Васіль выступіў зноў:
— Таварышы! Дзяржава дае нам крэдыт. Нарэшце, усе першапачатковыя грашовыя затраты «Воля» бярэ на сябе. Ад вас патрабуюцца, галоўным чынам, рабочыя рукі...
Сход маўчаў — чакаў чарговага прамоўцы.
Пасля гаварылі Сакавітаў і Ладынін. Інжынер гаварыў каротка. Выступленне сакратара міжволі зацягнулася. Вельмі хацелася давесці людзям тую велізарную карысць, якую дасць ім электрычнасць. Але, скончыўшы гаварыць, ён зразумеў, што аднаго такога сходу мала, каб ідэя будаўніцтва гідрастанцыі завалодала калгаснікамі «Партызана» так, як яна завалодала людзьмі ў «Волі». Акрамя ўсяго іншага, трэба пераканаць людзей, што ў іх хопіць сіл на такое будаўніцтва. Не цяжка сабраць большасць галасоў і прыняць пастанову: моладзь падтрымае. Але якую адказнасць будзе потым адчуваць увесь калектыў і кожны чалавек паасобку? Як будзе ажыццяўляцца гэтая пастанова?
Цікава, што скажа Лескавец? Слова старшыні многа значыць.
Ладынін нецярпліва пазіраў на яго. Максім не спяшаўся. Гэтая яго празмерная паважнасць не падабалася Ладыніну. Для бурнага калгаснага сходу яна была зусім недарэчы. Паназіраўшы за Лескаўцом больш, Ладынін ужо цвёрда ведаў, што ён скажа. І не памыліўся.
— Я думаю, што прыняць канкрэтнае рашэнне сёння, як таго дамагаецца таварыш Лазавенка, мы не можам. Нам трэба ўзважыць нашы сілы і магчымасці, падумаць, што і як, абмеркаваць... Такія справы не вырашаюцца адным узмахам... Вось так...
Ён гаварыў доўга, абгрунтоўваючы сваю прапанову, хоць гэта было зусім непатрэбна. Адразу стала відаць, што большасць згодна з ім.
Васіль Лазавенка быў злосны. На Лескаўца, на Ладыніна, па сябе. З-за сходу ён сарваў агранамічныя заняткі. Прасядзеў у табачным чадзе ўсю ноч. А вынікаў — ніякіх. Яго не магла задаволіць цягучая, як гума, кампрамісная пастанова: перанесці пытанне аб гідрастанцыі на наступны сход. А калі ён будзе наступны сход? А трэба неадкладна пачаць нарыхтоўку і вывазку лесу, каб да вясны матэрыял ляжаў на месцы будоўлі. Аднаму калгасу гэтага не падняць. Непрыемна было ўспамінаць настрой, з якім ішоў на сход. Ён, праўда, не думаў, як Ліда, што іх пачнуць на руках насіць, але ў душы спадзяваўся, што прапанова будзе сустрэта з радасцю. Таму ён не ўтрымаўся і пасля сходу сказаў Максіму:
— Няважна ты пачынаеш сваю дзейнасць. Доўга, відаць, яшчэ калгасам будзе кіраваць Шаройка, а не ты.
Максім успыліў.
— Я бачу — табе хочацца кіраваць нашым калгасам. Ды не толькі нашым. Ты не супраць і украінскага суседа прыхапіць... Дзеяч сусветнага маштаба!..
— Глупства!
— Глупства? Я ведаю, чаго ты хочаш, — кіраваць калгасам-гігантам... Я памятаю, што ты аднойчы казаў... Забыў?
— Не, не забыў.
— Табе, відаць, і гідрастанцыя для гэтага патрэбна. Каб хоць ускосна... Гігантаман!
— Дурань ты, браце, пасля гэтага! — Васіль адвярнуўся, даючы зразумець, што ён не жадае больш і гаварыць.
Максім не на жарты абурыўся.
— Таварыш Ладынін! Я патрабую разабраць нашы адносіны на партыйным сходзе. Я не першы раз чую ад яго падобную абразу. А з-за чаго?..
— Пакіньце, Лескавец! Што вы, як пеўні... Сорамна — змораным голасам адказаў Ладынін. — Падумайце лепш добра аб яго прапанове. Сур'ёзна, па-партыйнаму, выкінуўшы з галавы ўсю лухту, якую вы зараз пачалі верзці...
Васіль, не развітаўшыся, вышаў на вуліцу і там чакаў Ладыніна і Байкова.
Была адліга. Са стрэх падалі буйныя кроплі. Дарога была цёмная і слізкая.
— Я — злосны, як піліпаўскі воўк, — сказаў Васіль, калі яны, нарэшце, закрочылі насустрач моцнаму заходняму ветру, што прынёс адлігу. — На душы такі нагар. Ну, чорт з ім! Не хочуць — не трэба. Пабудуем без іх!
Ладынін сціснуў локаць яго рукі.
— Не гарачыся, Мінавіч. Будаваць будзем разам. Я табе скажу: сённешні сход прынёс больш карысці, чым той, на якім адразу прынялі-б тваю прапанову. На поўмесяца хопіць размоў і самых гарачых спрэчак. А мы павінны ў гэты час не драмаць. Галоўнае: пераканаць, што ў іх хопіць сіл і паказаць, адкуль узяць гэтыя сілы і сродкі.
Байкоў ішоў крыху ззаду і маўчаў. Сход зрабіў пераварот і ў яго душы: знік яго скептычны настрой, цяпер і ён быў за электрастанцыю.
28...
Машы выпала дзяжурыць апошнія гадзіны. Усё падрыхтаваўшы, члены камісіі разышліся адпачыць якіх пару гадзін перад, магчыма, больш, чым сутачнай напружанай і адказнай работай. Маша засталася адна. Пачаўся той дзень, дата якога макамі гарэла на шматлікіх плакатах па ўсёй краіне. Пачалося свята. Маша адчувала яго сэрцам. З часу звароту Максіма ў яе ні разу яшчэ не было такога светлага радаснага настрою; ён завалодаў усёй яе істотай, напоўніў кіпучай энергіяй, якую яна не ведала, куды падзець.