— Лазавенка — звенні? — у Байкова ад здзіўлення акругліліся вочы.
— Ага. не ведаеш! — радасна выгукнуў Бялоў і адарваўся ад грубкі. — Вось ён, твой стыль работы. З Раднікам штодзень у схованкі гуляеш, а ў «Волю» — заглянуць баішся. Слова Лазавенку не можаш сказаць. Мне, брат, даўно гаварылі, што ты іх баішся, як агню, Лазавенку і гэтага доктара вашага медыцынскіх навук. Саромся! Стары работнік.
У апошнім яго папроку была доля праўды, Байкоў гэта адчуваў. Сапраўды, ён амаль ніколі не заглядваў да Лазавенкі, не правяраў яго работы, не дапамагаў парадамі, як рабіў гэта ў адносінах да другіх старшынь. І не таму, што калгас быў перадавы не толькі ў сельсавеце, але і ў раёне. Хутчэй таму, што адчуваў: Лазавенка перарос яго, Лазавенка ўмее кіраваць гаспадаркай так, як ён, Байкоў, не сумеў-бы, хоць і працаваў да вайны доўгі час старшынёй калгаса. Сапраўды, ён нібы баіцца, яго часам палохае размах Лазавенкі. А раптам што-небудзь у яго атрымаецца не так? У каго тады спытаюць? У яго, у старшыні сельсовета, у першую чаргу. Дык лепей няхай яны самі, без яго.
Байкоў уміг падумаў пра ўсё гэта, і, як-бы жадаючы паказаць, што нялёгка яму працаваць з такімі людзьмі, уздыхнуў:
— Вучоныя...
Старшыня райвыканкома, крута павярнуўшы размову, зноў-жа накінуўся на яго:
— Вучоныя!.. Вучоныя таму, што вучацца. А мы з табой разложым газеты і дрэмлем над імі. А ў кнігу заглянуць — нас за вушы не прыцягнеш. Вось падгонім лесанарыхтоўкі, сам праверу, як старшыні сельсоветаў вучацца.
Ён падышоў да акна, пастукаў пальцам у раму і раптам зусім нечакана спытаў:
— А што, бачыў, якога жарабка мне Сільчанка падарыў?
— Падарыў? — усумніўся Байкоў і задаволены тым, што Бялову нарэшце надакучыла «чытаць мараль», паспешліва падышоў і стаў поплеч, любуючыся жарабком.
— За дванаццаць тысяч, каб яму добра ікнулася. Стары друг, а ні капейкі не ўступіў.
— Добры конь, — пахваліў Байкоў.
— Што — добры? Ды ты такога каня яшчэ не бачыў. Ты выйдзі — паглядзі. Ідзем, ідзем!
Яны вышлі ў суседні пакой, дзе Косця Раднік размалёўваў насценную газету і, не адрываючыся ад работы, расказваў сакратару сельсовета Галі Бандарчук, што такое каханне, у яго, Косцевым, разуменні. Галя размову такую разумела па-свойму і прыкметна чырванела. Гэтая яе чырвань не схавалася ад дапытлівага вока Бялова.
— Што, у любоў гуляеце, покуль начальства справамі займаецца?
Галя ўспыхнула ружай. Косця, каб схаваць сваю збянтэжанасць, сам перайшоў у атаку.
— Таварыш старшыня райвыканкома, даўно хацеў да вас звярнуцца. Чаму Байкоў не дае грошай на папаўненне бібліятэкі? У мінулым годзе не выкарысталі па бюджэту і ў гэтым...
Байкоў кінуў на свайго падначаленага знішчальны позірк.
«Яшчэ і ты, каб на цябе ліха! Без цябе мала турбот!»
— Чаму не даеш? — спытаў Бялоў.
Старшыня сельсовета збянтэжана развёў рукамі.
— Заўтра-ж дай грошы — і ніякіх размоў. Зразумеў? А што ў цябе дзяжурных ніколі няма? Давай пашлі каго-небудзь за Лазавенкам і Ладыніным.
На двары ён доўга хваліў жарабка, распісваючы яго якасці, пяшчотна гладзіў яго, стукаў па крыжы, прымушаў Байкова паглядзець на яго з усіх бакоў.
Потым гэтак-жа нечакана, як аб кані, ён спытаў:
— Скажы, Апанас Моўчан дома?
— А дзе яму быць у такі час!
— Ідзем — яблыкамі пачастуе. Стары гэта — той. Дастане такіх, нібы толькі з яблыні. У яго ёсць асаблівы сакрэт іх захавання. Да вайны, помню, у красавіку частаваў свежымі яблыкамі. І нават у першы год пасля вызвалення, калі ў нас з табой было па кукішу ў кішэні, у яго — калі ласка, яблычкі і мядок. Сёння ўспомніў і — разумееш? — усю дарогу адчуваў пах свежых яблык. Ажно ў ноздрах казытала...
Для Байкова гэта было навіной, ён ніколі не цікавіўся, у каго што ёсць, і пах яблык і мёду яму ніколі не казытаў ноздры. А гэтага старога Маўчана ён, чалавек просты з адкрытай душой, не любіў за хітрасць.
Ішлі цераз сад.
Церушыў рэдкі сняжок. Пушыстыя сняжынкі павольна, нібы танулі, спускаліся на зямлю, на дахі, на заінеўшыя дрэвы. Паветра, здавалася, заледзянела. Ад кожнага, нават далёкага, гуку яно звінела, нібы метал, па якому ўдарылі. А гукаў было многа. У вёсцы, наперабой, стукалі сякеры, шоргала прадоўжная піла. За садам чуліся дзіцячыя галасы, смех. Паміж дрэў было відаць, як там, над сажалкай, бераг якой, што ад поля, быў высокі, абрывісты — у паветра ўзляталі постаці хлопцаў. Бялоў убачыў і здзіўлена спыніўся.
— Што за чартаўшчына?
— Гэта настаўніца, дачка Ладыніна, лыжны трамплін зрабіла і навучае школьнікаў...