Васіль узлаваўся. Яго проста абуралі размовы аб тым, што клуб не па калгасу вялікі і дарагі, што на першы выпадак хапіла-б якой-небудзь звычайнай прасторнай хаты.
— Праз якія два-тры гады ён малы будзе, не толькі што... І самі вы будзеце прасіць будаваць большы, бо сорамна перад суседзямі стане. Будзем будаваць!
Члены праўлення ўжо добра ведалі свайго старшыню, яго настойлівасць, і супраціўленне іх было пасіўнае. Але іменна гэтая пасіўнасць і абурала Васіля. Няхай-бы лепш яны спрачаліся, даказвалі, як гэта яны часта рабілі, калі размова ішла пра гаспадарчыя пабудовы.
Недалёка ад клуба, насупраць урачэбнага пункта, хутка вырастала новая будыніна. Старшыня сельпо Гольдзін нарэшце выканаў сваё абяцанне пайшчыкам: прывёз гатовы зруб пад сельмаг. На пабудове яго працавала сталая брыгада цесляроў райспажыўсаюза.
Васіль з зайздрасцю паглядаў на гэтую ладную — шэсць чалавек! — групу добрых майстроў. Эх, яму-б зараз такую брыгаду! У яго ўжо не раз мільгала «крамольная» думка — сагітаваць Гольдзіна і брыгадзіра адарвацца дзён на пяць ад сельмага і папрацаваць у калгасе — падагнаць канцы. Ён ведаў: у раёне за гэта не пагладзяць па галаве ні яго, ні Гольдзіна. Ну, і няхай! Але затое, як было-б добра да дня выбараў скончыць усе тры хаты, у якіх яшчэ да маразоў зрабілі печы, і ўсяліць людзей.
Каля сельмага Васіль штораніцы сустракаў Гольдзіна. Той мітусіўся сярод рабочых, спрабаваў што-колечы дапамагчы ім, але, відаць, больш перашкаджаў. Убачыўшы Васіля, ён здалёк шумна вітаўся і ішоў насустрач з нязменным пытаннем-воклічам:
— Будуем, Васіль Мінавіч?
— Хто будуе, а хто глядзіць, — хмура адказваў Васіль, у якога, калі ён глядзеў на няскончаны зруб клуба, заўсёды псаваўся настрой.
Гольдзін разумеў пачуцці старшыні калгаса і няшчыра ўздыхнуў, хоць душа яго ў гэты момант спявала. Каб ён не так баяўся Васіля, ён пэўна сказаў-бы: «А ці даўно быў той час, Васіль Мінавіч, калі ты штодзень смяяўся над маімі тэмпамі?» Але ён вельмі паважаў гэтага надзвычай сур'ёзнага маладога чалавека (Васіль быў год на пятнаццаць маладзейшы за Гольдзіна). І яму ўвесь час хацелася рабіць старшыні калгаса толькі прыемнае.
Аднойчы, калі Васіль ад магазіна рушыў на калгасны двор, дзе будаваўся прыёмнік-цялятнік, Гольдзін дагнаў яго:
— Слухай, Васіль, што я табе скажу? Скончым магазін — перакінем брыгаду на клуб. Толькі, каб гэта было шыта-крыта. Не дай божа даведаецца мой начальнік!..
Васіль не стрымаў усмешкі.
— А калі гэта будзе? Праз год?
— Даю адсекчы галаву — праз месяц.
Многа спраў у старшыні калгаса. А зімні дзень кароткі.
Будоўлі трэба наведаць з самай раніцы яшчэ і таму, што цесляры маюць прывычку выходзіць на работу са спазненнем. А прыдзеш туды, у хату ці ў цялятнік, дзе прыемна пахне смольнай стружкай, на збудаваным пасярод цагляным падмурку гарыць агонь, і з'яўляецца звычайнае чалавечае жаданне: пасядзець, пакурыць, пагутарыць. Але дома ўжо чакаюць брыгадзіры — трэба даваць нарад. Добра, што канцылярыя ў яго доме: маці не выпусціць, покуль не паснедаеш.
А там — пабыць у кузні, у свірне, дзе сартыруюць насенне, праверыць, як брыгадзіры падрыхтавалі брыгаду ў лес, наведацца ў поле, паглядзець, як выконваюцца ўказанні агранома аб пабудове снегазатрымальных загарожаў.
У полі — холадна. Вецер усходні, калючы. Пазёмка. Рухаецца ўся снежная роўнядзь, цячэ, нібы ўспененая рака. Але шум, які ўтвараецца гэтай няспыннай плынню сухога снегу, своеасаблівы: ледзь чутны, музычны.
Васіль звярнуў з бальшака і пайшоў наўпрасцяк. Снег быў неглыбокі, няроўны, ляжаў грабеністымі дзюнамі. Сляды хутка запаўняліся снежным пылам.
«Мала снегу, мала», — думаў Васіль.
Ён падышоў да маладога бярэзніку. Тут снегу значна больш. У глыбіні ляску зусім зацішна. Толькі звіняць наскрозь прамерзлыя, застыглыя галінкі бяроз.
Ісці было цяжкавата, горача. Але якраз у гэтым і была асалода такой прагулкі. Лёгка ўзнікалі нечаканыя, добрыя думкі, трапныя гаспадарчыя рашэнні. А часам з'яўлялася жаданне заспяваць, але не вядомую песню, а сваю, якая расказвала адразу аб усім: аб бязмежжы снягоў, аб гэтых беленькіх маладых бярозках, аб слядах, якія раптоўна трапіліся на вочы, аб сваім настроі, можа, нават аб сваім каханні...
Добра і памарыць аднаму ў полі. Аб будучым. Аб сваім і будучым калгаса, аб будучым усёй краіны. Такія мары немагчыма адарваць адна ад адной.
Ён цвёрда ўпэўнены: недалёка той час, калі комунізм стане явай. Васіль не раз задумваўся над тым, як гэта будзе праходзіць у іх калгасе.
«У наступным годзе — на першы план ураджай. Чаго-б гэта ні каштавала, а давесці да даваеннага — дванаццаць цэнтнераў укругавую. Потым з года ў год павышаць, каб да канца пяцігодкі — па дваццаць... Адначасова заняцца трэба фермамі».