Выбрать главу

«Моцныя-ж, браце, у цябе корані, — падумаў Ігнат Андрэевіч. —Давядзецца карчаваць».

У сувязі з тым, што брыгадзіра Лукаша Бірылу выбралі за намесніка старшыні, а інвалід Сяргей Кацуба сам папрасіўся, каб яго вызвалілі ад гэтай пасады, бо яму цяжка хадзіць, узнікла пытанне аб новых брыгадзірах. Усе разумелі, што лягчэй яго вырашыць тут, на агульным сходзе, а не на паседжанні праўлення. Але і для сходу гэта аказалася досыць-такі нялёгкай задачай.

Адзін — адмаўляўся сам, выстаўляючы ўважлівыя прычыны, другі — выклікаў моцныя пярэчанні сходу.

Ладынін кіўнуў Машы.

— Вазьміцеся вы, Марыя Паўлаўна.

Жанчыны, нібы чакалі гэтага сігналу, — адразу падтрымалі:

— Правільна!

— Лепшага брыгадзіра не знайсці!

— За ёй мы ўсе — хоць у ваду і ў агонь!

— Расступіся, мужчыны, — дарогу жанчыне!

— Хопіць вам камандаваць! Цяпер мы вамі пакамандуем!

Як заўсёды, без жартаў не абыходзіліся.

Ад «паважных гаспадароў» выступіў калгасны каваль Сцяпан Прымак.

— Мы ўсе паважаем Машу. Ніхто, канешне, не можа сказаць супраць яе і слова, а хай хто паспрабуе — я таму язык на кавадла і трыццаціфунтовым молатам... Ведай, лайдак, што гаварыць. Але Маша — чалавек мяккі, з усімі ласкавая, далікатная, а народ у нас цяжкаваты. Ў нас — не тое, што ў Дабрадзееўцы. У нас другога покуль добра па галаве не дзеўбанеш, дык ён не паварушыцца...

— А першага цябе!

— Чыя кароўка мычала-б, а твая маўчала-б!..

— Святы Сцяпан заступнік!

Каваль махнуў на жанчын рукой:

— Ат!.. Хіба вас перакрычыш, калі ў вас глоткі, як той мех у маёй кузні!..

Ладынін зноў звярнуўся да Машы:

— А як думае сама Марыя Паўлаўна?

Маша паднялася, павярнулася тварам да калгаснікаў. Жанчыны весела заківалі ёй галовамі: згаджайся. Яна пашукала дзяўчат свайго звяна: што скажуць яны? З дзяўчат яна нікога не знайшла, а раптам убачыла Васіля. Старшыня «Волі» сядзеў каля сцяны, сярод мужчын. Позіркі іх на момант сустрэліся. Ён ледзь прыкметна ўсміхнуўся, кіўнуў галавой. Машы здалося, што ён сказаў: згаджайся. І гэта вырашыла. Прыкметна пачырванеўшы ад хвалявання, яна адказала:

— Я — як народ... Толькі каб у сваёй брыгадзе...

Калі пачалі назначаць другога брыгадзіра, выступіў

Шаройка. Усім кінулася ў вочы, як ён згорбіўся, пастарэў і стаў ніжэйшы ростам. І голас яго змяніўся.

— Таварышы калгаснікі! Здорава вы мяне пабілі. Што-ж, правільна білі, я крытыку заўсёды слухаў... Няздатны, значыцца, быў я на старшыню, адстаў, пастарэў. Але мне хочацца, — ён павысіў голас, падняў галаву і глянуў на людзей, — мне хочацца паправіць сваю памылку. Пяць год я быў брыгадзірам да вайны. Хто скажа, што я тады дрэнна працаваў? Дык чаму-ж выдумаеце, што я цяпер горш буду працаваць?.. Я лічу, што брыгадзірам я спраўлюся. Сіл сваіх не пашкадую!.. Паверце майму слову...

Выступленне яго зрабіла ўражанне: ніхто не пажартаваў і ніхто не выступаў супраць. У Ладыніна ўражайце гэтае было раздвоенае: прыемна, што чалавек сам просіць работу — цяжкую работу, але непрыемна, што чалавек гэты — Шаройка; штосьці няшчырае было ў яго словах, асабліва ў апошніх — узнёслых: «Сіл сваіх не пашкадую!..»

«Чаму-ж ты шкадаваў іх, калі старшынёй быў?»— так і хацелася спытаць. — Больш дбаў аб уласнай гаспадарцы, чым аб грамадскай?» Ладынін цвёрда намерыўся выступіць супраць. Але, папярэдзіўшы яго, выступіў Максім. Старшыня калгаса падтрымаў просьбу Шаройкі.

Ладынін ажно крактануў ад прыкрасці.

«Ах!.. Прываражыў цябе гэты Шаройка... Не хочацца мне ў першы-ж дзень ударыць па твайму аўтарытэту. Што-ж, няхай пабудзе Шаройка... Паглядзім, што з гэтага атрымаецца...»

Час быў позні. Даўно ўжо ішла другая палова ночы. У нізкім класным пакоі нехапала паветра, хоць дзверы ў халодны калідор не зачыняліся ні на хвіліну. Лямпы, што віселі пад столлю, хліпалі, капцелі. Пачала задыхацца і лямпа на стале прэзідыума. Ладынін колькі разоў прасіў калгаснікаў не курыць, але просьбы яго былі дарэмныя (ён і сам гэта разумеў): праседзець усю ноч не курыўшы — было-б звыш сіл. Едкім дымам самасаду прапахла ўсё: валасы і вопратка людзей, парты і сцены.

Людзі не разыходзіліся. З прэзідыума здавалася нават, што іх стала больш. Заднія, хто стаяў у калідоры, праціснуліся наперад, занялі два крокі прасторы паміж сталом і першымі партамі, якія дагэтуль пуставалі. А некаторыя з маладых хлопцаў зайшлі і за стол прэзідыума і селі там на падлогу. Адзін з іх, за спіной у Ладыніна, прываліўся да сцяны і заснуў.