Выбрать главу

Калгаснікаў не менш, чым выбары старшыні і праўлення, цікавіла другое пытанне, якое выносілася на сход па просьбе старшыні «Волі» Васіля Лазавенкі.

Яму першаму і было дадзена слова.

— Аб чым буду я гаварыць — вы ведаеце з парадку дня. Але пытанне такое для калгаснікаў «Партызана» неспадзяванае, гэта я ведаю. Неспадзяванае яно таму, што ваш былы старшыня і слухаць не хацеў, каб выносіць гэтае пытанне на сход.

— Я і зараз буду супраць! — рашуча заявіў Шаройка. — Нежыццёвая справа! Не-э!..

Васіль зрабіў кароткую паузу і адказаў, павысіўшы голас:

— Не, хлусіш, Амяльян Дзянісавіч! Справа, якая падказана самім жыццём, не можа быць нежыццёвай. Справа вельмі жыццёвая! Калгаснікі «Волі» адзінадушна пастанавілі: не адкладваючы, як кажуць, справы на доўгі час, пачаць будаваць гідраэлектрастанцыю на нашай Гразліўцы. Мы склалі праект. Па ім, так дазваляе рэчка, станцыю можна будаваць толькі вось тут, — Васіль махнуў рукой на акно, — каля вашага калгаснага двара.

— Ага, таму ты і прышоў да нас! — выгукнуў нехта з дымнага змроку.

— Не, не таму я прышоў да вас! Заўтра я пайду да раднікаўцаў і, магчыма, нават і да нашага украінскага суседа — да гайнаўцаў.

— Ого, махнуў! За мяжу! Размах у цябе, Мінавіч, большэвіцкі! — голас добры, у ім — захапленне і радасць.

— Я прышоў таму, што сілаю некалькіх калгасаў мы збудуем станцыю значна хутчэй. Я падлічыў — за год, не больш. А гэта значыць, што мы хутчэй уздымем нашы гаспадаркі. Бо электрастанцыя — гэта не толькі святло ў хатах, на ферме, гэта — малацьба, млын, цыркулярка, нарыхтоўка кармоў... Адным словам — усё... Я звяртаюся да вас і таму, што было-б проста неразумна будаваць такую гідрастанцыю, якая задавальняла-б патрэбы толькі аднаго невялікага калгаса. Неразумна і невыгодна. Мы павінны збудаваць станцыю з добрым запасам магутнасці...

Васіль бачыў, як Шаройка нешта шаптаў свайму суседу, былому загадчыку фермы Карнею і той адразу-ж запытаўся:

— Скажы, Лазавенка, а хто гаспадаром будзе такой электрастанцыі?

Васіль ажно сумеўся ад такога недарэчнага пытання; ён паціснуў плячыма.

— Калгасы.

— Які калгас? Ваш? А мы ў вас пайшчыкамі будзем? Так?

— Усе калгасы будуць мець аднолькавае права...

— Ты добры гаспадар, Лазавенка, і ведаеш, што, дзе многа нянек, там дзіця заўсёды мурзатае.

Людзі весела варухнуліся ў дымным поўзмроку пакоя, але ніхто не засмяяўся.

Ладыніна здзіўляла гэтая напружаная маўклівасць калгаснікаў. Па ўсім відаць, цікавасць да будаўніцтва ў людзей выключная. Але чаму такая пасіўнасць у абмеркаванні? Ён успомніў, як перад сходам Ліда гаварыла Лазавенку:

— Ды вас на руках будуць насіць пасля вашай прапановы.

«Шкада, што не ўзялі яе, няхай-бы пабачыла, як нас носяць», — з усмешкай падумай Ладынін. — Але жарты жартамі, а пара разбіць гэты лёд».

Прадаўжаў гаварыць Карней:

— ...станцыя, значыцца, будзе на нашых гародах, вада залье нашу зямлю, той лужок, дзе кожная наша баба градку пад капусту мае... А гаспадаром яе будзе добры сусед... І мы павінны ісці да яго і кланяцца за кожны гэты самы кіловат энергіі...

— Глупства! — абурыўся Васіль.

— Не, не глупства! Мы так не жадаем! Давайце мы самі будзем будаваць яе, гэтую станцыю. А вас пайшчыкамі запрашаем...

— Калі ласка, — згадзіўся Васіль. — Толькі будаўніцтва пачынаць неадкладна...

Слова папрасіў Шаройка.

— Справа не ў тым, хто будзе гаспадаром, а хто пайшчыкам. Уся справа ў тым, ці зможам мы зараз з нашымі сіламі пачаць такое будаўніцтва? Не можам! Бо калгас наш яшчэ не дарос да такой будоўлі. Для гэтага трэба грошы, а ў нас іх — кот наплакаў. Мы не маем нават сродкаў, каб набыць малатарню, новыя плугі, не гаворачы ўжо аб аўтамашыне, якая нам патрэбна вось так, — ён правёў далоняй па шыі,— да зарэзу... А колькі ў нас сямей у зямлянках...

Ладынін не стрымаўся і іранічна -заўважыў:

— Добра, калі Шаройка пачынае крытыкаваць Шаройку.

Прыціхшая зала заварушылася, весела зашумела.

— Цікава, як вы думаеце, чаму ў «Волі» ўсё гэта ёсць?

Шаройка нібы і не пачуў рэплікі і пытання Ладыніна.

Аднак аб беднасці свайго калгаса больш не сказаў ні слова.

— Каб пачаць такое будаўніцтва, трэба спачатку падвесці пад яго базу добрую, а не проста так сабе... Паважаны Васіль Мінавіч, мабыць, забыў на свой клуб, які ён пачаў будаваць. Пачаць пачаў, а скончыць — сіл нехапае. Дык гэта клуб!.. А гэта гідрастанцыя! Адным словам, хай мяне не зразумеюць так, што я супраць электрастанцыі! Не! Я ўсёй душой. Але, як кажуць, рад-бы ў рай, ды грахі не пушчаюць...

Людзі зноў засмяяліся. Шаройка злосна аглянуўся і сеў, выцершы рукавом ватоўкі пот з ілба.