Рухаць? Аб гэтым Васіль і думаў, калі купляў і малатарню, і цыркулярку, і дамаўляўся аб іншых машынах. Улетку, калі нарыхтоўвалі торф на ўгнаенне і на паліва для калгаснікаў, Васіль прапанаваў нарыхтаваць тысячу тон для патрэб калгаса. Сход адказаў абураным гулам, як не адказваў яшчэ ніколі. Людзі працавалі з выключнай напружанасцю — дзень і ноч. У суседніх калгасах і паловы не рабілі таго, што рабілі ў «Волі». Васіль гэта ведаў, разумеў. Слабая дысцыпліна ў суседзяў была яму папярок горла, бо нямала яшчэ знаходзілася такіх, якія ў цяжкую часіну ківалі на гэтых суседзяў.
— Вунь людзі не душацца так, а жывуць, слава богу, не горш за нас.
Васіля злавалі такія размовы. На сельвыканкоме, на партыйных сходах, на нарадах у раёне ён заўжды выступаў з самай бязлітаснай крытыкай і Шаройкі і Радэка. Іменна за гэта «спакойныя суседзі» і не ўзлюбілі яго.
Торф гэты з'явіўся пробным каменем. Усіх спалохала лічба, названая старшынёй. Нават Міхай Вячэра, першы Васілёў памочнік, актывіст, выступіў супраць.
— Навошта нам столькі торфу таго, Мінавіч?
— Саліць будзем! — кідалі з задніх радоў жартаўнікі.
— На працадні будзем раздаваць.
— Не, гандляваць будзем! А што вы думалі — добрая камерцыя!
Васіль перачакаў, покуль усе накрычаліся ўволю. Спакойна адказаў:
— Зразумейце, калі мы па-сур'ёзнаму думаем будавацца, узнімаць гаспадарку, нам трэба тэрмінова набыць рухавік... лакамабіль... Гэта адзін наш ратунак, покуль збудуем электрастанцыю... Без яго, без сваёй цыркуляркі — руху нам уперад не будзе.
І торф нарыхтавалі, ён ляжаў вялізнымі штабялямі на балоце, пры ім нават асобнага вартаўніка трымалі, бо суседзі не сароміліся цішком «пазычаць» яго.
Але набыць лакамабіль аказалася нялёгкай справай. У Магілёве іх яшчэ не выраблялі, завод толькі аднаўляўся, а тыя, што ўцалелі ў вайну, цаніліся на вагу золата. Васіля нават спрабавалі адгаварыць ад гэтай задумы:
— Кінь ты... Зразумей, нарэшце, і тое, што лакамабіль — устарэлая тэхніка. Ім некалі яшчэ кулакі карысталіся, каб пабольш крыві з сялян высмактаць...
— Няхай сабе ўстарэлая, а нам яна будзе вельмі дарэчы, гэтая тэхніка. Акрамя работы, ён выканае ў нас яшчэ ролю прапагандыста, — адказваў Лазавенка.— Чаму ты здзіўляешся? Гэта будзе першая чарга нашай электрастанцыі. Паставім дынама-машыну, дадзім святло. На ферму, у хаты. Глядзіш — і загарыцца яно ў душах, у свядомасці людзей. А для такога будаўніцтва людзей трэба падрыхтаваць, паказаць ім карысць яго...
Васіль доўга шукаў хоць які-небудзь старэнькі лакамабіль і, нарэшце, знайшоў. Падказаў адзін добры чалавек — ляснік.
Быў да вайны ў суседнім лясніцтве добры пасёлак, дзе жылі рабочыя і служачыя і знаходзілася кантора эксплаатацыйнага ўчастка. У вайну пасёлак гэты, у якім паспрабаваў быў размясціцца нямецкі гарнізон, партызаны спалілі. Вось тут, у руінах аднаго мураванага будынка, знайшоўся лакамабіль. Будынак быў узарваны, але сцены яго, відаць, тады ўцалелі, толькі столь і дах абваліліся і засыпалі машыннае аддзяленне. Лакамабіль ляжаў на баку, пагнуты і скалечаны. Але, што было дзіўна, на рабочых частках яго і нават на катле, знутры і на паверхні, захаваўся тоўсты пласт засохлага масла, якое не дало іржы з'есці метал. Пасля вайны нехта па-гаспадарску навёў тут парадак: расчысціў і збудаваў над машынай паветку. Аказалася — гэта справа рук ляснічага Зяновіча. Ён расказаў, што лакамабіль узрываў яго цесць, стары механік, аб якім гаварылі, што рухавік свой ён любіць больш, чым жонку. Відаць, гэтая любоў да машыны і загубіла яго: стары загінуў у часе выбуху. Абставіны — невядомы, але, калі ўлічыць, як ён перад гэтым дагледзеў машыну, можна аб многім здагадацца.
Нікому нічога не сказаўшы, Васіль паехаў да ляснічага. Зяновіч махнуў рукой:
— Ужо, брат, глядзелі не раз. Дарэмна. Стары ўсё-такі не разлічыў, відаць: пагнула машыну.
Але аб тым, каб прадаць, і слухаць не захацеў, як ні ўгаварваў яго Васіль.
— Ну, добра, — нарэшце сказаў ён. — Бярыце. У арэнду за тое, што адрамантуеце. Цераз год — паўтара, калі вам будзе непатрэбны, вярніце.
Тады Васіль звярнуўся да шэфаў. Дырэктар і парторг завода ведалі, як доўга і настойліва ён шукаў лакамабіль і дапамаглі яму адрамантаваць машыну. Рамантавалася яна доўга. Васіль у гэты час будаваў памяшканне. Будаўніцтва «сілавой», як празвалі калгаснікі гэ тую новую нескладаную будоўлю, ні ў каго не выклікала нараканняў — не так, як торф. Людзі будавалі з радасцю, бо разумелі, што ў гаспадарцы кожная будыніна спатрэбіцца. Хіба толькі зрэдку нязлосна бурчэў Іван Гоман:
— Курачка яшчэ ў кубле і яйка яшчэ тое — дзе яно, а ён і ўдзень і ўночы спакою не дае, нібы ў Гомана дзесяць рук. Хацеў-бы я ўбачыць, каб ён гадоў дзесяць пабыў у нас за старшыню, от-жа што-б ён тады прыдумаў будаваць... Можа, завод ужо які, ці што...