Выбрать главу

Сашка Лазавенка, насмешнік і задзіра, сур'ёзна здзіўляўся.

— Гэ, дзядзька Іван, а хіба ты не чуў? Яны-ж з доктарам надумалі ў нас збудаваць атамны завод. Начамі сядзяць, выдумляюць. Ну, і жытуха, я вам скажу, тады будзе!.. Пакладзеш які кілограм гэтай самай энергіі сярод вуліцы і такую цеплыню яна будзе прамяніць, што куды тому сонцу... І зімы не будзе. У Лядцах — зіма, а ў нас — грушы цвітуць, бабы мандарыны сеюць... У адных трусіках усе ходзяць і загараюць...

Брыгада рагатала, Гоман круціў галавой.

— Але-ж і язык у цябе!.. Каб ты сякерай так цясаў, як ім...

А ў Васіля была новая турбота: набыць дынамамашыну. Зноў ён ездзіў, пісаў, пасылаў рахункавода, прасіў і патрабаваў. Галоўная цяжкасць цяпер была ў тым, што нехапала сродкаў — усе іх з'ядала будаўніцтва.

26...

Дырэктар Крыловіч, галоўны механік Чурыла і галоўны аграном Маслоўская (яна-ж сакратар партыйнай арганізацыі) праглядалі план работы МТС. Яны праглядалі яго ўжо не першы раз. Заўтра плап павінен быць у райкоме, а неўзабаве будзе вынесен на абмеркаванне Совета МТС.

Нямала за сваё жыццё Крыловіч паскладаў такіх планаў, але ні над адным з іх ён не сядзеў так доўга, так удумліва, і ні адзін з ранейшых не меў столькі варыянтаў. Не вельмі складаная рэч — план, быў час, калі дырэктар лічыў яго простай фармальнасцю. Быў, але больш не будзе. Крыловіч гэта разумеў добра. Пара пакінуць ківаць на тое, што трактары старыя, зношаныя і мала іх, а трактарысты маладыя, нявопытныя. Вунь якіх дзесяць прыгажуноў прыслалі! І трактарысты пакрыху збіраюцца даваенныя. Ён усведамляў свае памылкі, згаджаўся з крытыкай. Але крыўда за вымову, якую ён атрымаў з-за Лазавенкі, усё яшчэ варушылася ў глыбіні душы. Чорт ведае з-за чаго чалавек падняў такую бучу! З-за перадплужнікаў. Другім калгасам не было магчымасці абы як узараць, а яму давай перадплужнікі. А ці не вельмі тлуста будзе, паважаны таварыш старшыня? Чым ты лепшы за другіх? А галоўнае — ён пачынае яшчэ вучыць Крыловіча. Ды ты яшчэ без штаноў бегаў, калі Крыловіч ведаў карысць перадплужнікаў... Ну, добра, хай нават Крыловіч не дагледзеў, сапраўды не дагледзеў. Мог-жа ты прыйсці да мяне і пагутарыць, як чалавек з чалавекам? А то адразу — у райком, у абласную газету, у абком. Не, яўны кар'ерыст, выскачка! Бачылі такіх: любой цаной у героі вылезці хочуць!

Крыловіч стаяў перад картай раёна, што вісела на сцяне, каля акна. Хацеў быў паглядзець землі зусім другога калгаса, а ўбачыў «Волю» і забыўся на ўсё, у галаву палезлі гэтыя непрыемныя думкі.

Франц Ульянавіч, вы зноў брыгаду Прымака перавялі? З якой рады? — раптам спытала Маслоўская; яна сядзела каля стала і праглядала план.

Крыловіч хутка павярнуўся. У механіка Чурылы, які спакойна сядзеў каля грубкі — грэў спіну — і смактаў патухшую люльку, у маршчынах пад вачыма зайграла ўсмешка.

— Не забывайце, што Лазавенка зноў шум падыме.

— Лазавенка! Лазавенка! — Крыловіч са злосцю перасунуў нагой зэдлік. — Нагнаў вам страху гэты Лазавенка. Гарлахват ваш Лазавенка! Выскачка...

— Ну, гэта вы дарэмна... Мне не зразумела ваша злосць... Лазавенка — лепшы старшыня...

— А калі ён лепшы, то хопіць яму і Махоткі, хай на дзядзьку не спадзяецца, а сваё цягло лепей выкарыстоўвае. Прымак хай падымае калгасы адсталыя.

— Гнілая тэорыя, Франц Ульянавіч. Вы забылі, што Прымак прасіўся ў Дабрадзееўку.

— Ведаю я, чаму ён просіцца туды. Каб быць і дома і замужам. Свае людзі, свае чэрці...

— Ва ўсім вы бачыце толькі дрэннае. Проста непрыемна. Няма нічога благога, што Прымак будзе працаваць у сваім сельсовеце. Наадварот. Больш ведае землі, больш зацікаўлены ва ўздыме ўраджайнасці. А галоўнае — іх дамоўленасць з Лазавенкам, іх своеасаблівы дагавор.

— З якога гэта часу старшыні пачалі дамаўляцца з брыгадзірамі за спіной у дырэктара МТС? — Крыловіч згроб у адну кучу паперы, што былі раскіданы па ўсім стале і з размаху кінуў іх у скрынку. Ён, відаць, хацеў сказаць гэтым: усё, гаварыць нам больш няма аб чым, ад свайго рашэння я не адступлюся.

Але Маслоўская не здавалася. Гэтая пажылая, ужо з сівымі пасмамі валасоў на скронях, жанчына заўжды спакойна і ўпарта даводзіла і справу, і размову да канца. Яна ўздыхнула.

— Што-ж, давядзецца мне зноў выступаць на бюро супраць вас.

Крыловіч застыў на месцы, утаропіў на яе позірк і цяжка задыхаў. Твар яго прыкметна чырванеў, а шыя сінела — на ёй уздзьмуваліся вены.