Стрэлілі дзверы. Загаласіў снег. З двара таго дома, каля якога яна чакала, вышаў юнак. Убачыў яе — весела выгукнуў:
— Добрай раніцы, Алеся!
— Сануля! — адказала яна. — Я поўгадзіны чакаю цябе.
— Поўгадзіны?! — ён паўтарыў гэта такім радасным голасам, што яна тут-жа ў душы даравала яму тыя пяць хвілін, якія ён прымусіў яе чакаць.
— Пайшлі хутчэй! Якое я зараз бачыла дзіва! У хвойнік упаў цэлы рой зорак.
— У хвойнік! Рой зорак! — іранічна прамовіў Павел. — І чаму дзіва? Звычайная з'ява: метэоры...
Яна перапыніла.
— Паўлік, дарагі,-хоць у імя свята пазбаў ты мяне ад сваіх вучоных астранамічна-матэматычных разважанняў
— А ты мяне — ад сваіх вершаў.
— Адразу відзён сухар: у такі дзень — без вершаў!.. Хіба можна!
— Чытай чужыя, толькі не свае.
Яна засмяялася.
Вышлі ў поле. Незнарок, ад душэўнай прастаты і шчырасці, узяліся за рукі. І снег пад іх нагамі не галасіў ужо, а спяваў. А збоку, з вышыні на іх глядзеў стары, шчарбаты месяц і, вядома, зайздросціў іх маладосці, іх шчасцю.
Алеся спытала:
— Слухай, Паша, як ты думаеш, у чым паэзія нашага жыцця?
Да яе пытанняў, заўжды нечаканых і дзіўных, Павел адносіўся насцярожана, бо яна не аднойчы ўжо ставіла яго, выдатніка, «школьнага Ньютона» ў нялоўкае становішча. Можа таму, ён адказаў жартам:
— Для мяне — у рашэнні алгебраічных задач.
— Я сур'ёзна пытаю.
Ён падумаў.
— Для нас з табою зараз у тым, што мы падняліся ў чатыры гадзіны раніцы і, бязмежна шчаслівыя, радасныя, як дзеці, бяжым па марозу, па звонкаму снегу на выбарчы ўчастак, каб прагаласаваць першы раз у сваім жыцці...
Ён сказаў усё гэта з аднаго выдыху, нібы прадэкламаваў вершаваную страфу. Алеся засмяялася:
— О-о! Ды ты амаль паэт! — і пасля кароткай паўзы дадала:
— Шкада толькі, што ты не бяжыш, а цягнешся, як чарапаха, хоць на буксір цябе бяры. Чаму ты ўвесь час запавольваеш хаду? Давай прабяжым!
Але ён, сумеўшыся раптам, не адгукнуўся на яе прапанову.
— Будзеш лаяць?
— А што? — насцярожылася яна.
— Мушу сказаць табе, што мой неспакойны дзед вышаў раней за нас.
Алеся спынілася і так бліснула на яго вачыма, што ў яго, хоць ён і не мог убачыць іх выразу, ёкнула сэрца.
— Эх ты, формула алгебраічная! — і яна рашуча загадала: — Дагнаць і перагнаць!
— Няёмка, Алеся.
— Саромішся? Як-жа: дзед убачыць цябе з Кацубавай Сашай, якую твая шаноўная маці не надта паважае за яе характар! Кавалер саламяны! Можаш ісці, як хочаш. Я сама...
Ён змаўчаў і мусіў падпарадкавацца яе жаданню. Як заўсёды. У яго ніколі не знаходзілася рашучасці пярэчыць ёй. Уздыхнуўшы, ён прыгадаў словы, якія аднойчы сказала маці:
«Што гэта яна, Паўлік, верх над табою бярэ, Кацубіха гэтая? У каго толькі яна ўдалася ў іх? Маша — залаты чалавек, а гэта — вярціхвостка нейкая».
Эх, мама, мама! Нічога ты не ведаеш. Ды і ніхто не ведае. І яна, Алеся, мусіць, лічыць яго проста добрым, шчырым сябрам — аднакласнікам, які заўсёды прыходзіць ёй па дапамогу, нават не спыняецца і перад тым, каб на кантрольных па алгебры ці стэрэаметрыі паслаць ёй шпаргалку. А каб яна толькі ведала, чаго гэта каштуе яму, сакратару школьнай комсамольскай арганізацыі, ворагу ўсіх шпаргалак!
Дзед Яўмен пачуў галасы, па бадзёраму звону крокаў здагадаўся, што даганяюць яго маладыя і, зразумеўшы, што яму не пераспаборнічаць іх, падрыхтаваўся да абароны свайго права на пяршынства.
— Добрай раніцы, дзядуля, — ласкава прывіталася Алеся, калі ямы неўзабаве нагналі старога. Павел сарамліва хаваўся за яе спіной.
— Да раніцы яшчэ, унучка, ой-ёй колькі.
Ён спыніўся, загарадзіўшы дарогу, каб пазнаць іх. Пазнаў і здзівіўся.
— Э-э, ды тут свае, а я быў спужаўся. Думаю, калі трапяцца якія... абгоняць дзеда і дзякуй не скажуць.
— Не хітруйце, дзядуля. Усёадно ваша пяршынства загадала вам памянуць яго добрым словам, — і Алеся, саступіўшы з вузкай зімовай дарогі, рашуча абышла яго.
Дзед абурыўся.
— Будзеш ты шкадаваць пасля, калі парвеш са мной дружбу. На парог дома тады не з'яўляйся. На пушачны выстрал не падпушчу...
Алеся зарагатала.
— Не бойцеся, дзядуля. Мы пойдзем хутчэй, але першы бюлетэнь пакідаем вам. Чэснае комсамольскае.
— Во! Гэта голас! А дражніцца са старымі непрыгожа камсамолцы, — ласкава дакараў ён дзяўчыну.
Тады і Павел смела абмінуў дзеда і са спакойным сумленнем, задаволены, рушыў за сваёй вясёлай спадарожніцай.
Першым з членаў камісіі прышоў Лазавенка. Маша за колькі хвілін да яго прыходу, адчуўшы зморанасць, прылегла на канапе і задрамала. Васіль зайшоў бясшумна, убачыў яе сонную і спыніўся каля дзвярэй, не зводзячы з яе ласкавага позірку... Маша адчула яго, гэты позірк, і расплюшчыла вочы.