Выбрать главу

Нячутна ступаючы мяккімі валёнкамі, яна вышла з настаўніцкай у цёмны вестыбюль, па чарзе абышла класы. Усюды палілася ў грубках. Весела трашчалі сухія дровы. Водсвет полымя цераз паддувала, цераз шчылінкі ў дзверцах падаў на падлогу пучкамі. Гэтыя дзіўныя снапы святла трапяталіся, нібы жывыя.

Грубкі дыхалі гарачынёй. Густое паветра пахла елкай.

«Ап'янець можна ад такога водыру», — шчасліва падумала Маша.

У адным класе дзверцы грубкі былі адчынены зусім, і гарачае полымя дагараючых дроў аддавала пакою ўсё сваё чырвонае, трапяткое святло. Па баках, каля дзвярэй і каля вокнаў, быў мяккі поўзмрок, а супрацьлеглая сцяна была ярка асветлена. На сцяне — вялікі плакат: Сталін у поўны рост, за ім — у празрыстай дымцы — вежы Крэмля, блакіт неба. Маша доўга не магла адарваць вачэй. Ружаваты водсвет полымя калыхаўся і па колеру нагадваў ранішні золак, калі толькі што ўзыходзіць сонца, і над роснымі палямі трымціць, калышацца вось такое-ж ружова-празрыстае мроіва. Машы на момант здалося, што Сталін са сваёй шчырай бацькоўскай усмешкай ідзе проста да яе. І ёй вельмі захацелася прывітаць яго і падзякаваць яму за ўсё, што ён зрабіў для народа і асабіста для яе, для іх сям'і.

Убачыўшы, што з аднаго боку плакат адклеіўся ад сцяны, яна падышла і пяшчотна прыгладзіла яго. З яловых галінак, што зялёным вянком аздаблялі плакат, пасыпаліся на падлогу маленькія іголачкі.

«Так хутка высахлі! — здзівілася Маша. — Трэба свежых»...

Яна вышла ў калідор, дзе, ведала, засталіся яловыя лапкі, прынесла іх у клас і доўга і любоўна ўпрыгожвала дарагі партрэт.

Потым ёй захацелася ўсё агледзець яшчэ раз, усё праверыць, хоць гэтым цэлы вечар займалася камісія. Яна ўключыла святло. Ярка ўспыхнулі лямпачкі. Гледзячы на іх, па-дзіцячаму прыжмурыўшыся, яна з удзячнасцю думала пра Васіля.

Працуючы, яна спявала, ціха, часам без слоў — адну жыццерадасную мелодыю, і, прыслухоўваючыся да ўласнага голасу, не пазнавала яго.

Пасля таго, як яна канчаткова пераканалася, што ўсё на сваім месцы, усё, як належыць падрыхтавана, ёй раптам захацелася выйсці, адыйсціся да сельмага і з узгорку паглядзець на залітую святлом школу. Але покуль яна апраналася, лямпачкі пачалі цьмець і праз хвіліну патухлі. Электрастанцыя спыніла работу.

«Хаця-б ён не праспаў», — падумала Маша аб механіку, хоць добра ведала, што аб гэтым паклапоціцца Васіль.

Яна падышла да акна. З глыбіні марознага неба прыветліва міргалі зоркі. На снезе цераз усю дарогу, ажно да саду ляжаў доўгі цень ад школы: дзесьці над заснежанымі гародамі ўзыходзіў месяц.

Машы ўспомніўся запіс у Алесіным дзённіку (учора ён выпадкова трапіў ёй у рукі):

«У чым паэзія нашага жыцця?»

Яна не прачытала адказ — пасаромелася, хоць ёй вельмі хацелася гэта зрабіць.

Цяпер захацелася адказаць самой.

Толькі яшчэ дзе-ні-дзе ў вёсцы замільгалі праз замёрзлыя шыбы агеньчыкі. Ні ў адной хаце яшчэ акно са двара не запылала чырванню ад полымя ў печы. Не пахла дымам, не рыпеў снег пад нагамі. Нават маўчалі яшчэ спрадвечныя будзільнікі — пеўні. Панавала цішыня. І раптам яе парушыла гучнае рыпенне дзвярэй. На ганку з'явілася Алеся ў кажушку, захутаная ў белую вязаную хустку. Яна весела скочыла з ганка на снег, і ён запішчэў, засмяяўся, зазвінеў пад яе нагамі на ўсю вёску.

Дзяўчына ажно спынілася на момант. Потым махнула рукой, засмяялася і пабегла па вуліцы. Каля такога-ж новага дома, у якім ужо гарэла святло, яна спынілася, хвіліну пачакала, пазіраючы на вокны.

Мароз залазіў пад кажушок, кусаў за шчокі; зліпаліся ноздры, цяжка было дыхаць. Але цела напаўнялася бадзёрасцю. Хацелася сарвацца з месца і бегчы, бегчы ўперад, у поле, насустрач наступаючаму дню, насустрач святу. А тут мусіш чакаць. Алеся ўзлавалася, яе дзявочая гордасць запратэставала: чаму павінна чакаць яна, а не ён?

— Ну, і дам! — яна пастукала кулаком аб кулак і вельмі павольна, нібы вартавы, рушыла назад. Адышлася крокаў за пяцьдзесят, павярнулася.

Супакоілі яе зоркі. Раптам адна з іх пакінула сваіх сябровак і паляцела ў бездань, начарціўшы на небе свой шлях доўгай агністай лініяй, за ёю — другая... Гэта — нібы разведчыкі, бо за імі неўзабаве цэлы рой зорак сарваўся, быццам з нябачаных галін і агнявымі пырскамі ўпаў недзе за сасоннікам. Алеся ні разу за сваё жыццё не бачыла такой прыгожай з'явы, і зоркі прываражылі яе, яна не зводзіла з іх вачэй, нібы чакала, што зараз усе яны сарвуцца з сваіх месц і закружаць у іскрыстым карагодзе.