— А што такое, Нікалай Лявонавіч?
— Ты мне прастаком не прыкідвайся. Са звяном Рэгінай?
— А-а... Нічога асаблівага... Сямейная размова...
Бялоў стаў каля дзвярэй, загарадзіўшы іх сваёй магутнай постаццю. У Васіля заіскрыўся ў вачах смех.
— Сямейная! Глядзіце... Я палохаць не люблю. Аднак скажу шчыра: за такую размову па галаве не пагладзім. Так і ведайце.
— Вы спачатку, таварыш Бялоў, разбярыцеся, у чым справа, — спакойна заўважыў Ладынін.
— Я разабраўся. Дзяўчына прышла да мяне са слязамі.
— Не ўсякім слязам трэба верыць, — уставіў Васіль...
— Вось-вось... Настрой ваш адразу вылазіць вонкі. Сапраўды трэба разабрацца, ад каго гэта выходзяць такія старыя навінкі. Антызвеннявыя настроі мне граміць не ўпершыню. Але ў вас ён самы небяспечны. У перадавым калгасе, які мы ставілі ў прыклад па арганізацыі звеннявой работы, і раптам — старшыня адхіляе ад работы лепшую звеннявую. Ты разумееш, што ты робіш? — звярнуўся ён да Васіля. — На цябе глядзіць увесь раён. А ты...
—А я буду ламаць і крышыць усё, што мне перашкаджае падымаць усю гаспадарку. Я не намераны маліцца на лепшых звеннявых і на звенні, як вы робіце ў адносінах да Міхальчук, — як ён ні намагаўся, але яму не ўдалося захаваць спакой; ён узлаваўся. — Яе звяно вылезла з рамак брыгады і, мабыць, вылезе з калгаса, ператворыцца ў самастойную арганізацыю. Звяно дае рэкордны ўраджай, а ў калгасе сярэдні ўраджай — сем цэнтнераў з гектара. Мне такія звенні непатрэбны!
Бялоў выслухаў яго да канца, стоячы каля дзвярэй. Адказ Васіля выклікаў у яго супярэчлівыя пачуцці: абурэнне кіраўніка і адначасова нейкае своеасаблівае захапленне смеласцю і рашучасцю старшыні калгаса. Відаць, перамагло апошняе пачуццё, бо ён падумаў: «Ах, чорт адчаянцы! Недарэмна ты столькі ордэнаў нахапаў...» — і, вярнуўшыся да стала, лагодна сказаў:
— Добра. Я разбяруся.
23...
Зіма нібы злавала на сваё спазненне.
Разгуляліся завірухі, ганялі хмары снегу па полі, па гародах, намяталі такія сумёты на вуліцах, у дварах, што раніцой было цяжка адчыніць дзверы і каліткі.
«У такія дні толькі на печы ляжаць», — гаварылі старыя, і хто-ні-хто намагаўся здзейсніць гэтую прымаўку. Але Лазавенка і Ладынін нікому не давалі адлежвацца. Працы хапала на ўсіх і ў гэтыя непагодлівыя зімовыя дні.
Набліжаліся выбары. Ужо быў вылучан кандыдат у дэпутаты — сакратар райкома Пракоп Пракопавіч Макушэнка. Кандыдатуру былога партызанскага камісара, партыйнага кіраўніка аднадушна падтрымалі ўсе працоўныя раёна.
Два разы ў тыдзень Мяцельскі, яго жонка і Ліда павінны былі ісці ў Лядцы, на свае агітацыйныя ўчасткі. Ладынін не хацеў прызнаваць ніякія прычыны ўважлівымі, з-за якіх-бы зрываліся чарговыя гутаркі.
Часам Мяцельскі прасіў:
— Ігнат Андрэевіч, нос высунуць нельга. Куды ў такое надвор'е?
— На вайне, як на вайне, дарагі Рыгор Усцінавіч, — адказваў доктар словамі самога Мяцельскага. — У нас з вамі — пярэдні край.
Ліда ішла ў Лядцы з вялікім задавальненнем. Яна любіла сваю работу агітатара не менш, чым і работу ў школе. А невялічкая прагулка ад Дабрадзееўкі да Лядцаў і назад была для яе вялікай прыемнасцю. Яна прывучыла Мяцельскіх хадзіць на лыжах і вяла іх звычайна кружной дарогай, цераз паплавы, бярэзнік і поле.
Мяцельскі ішоў і бурчэў:
— Вы нас замучыце, Лідзія Ігнатаўна. Вы мне канчаткова сапсавалі жонку. Прывучылі да канькоў, да лыж. Гэта — жанчыну, якая да трыццаці год ні разу не станавілася на канькі і якая праз пяць...
— Грыша! — не давала яму скончыць Ніна Аляксееўна і радасна смяялася. Муж глядзеў на яе, расчырванелую, прыгожую, і таксама радаваўся. А Ліда ў душы зайздросціла іх шчасцю.
«Слаўныя якія яны...»
— Ніначка, які ён у цябе буркала. Вечна бурчыць. Я з такім мужам і дня не пражыла-б. Загадай яму змоўкнуць, а то наглытаецца ветру і схопіць запаленне лёгкіх. — Яна вырывалася наперад і так ляцела, што вецер свістаў у вушах, а Мяцельскія заставаліся далёка ззаду. Каля вёскі яна іх чакала і на адным і тым-жа месцы выслухоўвала просьбы Ніны Аляксееўны.
— Ліда, мілая, давай сёння сабяром усіх у адну хату, з твайго і майго ўчастка. А то ў мяне сёння так галава баліць...
Быў-бы гэта хто другі, Ліда нізашто не выканала-б такой просьбы, а Ніне даравала ўсё: яе наіўную хітрасць, яе сарамлівасць і дзіцячую бянтэжлівасць перад дарослымі.
Мяцельскія любілі яе гэтак-жа шчыра, як і яна іх.
Наогул яе любілі ўсе: вучні, настаўнікі, калгаснікі. Асабліва вучні. Любілі за прастату, за тое, што яна, здавалася ім, ведала ўсё на свеце і свае лекцыі па геаграфіі і батаніцы ператварала ў нейкія дзіўныя казкі, у цікавейшыя падарожжы. Яна не ўяўляла, што такое дрэнная дысцыпліна на лекцыях. На яе лекцыях вучні сядзелі стаіўшы дыханне. Яна смяялася над жахам некаторых настаўнікаў, які апанаваў іх, калі яны першы раз убачылі, як яна, выкладчыца геаграфіі, катаецца з сваімі вучнямі на каньках, бегае навыперадкі. Яна прынесла ў школу многа новага, свежага, цікавага, ажывіла пазакласную работу. Перапіска з уральскімі піонерамі, гурткі, экскурсіі, спаборніцтвы, турніры — усё гэта з'явілася ў школе па яе ініцыятыве.