Выбрать главу

Зязюля, даведаўшыся ў гутарцы, колькі праўленне «Волі» пастанавіла браць з суседніх калгасаў і чужых калгаснікаў за распілоўку бярвенняў, здзівіўся і дакарыў Васіля:

— Дурань ты, брат ты мой! У два разы даражэй — не было-б дорага. На гэтым цяпер, ведаеш, як зарабіць можна?!

Васіля ажно перасмыкнула ад гэтых яго слоў. «На нястачы людзей?» — ледзь не спытаў ён злосна, аднак стрымаўся, падумаў: «Вунь ты які гаспадар! А цябе хваляць... Не, не паеду я да цябе за насеннем, знайду без цябе... А паглядзець на гаспадарку прыеду абавязкова, хоць ты, старавер барадаты, і не запрашаеш»...

27...

Пагаварыць з Максімам па-шчырасці Васілю не ўдавалася; той пасля нечаканай сустрэчы ў полі ўпарта пазбягаў спаткання адзін-на-адзін.

Васіль намерыўся было пагаварыць аб усім гэтым на партыйным сходзе, дзе павінна была абмяркоўвацца кандыдатура будучага старшыні «Партызана». Але Ладынін, з якім ён параіўся перад сходам, адгаварыў яго ад гэтай задумы.

— Справа, Мінавіч, вельмі складаная, у ёй трэба, як мае быць, разабрацца, а не проста так — з наскоку. Да таго-ж улічы, што народ наш да разгляду такіх спраў не падрыхтаваны; баюся, каб не растлумачылі гэта па-свойму: лаянка паміж двума супернікамі. І пачаў яе ты... Нядобра атрымаецца, асабліва на такім сходзе. Я разбяруся ў гэтым сам і пагавару спачатку з ім адзін. Ты скажы другое: як думаеш, справіцца? Макушэнка даўно папярэдзіў: прыглядзецца, праверыць, абмеркаваць.

— Прыглядаўся і я, Ігнат Андрэевіч, але добра не разабраўся, хоць ён і сябра мой з маленства. За адзін яго ўчынак у адносінах да Машы я з яго тры скуры спусціў-бы, каб да сівых валасоў помніў. Хочацца ўсыпаць яму і за фанабэрыю яго дурную, за самалюбства. Але ў той-жа час сілы і энергіі ў яго хапае. Каб толькі накіраваць гэтую энергію ў патрэбным кірунку, то ён горы звярнуў-бы.

— Што-ж, давай паспрабуем накіроўваць. Я думаю, у нас сілы таксама хопіць: не такія характары ламалі і выкоўвалі новыя. Трэба толькі штодзённы, неаслабны кантроль і разумная, таварыская крытыка. Значыцца, падтрымаем?

— Што-ж, у добры час.

У Лядцах рэкамендацыю партыйнага сходу большасць калгаснікаў сустрэла з прыемнасцю.

— Дай божа, каб кіраваў так, як бацька яго. А што малады, дык гэта нічога. Лазавенка таксама малады, а Шаройка вунь стары, а карысці з яго, як з таго казла...

Толькі ў сям'і Кацубаў вестка гэтая выклікала спрэчкі. Пеця быў гарой за Максіма: афіцэр, ордэнаносец, «такі гультаям паблажкі не дасць». Алеся была супраць:

— Нічога з яго не выйдзе. Не ў бацьку пайшоў.

Маша слухала і маўчала, у самой яе думка аб яго абранні была супярэчлівая: і хацелася, каб за старшыню быў ён — а раптам гэта зробіць яго сапраўдным чалавекам!— а яна жадала яму толькі найлепшага. І была трывога за калгас — а калі ён не здолее падняць яго, калі звіхнецца?

Сход пачаўся спакойна. Справаздачу Шаройкі выслухалі моўчкі і крытыкавалі яго ўжо спакойна, стрымана — у мінулым часе. Дарэмна Ладынін і Байкоў намагаліся разварушыць сход.

Гэтак-жа спакойна прайшлі і выбары старшыні. Калгаснікі самі назвалі Лескаўца. Толькі калі пачалі абмяркоўваць кандыдатуру будучага старшыні, ад дзвярэй малады, задзірысты голас спытаў:

— А каня ён умее запрэгчы?

Там, ззаду, пракаціўся кароткі смех. Хваля яго не закранула пярэдніх радоў. Наперадзе засмяялася адна Алеся Кацуба,— засмяялася звонка, весела. Яна сядзела за асобным столікам, у кутку: яе і другога дзесяцікласніка, Паўла Лескаўца, папрасілі весці пратакол. Максіма гэты яе смех непрыемна кальнуў, ён прыкметна пачырванеў, скоса зірнуўшы на яе.

Больш жвавасці ўнесла заўвага Клаўдзі Хацкевіч.

— Скажы, жаніцца ты думаеш? — сур'ёзна спытала яна Максіма. — А то за бабамі будзеш бегаць, а на калгасныя справы забудзеш. Я вашага брата ведаю!

Тут ужо засмяяліся ўсе, маладыя і старыя. Пасыпаліся жарты.

— Ого, яна ведае нашага брата!

— Бяры, Клаўдзя, лейцы ў рукі: будзь за сваццю.

— А як-жа, цікава ёй за сваццю быць! Яна ў нявесты цэліць!

Максім заўважыў, што і Маша смяецца разам з усімі,— спакойна, нават не пачырванеўшы.

Выбралі праўленне. Першай у склад яго назвалі Машу. Ладынін радаваўся за яе, назіраючы, з якой аднадушнасцю і павагай за яе галасавалі. Адначасова ён здзівіўся колькасці галасоў за Шаройку: мала чаго нехапіла, каб і ён зноў трапіў у праўленне.