Выбрать главу

Ладыніну падабалася такое тлумачэнне, ён і сам стаў зазіраць сюды, асабліва, калі народа збіралася пабольш (яму гэта было відаць з акна), ён браў свежыя газеты і неўпрыкметкі пераводзіў размову на іншыя тэмы. Без яго пра сур'ёзныя справы звычайна тут не гаварылі, а проста расказвалі незвычайныя здарэнні і розныя прыгоды, якія ўсе добра ведалі, аднак слухалі з цікавасцю, жартавалі з Соняй, бяскрыўдна кпілі адзін з аднаго, а галоўным чынам — з хлопцаў-халасцякоў.

— Дзядзька Міхей, раскажы, як паліцай Лупейка без штаноў уцякаў.

І адразу смех:

— Хо-хо-хо-о-о...

— Ну, што тут расказваць. Усе ведаюць.

— Ды раскажы...

Міхей Адамавіч, не спяшаючыся закурваў, хітравата ўсміхаўся і пачынаў:

— Расказ кароткі... Данеслі нам хлопцы, што ў немцаў на нашым маслазаводзе да ліха масла ды яек сабралася. Прышоў я да Макушэнкі. Дазволь, гавару. Пракоп Пракопавіч... Давай, кажа, толькі асцярожна, і, калі можна, захапі крыху яек і масла. Запрэглі мы па пары коней лепшых, расселіся на дзве фурманкі ў форме паліцаяў ды без супынкі ад лесу да Дабрадзееўкі гадзіны за дзве і прыскакалі. Ну, вядома, адразу ў школу, дзе паліцаі. Дваіх на месцы захапілі... А гэты, сабачы сын, Лупейка, відаць, па патрэбах за хлявом сядзеў. Пачуў стрэлы — і дай бог ногі, па гародах — на паплавы. Дабег да рэчкі, і тут ад страху яго кацялок пусты і зварыў, што, не скінуўшы штаноў, рэчку перайсці нельга.

— Хо-о-охо... Ха-ха-а-а, — раскаціста грымеў смех.

— Скінуў ён штаны... А нам падказалі людзі. Мы спачатку не ўбачылі яго... Хлопцы мае наўздагон з кулямёта чаргу. Кінуў ён штаны на гэтым беразе, а сам на той... Эх, як пайшоў ён, браткі мае, нібы воўк той загнаны. На любым рысаку не дагнаў-бы. Так на поўным ходзе і ўкаціў без штаноў у Каменку... Там гарнізон нямецкі стаяў... А дзень быў святочны, цёплы. Справа ў жніўні была. На вуліцы поўна жанчын, дзяўчат. Вы спытайце ў бабкі Грачыхі з Каменкі, як яна спалохалася, убачыўшы яго. Хрысціцца пачала: свят, свят...

Брат крамшчыцы Грышка Лазавенка ад смеху скаціўся за прылавак Соня пачаставала яго лінейкай, дапоўніўшы прычыну для смеху.

— Грышкава каманда брала потым гэтыя штаны ў палон, — засмяялася Соня.

Семнаццацігадовы Грышка, які лічыў сябе ўжо зусім дарослым чалавекам, ледзь не кінуўся на сястру з кулакамі.

— Чакай, Міхей! Канец гэтай аперацыі дакажа дзядзька Сямён. Сямён Лявонавіч, давай, брат, наперад.

Сямён — кульгавы, глухаваты чалавек год пяцідзесяці. У моладасці ён гадоў дваццаць пасвіў статак, а ў калгасе быў пастаянным конюхам. Чалавек ён — маўклівы, стрыманы, і гаварыў больш з коньмі, чым з людзьмі. Пачуўшы, што ад яго патрабуюць, ён збянтэжана адступіў да дзвярэй.

— Ну што ось гэта вы, хлопцы? — распяваючы кожнае слова, працягнуў ён. — Найшлі ось з чаго смяяцца.

— Давай, давай, Сямён...

Ён махнуў рукой і вышаў з крамы.

Тады расказваць пачала Соня, стрымліваючы смех.

— Гэта-ж яго паліцаі сілком прымусілі працаваць на маслабойцы. Дроў падвезці, напілаваць, накалоць. Ці там адвезці што. Ну, партызаны і засталі яго ў час налёту там. Спатрэбілася ім на штось вяроўка, адзін з іх і загадаў: «Дзед, давай вяроўку! Ды хутчэй, сімулянт кульгавы... Бач, раз'еўся на людскім масле»... Хлопец быў чужы, не ведаў... Сямён наш і пакульгаў. Дахаты яму ісці далёка, а на вуліцы поўна баб. Ён — да іх... «Бабачкі, дайце вяроўку хутчэй», — а ў самога губы дрыжаць, і твар, як палатно... «Нашто табе вяроўка?» — пытаемся мы, я таксама стаяла там. «Вешаць будуць мяне...» Тут яго Акуліна пачула, ды ўголас. А за ёю і ўсе мы... «За што, дзядзька Сямён? Што ты зрабіў? Мы ўсе пойдзем Міхея за цябе прасіць»... А ён як мацюкнецца, век ад яго такога не чулі, як закрычыць... «Цыц, чортавы бабы! За тое, што я, ось, сукін сын, на фашыстаў раблю... Ось за што!»

— І прынёс, браткі, ён мне вяроўку, — дапоўніў Міхей. — Мы ўжо ад'язджалі, каля саду дагнаў. «На, гаворыць, вешай, Міхей». «Што?» — пытаюся. «Мяне». Узлаваўся я. Што ён, думаю, за бандытаў нас лічыць, ці звар'яцеў стары?.. Пайшоў, крычу, к чорту, а то перавешу па спіне пугаўём, не пагляджу і на старасць...

— Але пасля як ні прымушалі яго зноў ісці на маслабойню... білі паліцаі і ў камендатуру цягалі — не пайшоў. Нават на рамонт дарогі ні разу за ўсю акупацыю не вышаў, хоць і даставалася яму за гэта...

Часцей за ўсё апавядальнікам выступаў сам старшыня сельпо Гольдзін. Гэты маленькі вяртлявы чалавек, з пратэзам вока, нейкім цудам упраўляўся пабыць усюды. Хай на працягу адной гадзіны ў вёсцы будзе пяць здарэнняў, але пасля акажацца, што ён усюды быў сведкай. Ды не толькі ў вёсцы, але і ва ўсім раёне не было таго здарэння, пра якое-б ён не ведаў.