Васіль адчуў, як моцна застукала сэрца, гарачай хваляй хлынула да твара кроў. Словы Ігната Андрэевіча спалохалі яго. Увесь час яго толькі хвалілі, ставілі ў прыклад. І раптам такі папрок ад чалавека, якога ён вельмі любіў і паважаў, якому нельга не верыць.
Ладынін пачакаў пярэчанняў з боку Васіля і, не дачакаўшыся, зразумеў, што ўразіў яго надзвычай моцна.
— Ты прабач... я проста папярэджваю. Чалавек ты з розумам цвярозым, самакрытычным і ўсё зразумееш. Прасачы за сабой... Усе прызнаюць, што твая сіла ў шчыльнай сувязі з калектывам. Але я пачынаю баяцца, што гэтая сувязь у цябе можа стаць аднабокай. Ты калектыву звычайна стараешся паднесці ўсё ў гатовым выглядзе... У гэтым таксама ёсць небяспека... Падумай...
Васіль задумаўся. Не, і зараз ён не мог не паверыць гэтаму спрактыкаванаму чалавеку, старому большэвіку! Без падстаў ён не мог так гаварыць. Аднак прыняць усё, што ён сказаў, было цяжка. Васіль адчуваў, што яму давядзецца нямала падумаць, каб разабрацца ва ўсім гэтым...
— Я чаму пра гэта?.. Вось гаворым аб агітацыі за электрастанцыю, аб перадвыбарчай... Наогул аб агітацыі. І ты разумееш, што мы з табой абавязаны быць першымі агітатарамі. Мы павінны ўмець агітаваць не толькі на сходах, але ўсюды — у краме, на дварэ, у хаце... А калі ад нас будуць разбягацца людзі... што атрымаецца?
Ладынін хвіліну памаўчаў, потым прапанаваў:
— Ведаеш што? Вазьмі на сябе кіраўніцтва агітацыйнай групай у Дабрадзееўцы?
— Я? А Мяцельскі?
— Мяцельскага, яго жонку і Ліду я перакінуў у Лядцы. Там, брат, непачаты край.
— Цяжка мне будзе, Ігнат Андрэевіч!
— Нялёгка. Але затое карысна і для справы і для цябе. Будзеш і ты шукаць людзей, а то ты палюбіў, каб толькі цябе шукалі.
19...
Васіль ведаў: карысці калгасу будзе нямнога, калі агранамію будзе вывучаць адзін ён. Каб падняць гаспадарку, павысіць ураджайнасць, трэба ўзброіць ведамі для пачатку хаця-б сваіх бліжэйшых памочнікаў: брыгадзіраў, звеннявых, загадчыка фермы, членаў праўлення. Таму, як толькі закончыліся палявыя работы, ён узяўся за арганізацыю такой вучобы. Сваю школу ён назваў сціпла: агранамічны гурток. Але сваіх памочнікаў ён абавязаў рэгулярна наведваць заняткі гэтага гуртка. Спачатку гэта выклікала маўклівае супраціўленне з боку асобных актывістаў. Нехта нават тайком паскардзіўся ў раён, абвінаваціўшы старшыню ў насаджэнні ваеннай дысцыпліны. Васіль адмахнуўся ад пустых размоў і настойліва дамагаўся аднаго: прышчапіць людзям любоў і цікавасць да вучобы. Дапамагла яму ў гэтым раённая газета. Рэдактар яе Прыпецень пабыў на адных занятках і распісаў добры пачын дабрадзееўцаў на цэлую паласу сваёй газеты. Потым прышоў на дапамогу Ладынін. Ігнат Андрэевіч параіў пашырыць праграму і сам пачаў чытаць слухачам лекцыі па статуту сельскагаспадарчай арцелі, па міжнароднай палітыцы і аб вопыце перадавікоў калгаснай гаспадаркі. Сціплы гурток ператварыўся ў сапраўдную агранамічную школу. Слава аб ім прайшла па раёну. Старшыня калгаса «Перамога», з суседняга сельсовета, Дзяргай, сам часта прыязджаў на заняткі і рашэннем праўлення абавязаў двух сваіх брыгадзіраў рэгулярна наведваць іх. З «Зоркі» прыходзілі дзве сястры Дудко, Ліза і Вера, хоць старшыня іх, Піліп Раднік, адносіўся да вучобы скептычна. З «Партызана» заняткі наведвалі чатыры дзяўчыны на чале з Машай Кацуба. Людзей набралася больш, чым Васіль спачатку меркаваў, А добрага спецыяліста-агранома не было. Покуль што ён спраўляўся сам. Але ўсё часцей і часцей слухачы пачалі задаваць такія пытанні, на якія яму, не звярнуўшыся да літаратуры, адказаць было цяжка. Спроба дамовіцца з участковым аграномам нічога не дала. Аграном быў стары практык, але чалавек без аўтарытэта, у калгасах яго не любілі за яго паводзіны ў часе акупацыі. Таму, як толькі Васіль даведаўся, што да іх назначаецца новы ўчастковы аграном, адразу-ж паехаў у раён і сустрэўся з ім.
Павел Паўлавіч Шышкоў — амаль аднагодак Лазавенкі. На вайну ён пайшоў з другога курса сельскагаспадарчага інстытута. Страціўшы на вайне левую руку, ён вярнуўся назад у інстытут і скончыў яго.
Яны спадабаліся адзін аднаму з першага знаёмства, і Васілю без асаблівай цяжкасці ўдалося сагітаваць Шышкова пасяліцца ў яго калгасе. Кватэры яму ён не стаў шукаць, а пасяліў у сваім доме ў той-жа бакоўцы, дзе стаяў і яго ложак.