Выбрать главу

Дзед пакланіўся. Макушэнка падняўся і заапладыраваў. Нібы сотні галубіных крылаў з размаху ўдарылі ў нізкую столь класнага пакоя. Максіма апанавала нейкая незвычайная радасць, стала светла на душы пасля дзедавых слоў.

Гаварылі другія. Цёпла гаварылі, усхвалявана.

Нарэшце, пачалі вырашаць — каму-ж пабудаваць дамы. Амаль хорам сход выгукнуў тры прозвішчы: Павел Сарока, Ганна Акуліч, Іван Канцавы.

Макушэнка задаволена кіўнуў Ладыніну. На нарадзе партыйнай групы, на якую былі запрошаны Маша і Шаройка, дамовіліся, якія кандыдатуры варта падтрымаць ім, актыву, комуністам. Калгаснікі назвалі іх, і гэта радавала партыйных кіраўнікоў.

Ганна Акуліч стаяла ў калідоры (усе ў класе не змяшчаліся), лузгала семячкі, якія прывезла з сваёй чарговай паездкі на Украіну, частавала жанчын. Пачуўшы сваё прозвішча, уздрыгнула: прывыкла, што па сходах яе заўсёды лаялі.

— Хату табе даюць, Ганна, — сказала суседка.

Ганна не паверыла сваім вушам і спалохалася яшчэ больш, але невядомая сіла пацягнула яе наперад. Цесна было, але людзі давалі ёй дарогу. Так яна вышла на сярэдзіну, да партаў, за якімі сядзелі пераважна мужчыны — і апынулася тварам у твар з прэзідыумам. Сэрца ў жанчыны так стукала, што ёй здавалася — удары яго чуваць усім, і яна засунула за кажушок руку і прыціснула яе да грудзей.

За сталом прэзідыума падняўся Шарошка, уталопіў на яе позірк. І ёй захацелася зноў схавацца за спіны людзей. Але яна толькі апусціла вочы.

— Таварышы калгаснікі! — пачаў Шаройка. — Я прапаную яшчэ адну кандыдатуру, на якую вы чамусьці забылі. А забываць на такіх людзей наша партыя, наш Совецкі ўрад не дае нам права. Наша вялікая памылка і ў першую чаргу мая, я на ўвесь голас кажу аб гэтым, што мы да гэтага часу не збудавалі дом гэтай сям'і. Што гэта за сям'я? Сям'я Антона Лескаўца. Вось бачыце, мы апускаем вочы, адчуваючы сваю віну перад Сынклетай Лукічнай. Бо хто для нас Антон Лескавец? Шэсць год ён кіраваў нашым калгасам, зрабіў яго лепшым у вобласці. А прышлі ворагі на нашу зямлю — ён першы з вёскі ўзяўся за зброю, стаў мужным партызанскім камандзірам пад кіраўніцтвам нашага дарагога таварыша кандыдата ў дэпутаты Пракопа Пракопавіча.

Макушэнка паморшчыўся.

«Эх, душонка падхалімская! Па нарадзе слова не сказаў, а вынес усё на сход».

Сакратару было непрыемна. Можа, нікога ён не любіў так горача, як Антона, і нічыю смерць не перажываў так цяжка. Безумоўна, сям'я яго варта самага чулага клопату. Але справядлівасць патрабуе, каб дамы пабудаваць многасямейнаму інваліду Сароку і дзецям Акуліч. Сакратар баяўся, што яго выступленне супраць прапановы Шаройкі пакрыўдзіць Сынклету Лукічну. Ці зможа яна зразумець яго правільна? У глыбіні душы закіпала злосць на Шаройку.

«Даўно мог-бы калгасам збудаваць. Колькі разоў я гаварыў табе? А ты падводзіў мяне, нягоднік... А зараз табе выгадна паказаць сябе добрым».

Шаройка працягваў, упершыся кулакамі ў стол:

— Два сыны яго — афіцэры, героі, усю вайну са зброяй у руках баранілі нашу дарагую Радзіму, вызвалілі нас ад супастата. Вунь паглядзіце — усе грудзі ў ордэнах.

Максім сядзеў за першай партай, побач з ім — маці. Быў ён у шынялі і ніякіх ордэнаў не было відаць, але маці глянула на яго грудзі.

— Не павінны мы забываць і таго, што дачка Антона Лескаўца ратавала калгасны статак, пагнаўшы яго на ўсход...

— Які ты не захацеў гнаць! — выгукнула Клаўдзя.

Шаройка нават не глянуў у яе бок. Маша пастукала алоўкам аб графін — яна вяла сход.

— І раптам мы забываем такую сям'ю... і называем каго?.. Чалавека, якога на мінулым сходзе мы хацелі выключыць з калгаса...