Выбрать главу

— Хм, проста цікава паглядзець і на трамплін і на настаўніцу. Мне расказвалі пра яе. Што за яна такая? Назад будзем ісці — абавязкова зойдзем.

А праз момант ён ужо гаварыў аб другім, захапіўшыся выглядам саду.

— Вучыся гаспадарыць, Байкоў, — паказаў ён на абмазаныя і абвязаныя маладыя дрэўцы.

Цесляры на рыштаваннях клуба яшчэ больш узрадавалі яго.

— Усё-такі будуе! Ах, малайчына! За адно будаўніцтва дарую яму ўсё, хоць насаліў ён мне і нямала. Мне-б такога загадчыка аддзела калгаснага будаўніцтва. А то ў мяне нейкі цюхай-махай. Ты чым дапамагаеш яму будаваць клуб?

Байкоў паціснуў плячыма.

— Усім, Нікалай Лявонавіч, арганізаваць, напрыклад...

— Арганізаваць!.. Арганізаваць ён і без цябе ўмее. Ты яму грашыма дапамажы. Давай уключы ў бюджэт тысяч трыццаць на хату-чытальню.

— Ды вы-ж сказалі.

— Што я сказаў?.. Забудзь тое, што я некалі сказаў. Сорам нам будзе на ўсю рэспубліку, калі мы не дапаможам такой справе. Зразумеў? Вось так і дзейнічай!

Яны падышлі да клуба.

— Здарова, арлы!

— Добрага здаровечка, Нікалай Лявонавіч!

Старшыню райвыканкома ведаў кожны чалавек у раёне, стары і малы: ён яшчэ да вайны гады чатыры працаваў тут. Яго любілі. Любілі за весялосць, за прастату, за гаспадарлівае вока. З кожным ён мог пагаварыць на любую тэму, да ўсіх ставіўся аднолькава проста — заглядваў на вяселлі і радзіны. Ён і палаяць мог неяк асабліва, моцна, прачула, але без абразы, і пахваліць — умела, проста і шчыра.

У адзін міг, не гледзячы на свае дзевяноста кілаграмаў, ён узлез на рыштаванні, паціснуў цеслярам рукі. Пагаварыў з імі аб іх справе, аб зімовых прыкметах, па якіх людзі прадказваюць ураджай. Гэта яго была любімая тэма з самага пачатку зімы. Яго радавала, што ў кожнай вёсцы раёна амаль усе старыя мудрацы зычылі добры ўраджай. Такіх ён слухаў з прыемнасцю. Калі-ж сярод іх трапляўся скептык, ён яго тут-жа перапыняў:

— Дажыў ты, бацька, да сівай барады, а жывеш нейкімі дзікімі забабонамі. Глупства ўсё гэтыя твае прыкметы! У навуку трэба верыць... Папрасі ўнука, каб ён табе Вільямса ці Лысенку пачытаў. Адразу на вярсту паразумнееш.

Ад клуба ён перайшоў да сельмага, адтуль — у бліжэйшы з дамоў, дзе стукалі сякеры. У доме, які быў мала што няскончаны, горача палілася часовая печ, зробленая з жалезнай бочкі; трубы былі выведзены ў акно. Цесляры насцілалі падлогу, пячнік клаў печ. Прыемна пахла сухой сасной і сырой глінай. Каля печніка завіхалася радасна ўсхваляваная гаспадыня, Хадора Дабрадзей. Яна прыкметна разгубілася, калі зайшоў Бялоў, і не ведала, куды падзець запэцканыя ў гліну рукі.

— Калі ўсяляешся, гаспадыня? — спытаў Бялоў.

— Думка — да выбараў, Нікалай Лявонавіч.

— Разумная думка. На наваселле, канешне, з радасці забудзеш паклікаць?

— Што вы, Нікалай Лявонавіч! Каго-каго, а вас — у першую чаргу.

— Чаму мяне? Старая, а падхалімнічаеш. Нябось, раней за ўсіх — Лазавенку.

— Яго, як сына, а вас, як бацьку.

— Хітрая. Недарэмна табе такую хароміну адгрохалі.

З хаты Бялоў накіраваўся на калгасны двор.

Ён даўно забыў і на свайго жарабка і на яблыкі. Цяпер яго больш за ўсё цікавілі саманныя кароўнікі, канюшні, жалабкі для вады ад новай студні ў канюшню.

— Малайчына! Няма да чаго прычапіцца. Але за звенні ўсёадно не дарую. Шкада. Добры гаспадар, а з заскокамі.

Каля свірна яны сустрэлі Васіля.

— Ага, на лаўца і звер бяжыць.

Байкоў напомніў, што іх чакае Ладынін, і яны ўсе разам вярнуліся ў сельсовет.

Бялоў сеў за стол, на старшынскае месца, моцна абапёрся рукамі.

— Што-ж гэта вы, чалавека ў Мінск паслалі, а я не ведаю?..

— Я дамаўляўся з вамі, Нікалай Лявонавіч. У Макушэнкі ў кабінеце, — адказаў Васіль.

— Я ведаю... Але чалавека я павінен быў паглядзець, ці не? А то ваш Сакавіты там шуму нарабіў, а я не ведаю, што за ён, нават прозвішча забыў. Вы дзе іх адкапваеце такіх?

— А якога шуму?

— Учора, да намесніка старшыні Совета Міністраў дайшоў, той званіў мне ў яго прысутнасці.

— Ну, і што? — зацікавіўся Васіль.

— А нічога. Будзем будаваць гідрастанцыю. Справа сур'ёзная, гонар для ўсяго раёна, але на асаблівую матэрыяльную дапамогу не спадзявайцеся. Поўная вам дэмакратыя і незалежнасць. З суседзямі дамаўляйцеся самі. Толькі не рабіце заскокаў, не перагінайце, — ён падняўся і раптам у адзін момант ператварыўся ў суровага начальніка, нават голас яго стаў іншы: — Што вы тут накуралесілі са звеннямі? Палітыкі дамарошчаныя!

Ладынін і Лазавенка пераглянуліся; доктар схаваў у вусны ўсмешку, Васіль зрабіў выгляд, што нічога не разумее.