Два толькі чалавекі не любілі яе: выкладчыца рускай мовы Шаройка і фізрук школы Патрубейка. Не любілі за крытыку. Фанабэрыстай, самалюбівай Паліне Шаройка Ліда з першага дня пачала папраўляць вымаўленне рускіх слоў. Шаройка маўчала, але ад злосці ажно сохла і скончыла тым, што папрасіла пераводу ў другую школу, адмовіўшыся ўказаць прычыны.
Ліберальны Мяцельскі не раз прасіў Ліду:
— Лідзія Ігнатаўна, злітуйцеся вы над ёю. Вы яе ў труну ўгоніце.
— Не магу, не магу. Ад яе пісьменнасці залежыць пісьменнасць вучняў. Хай вучыцца, а то, гавораць, за сем год яна не прачытала ніводнай сур'ёзнай кніжкі.
Мешкаваты, непаваротлівы Патрубейка ўсю фізічную падрыхтоўку зводзіў да таго, што вучыў дзяцей хадзіць і бегаць.
Ліда да слёз смяялася.
— Фёдар Кандратавіч, ды яны ўмеюць бегаць лепш за вас. Вы хоць-бы самі прабеглі. Хоць для вас карысць была-б.
Ён злаваўся, але намагаўся палепшыць свае ўрокі.
Ліда не сунімалася:
— Фёдар Кандратавіч, ды вы-ж народжаны бягун! Як вы сёння бегалі! Ай-яй. Але прашу вас: у наступны раз рабіце гэта далей ад школы. Вы мне ледзь не сарвалі ўрока, усе вучні палезлі глядзець у вокны, як вы бегаеце. Гэта-ж такая навіна!
Патрубейка бегаў па настаўніцкай, перакульваў крэслы, скідваў са сталоў сшыткі, кнігі, крычаў:
— Вам, Лідзія Ігнатаўна, відаць, мала сваіх гадзін. Бярыце мае, я вам уступаю. Бярыце і бегайце, і скачыце і хадзіце хоць на галаве. Звальняйце мяне, Рыгор Усцінавіч, зараз-жа. Я больш не працую.
Але праз пяць хвілін ён на ўсё забываўся і пачынаў гаварыць ёй кампліменты. Але, урэшце, узлаваўся і ён надоўга.
Была ў школе «тэхнічка», бабка Уляна. Працавала яна ў школе год трыццаць. У сорак першым годзе, калі прышлі фашысты, бабка схавала амаль усе дарагое школьнае абсталяванне. Цяпер яна ўсё гэта адкопвала, знаходзіла і амаль штодня што-небудзь прыносіла ў школу: адзін дзень — глобус, другі дзень — пачарнелыя карты, потым — цэленькі мікраскоп, электрамашыну і шмат іншага. І вось аднойчы яна прынесла дзве пары добрых баксёрскіх пальчатак. Магчыма, што яны былі і не школьныя, бо старыя настаўнікі не помнілі, каб хто бачыў іх у школьным спартыўным зале да вайны. Але бабка Уляна ўсеадно прынесла іх у школу. Нават мікраскоп выклікаў меншую сенсацыю, як гэтыя пальчаткі! У настаўніцкай яны пераходзілі з рук у рукі, іх разглядалі, як нейкае дзіва. Нарэшце адна пара іх дайшла да Ліды. Яна адразу надзела іх на рукі. І як на злосць, другая пара ў гэты момант аказалася на руках Патрубейкі.
Ліда пажартавала:
— Сустрэнемся, Фёдар Кандратавіч?
Ён падняў свае важкія кулакі і жартаўліва рушыў на яе, выклікаючы смех настаўнікаў. Яна зрабіла крок яму насустрач, і раптам... у два разы цяжэйшы за яе мужчына, нібы мяч, адляцеў назад, спатыкнуўся аб табурэт і з усяго размаху пляснуўся на падлогу.
Настаўнікі перапалохаліся, а больш за ўсіх сама Ліда. А ў Шаройкі ўпершыню вырваўся істэрычны крык:
— Вось яна да чаго даводзіць, ваша мяккацеласць, Рыгор Усцінавіч!
Безумоўна, яна, не хто іншы, напісала ананімнае пісьмо ў РайАНА і напісала так, што ў загадчыка, які законна лічыў Дабрадзееўскую школу адной з лепшых і калектыў настаўнікаў самым моцным і дружным, уздыбіліся валасы. Ён паказаў пісьмо Макушэнку, і яны ўдвух прыехалі ў школу. Сакратар райкома заехаў да Ладыніна і, высветліўшы, у чым справа, весела пасмяяўся.
З дарослымі Ліда ўмела гаварыць гэтак-жа проста, як і з дзецьмі. У яе гутарках была тая непасрэднасць, дзякуючы якой расказчык у першыя-ж хвіліны завалодвае ўвагай слухачоў. Праўда, была ў яе адна дзіўная асаблівасць, якую спачатку не разумеў нават Ігнат Андрэевіч, — ідучы да людзей, яна часта не ведала, пра што будзе гутарыць.
— Пра што людзі захочуць паслухаць, пра тое і раскажу, — парыравала яна напады бацькі, калі ў таго часам з'яўляўся намер праверыць план яе чарговай гутаркі.
І сапраўды, яна ніколі не навязвала сваім слухачам тэмы. Спачатку гаварылі яны. Яна толькі ўмела, заўвагамі, пытаннямі, накіроўвала гэтую агульную размову і слухала, што цікавіць іх і што хвалюе. Пачыналася гаворка аб міжнародных справах — яна непрыкметна ўключалася ў размову і праз некалькі хвілін завалодвала агульнай увагай. Хвалявалі людзей непарадкі ў іх калгасе — яна тут-жа пачынала гутарку аб Статуце сельгасарцелі, аб працоўнай дысцыпліне. Разгаварыліся жанчыны аб дзецях-сіратах — яна расказала аб вялікім клопаце Савецкай дзяржавы, Сталіна аб дзецях і тут-жа прапаноўвала жанчынам арганізаваць паездку жаночай дэлегацыі ў дзіцячы дом, дзе выхоўваліся дзеці-сіраты.