Сакавітаў стаяў, глядзеў на іх і моўчкі ўсміхаўся.
— Улічыце, што магутнасць такой станцыі адразу пакрые выдаткі на яе, — заўважыў ён.
Васіль прыкурыў новую папяроску ад свайго недакурка, зацягнуўся дымам.
— Не чакаў, не чакаў ад цябе, — прадаўжаў нездаволена Ладынін. — Сам ты гаварыў аб дапамозе суседзям, аб агульным росце. І раптам... Які ў табе індывідуаліст яшчэ сядзіць!
Васіль раптам усміхнуўся, шырока, прыветліва.
— Ніякага індывідуаліста няма, Ігнат Андрэевіч. Пойдзем, будзем глядзець. Але ведайце, у «Партызане» будуць супраць — я ўпэўнены.
— Нічога не робіцца само сабой, паважаны Васіль Мінавіч. Усё павінна быць падрыхтавана.
Яны пайшлі да Лядцаў і хадзілі там цэлы дзень. Падняліся кілометраў на дзесяць уверх па рацэ, на украінскую тэрыторыю, агледзелі берагі, затокі, пойму, прасякалі ў колькі месцах лёд — мералі глыбіню.
Ладынін здзіўляўся нястомнасці Сакавітава. Той, чым далей ішоў, тым больш жвавым і вясёлым рабіўся: лёгка прасякаў палонкі; насвістваючы вясёлыя мелодыі, скакаў па мёрзлых купінах, расказваў анекдоты.
Ладынін, улучыўшы момант, калі яны крыху адсталі, паказаў Васілю на інжынера:
— Вось каго прываражыць-бы нам. Гэты хутка збудаваўшы ўсё, што трэба.
— Мне здаецца, што ён ускладняе, — адказаў Васіль. — Я ўвесь час уяўляў, што ўсё гэта значна прасцей.
— Памылкова ўяўляў.
Доктар так натаміўся за гэты дзень, што ледзь дабрыў дадому, хоць чалавек ён быў не з ліку слабых і непрывычных да хадзьбы. Ён не верыў Сакавітаву, што той не стаміўся. Але інжынер даказаў гэта: увечары прышоў з Лядцаў у Дабрадзееўку, да Ладыніных, — пагуляць у шахматы.
Ёсць сем'і, якія валодаюць зайздроснай сілай прыцягваць да сябе людзей. З года ў год у доўгія зімовыя вечары збіраюцца ў іх суседзі, сябры, вядуць бясконцыя гутаркі на ўсе тэмы жыцця.
Кватэра Ладыніна заўсёды была такім своеасаблівым клубам, дзверы яе былі адчынены для ўсіх. Але натуральна, што збіралася галоўным чынам вясковая інтэлігенцыя.
Вечары пачыналіся заўсёды амаль аднолькава, канчаліся па-рознаму.
У пачатку Ігнат Андрэевіч і Мяцельскі садзіліся гуляць у шахматы. Дырэктар школы, спакойны чалавек, з постаццю асілка і тварам дзяўчыны — пяшчотным, чырвонашчокім, гуляў моўчкі. Ладынін, абдумваючы ход, не насвістваў, а неяк дзіўна выдыхаў матывы народных песень. У гэты час іншыя крыху сумавалі. Васіль звычайна чытаў. Байкоў і Ірына Аркадзеўна расказвалі адзін аднаму пра розных дзівакаватых, незвычайных людзей, з якімі ім давялося ў жыцці сустрэцца.
Ліда і жонка Мяцельскага — Ніна Аляксееўна, маленькая, ціхая жанчына, падобная на прыгожую ляльку, зачыняліся ў спальні і пад акампанемент гітары развучвалі новыя песні. Ад Ніны Аляксееўны часам цяжка было пачуць слова, усе пачуцці яна вельмі красамоўна выказвала сваімі чаруючымі ўсмешкамі. Але спявала яна цудоўна. У апошні час да іх стаў далучацца Максім Лескавец, які пачаў наведвацца да доктара ўсё часцей і часцей. Ладыніны звычайна запрашалі піць чай, і тады пачыналася самая вясёлая частка вечара: спрэчкі, вясёлыя расказы, жарты, часам — калектыўныя спевы.
Сакавітаў у першы-ж такі вечар заваяваў агульную ўвагу. У шахматы ён абыграў абодвух «дабрадзееўскіх чэмпіёнаў» — Ладыніна і Мяцельскага. Пасля цудоўна чытаў напамяць Маякоўскага.
Ліда, ведаючы, што ад Васіля і бацькі нялёгка будзе выведаць усяго, пачала распытваць у яго пра гідрастанцыю. Сяргей Паўлавіч з ахвотай расказаў, дзе лепей будаваць, якія патрэбны будуць сілы, як будзе планавацца і выкарыстоўвацца энергія кожным калгасам.
Ліда здзівілася, што ні бацька, ні Лазавенка не перашкаджаюць яму, а нават самі задаюць пытанні.
Сакавітаў захапіўся.
— Цераз год-паўтара вы не пазнаеце свае калгасы. Вы недастаткова ўяўляеце сілу электрычнасці. У горадзе ўся работа, якую яна выконвае, за выключэннем асвятлення і трамвая, захавана ад нашага вока. Тут-жа ўсё будзе на вачах.
І раптам яго спыніў уздых і сумны голас:
— «Мечты, мечты, где ваша сладость!»
Байкоў сядзеў каля грубкі, прытуліўшыся да яе спіной, доўга слухаў і нарэшце не вытрымаў.
— Голас вялікага скептыка Байкова! — без усмешкі пажартаваў Ладынін.
— Не скептыка, а рэаліста, — старшыня сельсовета пацёр кантужаную руку. — Вы, Ігнат Андрэевіч, не ведаеце гаспадарчага становішча калгасаў. Вы мераеце па «Волі»... Дык хай «Воля» і будуе... Спачатку трэба паставіць калгасы на ногі...
Супраць яго абурыліся Ліда і Мяцельскі.
— А па-вашаму электрастанцыя зваліць іх з ног?