сказала:

— Я, калі чакала цябе, думала — ты такі... незвычайны... як-быў... разумны. А ты... ты проста... дурань... Эх ты! — і, адступаючы, незнарок рванула за гузік, ён лёгка адарваўся, лязгнуўся аб лядок дарогі.

Яна шпарка пайшла наперад.

— Маша!..

Яна пайшла яшчэ шпарчэй.

— Маша! Будзеш каяцца!

Яна пабегла.

Спынілася на ганку роднага дома. Прыціснулася ілбом да дзвярэй; настылы ад марозу востры прабой урэзаўся ў скронь. Яна не адчувала гэтага. Упершыню за шмат год выплакала ўсё, што накіпела на сэрцы.

16...

Тымчасам Ігнат Андрэевіч прышоў дамоў. Агеньчык сапраўды гарэў у яго пакоі. Ён ціха пашкрабаў у шыбу; пачакаў — маўчаць. Пастукаў гучней у адно акно, потым — у другое і зразумеў, што Ірыны Аркадзеўны няма дома. Яна звычайна ў любы час ночы адчыняла яшчэ да таго, як ён пастукае, — чула і пазнавала крокі. Давялося добра пагрукаць, покуль дабудзіўся Ліды.

— Ну, і зайздрошчу я твайму сну, Лідуша, — сказаў ласкава Ігнат Андрэевіч, зайшоўшы ў пакой.

Дачка засмяялася, хутаючыся ў халат, і па-дзіцячаму, кулачком, праціраючы заспаныя вочы.

— Дзе мама?

— А ты яе не бачыў? У Лядцах.

— Даўно?

— А першай гадзіне паехала... Яна абяцала знайсці цябе і добра прабраць... Гэта-ж проста немагчыма, тата!.. З раніцы да раніцы! У твае гады, з тваім здароўем.

— У мае гады з маім здароўем можна ўсё, Лідуша. Старыя — цягавітыя, — ён заціснуў у далоні яе галаву з ускудлачанымі валасамі, пацалаваў у лоб. — Ідзі ты спаць, покуль сон не прайшоў. Я сам знайду перакусіць...

Было пяць гадзін зімовай ночы.

А ў сем гадзін яго разбудзіў настойлівы, трывожны стук у шыбу. Па звычцы Ігнат Андрэевіч нават не спытаў, хто гэта. І толькі ўпусціўшы чалавека ў пакой, пачаў запальваць лямпу.. Высокі малады мужчына з энергічным тварам і разумнымі светлымі вачыма збянтэжана камечыў у руках шапку, чакаючы, покуль доктар звернецца да яго першы. Ладынін успомніў, што ўдзень сустракаў яго ў Лядцах, аднак спытаў:

— Здалёк?

Чалавек далікатна ўсміхнуўся, яўна падумаўшы:

«Разумею, доктар, ваша неспакойнае жыццё, але... што зробіш...».

— Ад Ірыны Аркадзеўны. Просіць вас...

— Што там у яе?

Мужчына паціснуў плячыма.

— Не магу сказаць... Прасіла захапіць усё неабходнае. Шукаў вас у Лядцах, думаў вы заначавалі...

— А што неабходнае? Што неабходнае? Не магла напісаць,—доктар, як і кожны чалавек, якога толькі што паднялі з цёплай пасцелі, меў не зусім добры настрой і таму бурчэў.

Узяўшы лямпу, накіраваўся ў амбулаторыю.

— Бачыце, я лічу, справа ў тым, што жонка мая перанесла ленінградскую блакаду, — сказаў чалавек, ідучы за ім па цёмным калідоры. — Сэрца.

— А-а! — у Ігната Андрэевіча ўраз знікла санлівасць, дрэнны настрой, галаўны боль. — З гэтага-б вы, друг мой, і пачыналі. На кані?

— Але! Як-жа інакш!

Ён сабраўся літаральна за тры хвіліны і па-маладому, ускочыўшы на воз, сказаў незнаёмцу:

— Ганіце хутчэй.

У таго спалохана ёкнула сэрца, і ён, едучы міма школы разбудзіў бестурботна спаўшага Мяцельскага грамавым «Но-о-о!..».

Роды былі цяжкія. За ўсю сваю дваццацігадовую акушэрскую работу Ірына Аркадзеўна не помніла другога такога выпадку і ні разу яшчэ так не хвалявалася. У першую чаргу яе ўразіла тое, што парадзіха не крычала. Пакусала да крыві вусны, пальцы рук, але не вымавіла ніводнага слова. Ірына Аркадзеўна спалохана прасіла: — Крычыце, родная мая, крычыце. Нельга маўчаць. Раіса глядзела на яе непрытомным позіркам і ківала галавой. У яе было слабае сэрца, але надзвычай моцная воля. Яна двойчы была паранена ў час блакады і ні разу не войкнула пад нажом хірурга і закрычаць цяпер лічыла ганьбай. У нейкі крытычны момант у яе пасінелі пазногці і пульс упаў да мінімума.