Выбрать главу

— Ты, Васіль?..

У вестыбюль школы зайшлі першыя выбаршчыкі.

Вартаўнік Сямён пачаў з імі гаворку.

— Огось, якія вы раннія. Не дарма кажуць: маладыя, ды раннія.

Васіль выглянуў у дзверы, паглядзеў, хто прышоў, неазначальна працягнуў:

— Але-е... А старшыні яшчэ няма? Добра спіцца з жонкай...

— Вася! Што з табою? — Машу непрыемна ўразіла яго грубасць.

Ён усміхнуўся, шчыра, даверліва:

— Зайздрошчу, Маша. Прыгожа жывуць Мяцельскія. Я часта бываю ў іх, назіраю. Нельга не пазайздросціць. Сына чакаюць... Чаму ты думаеш, што я не здолеў-бы жыць так прыгожа?..

— Я думаю? Дзівак ты, Вася...

Яна сама не прыкмячала таго новага, што з'явілася ў яе адносінах да Васіля.

Адна Ніна Аляксееўна ўсё бачыла, усё разумела і па сакрэту перадавала Лідзе.

Васіль моцна пастукаў указкай у сцяну, за якой была кватэра дырэктара школы.

Адтуль пачуўся адказны стук і глухое «іду-у!»

Неўзабаве прышоў Мяцельскі, Ліда Ладыніна і амаль адначасова — усе іншыя члены камісіі. З імі прышоў Ігнат Андрэевіч. Крыху пазней — старшыня сельсовета Байкоў. А ў вестыбюлі ўжо гудзелі дзесяткі галасоў, рассыпаўся малады смех. Нехта паспрабаваў ужо лады на гармоніку, але яго, мусіць, спынілі: пачакай, хлопча, рана яшчэ.

Асабліва стала шумна пасля таго, як электрастанцыя дала святло. Ладынін сказаў камісіі некалькі цёплых слоў. Мяцельскі з неўласцівай яму маруднасцю, суха і сумнавата праверыў, як члены камісіі засвоілі свае абавязкі. Усе, у каго толькі меліся гадзіннікі, раз-по-разу пазіралі на іх. А ў каго не было сваіх, тыя глядзелі на ходзікі, што рытмічна адстуквалі хвіліны на сцяне настаўніцкай.

Нарэшце, камісія ў поўным сваім складзе рушыла ў класы, да сталоў і кабін. У вестыбюлі яе прыветліва сустрэлі выбаршчыкі, якіх набралася ўжо добрая сотня.

— Давайце, пачынайце хутчэй! — прапанаваў малады голас, уласніку якога, відаць, вельмі хацелася хутчэй выкарыстаць сваё вялікае права, магчыма, упершыню.

Мяцельскі перакуліў урну, паказаў членам камісіі і пасля гэтага старанна засяргучыў яе.

— Ну, цяпер усе па сваіх месцах! — скамандаваў ён.

Ліда, як сакратар камісіі, першая залезла за стол.

З аднаго боку ад яе сеў Косця Раднік, а Машы давялося сесці з другога, плячо ў плячо. Рукі іх адначасова працягнуліся за спісамі, і яны паглядзелі адна на адну. Ліда раптам аберуч узяла Машыну руку і моцна-моцна паціснула.

— Харошая вы мая!

Маша зазірнула ў глыбіню яе прыгожых вачэй, і гарачая радасць заліла ёй грудзі: колькі яна ўбачыла ў іх шчырасці, дабраты, сяброўства!

Ігнат Андрэевіч уключыў у настаўніцкай прыёмнік. Школу запоўнілі ўрачыстыя гукі Гімна Савецкага Саюза.

Мяцельскі, схамянуўшыся, шырока адчыніў дзверы класа.

— Таварышы выбаршчыкі! Дазвольце павіншаваць вас з днём выбараў. Прашу прыступіць да падачы галасоў.

ЧАСТКА ДРУГАЯ

1...

Чатыры сасны засталіся стаяць пасярод лесасекі. Тры — так, што краналі адна адну галлём, а чацвёртая — воддаль, каля маладога бярэзніку. І была яна, гэтая сасна, самай прыгожай і высокай з усіх сваіх сясцёр. Здавалася, яе кашлатая шапка краналася цяжкай зімовай хмары, што нерухома вісела над лесам. Нібы свечка, быў яе ствол: знізу — цёмнакарычневы, з тоўстай парэпанай карой, а зверху, каля галля, — гладкі і залаты. Яе сяброўкі, што ляжалі штабелямі бярвенняў, падаючы, не кранулі яе, не абламалі галін, не абдзерлі кары.

Лесасека ад дарогі ішла ў глыб лесу. Там кіпела работа. Адна за адной падалі долу сосны, галасілі пілы, фыркалі коні, гучна падганялі іх ездавыя, тралюючы бярвенні на дарогу. Гарэлі вялікія кастры.

Маша размашыста, па-мужчынску, абцярэблівала толькі што паваленае дрэва. Дзве дзяўчыны з яе брыгады разразалі яго.

— Дзень добры гаспадыням! — з-за лаўжа, з боку бярэзніку, вышаў Васіль Лазавенка, махнуў пугай, прыветліва ўсміхнуўся. Каўнер яго кажушка і бровы заінелі, а валёнкі па самыя калені былі ў снезе.

— Нізкі паклон гаспадару, — жартаўліва пакланілася Дуня Акуліч. А Маша раптам адчула, як у яе гараць шчокі і моцна б'ецца сэрца. Але гэта — ад работы.

Васіль паціснуў ім рукі. Яго рука была цёплая і мяккая.

— Пашкадавалі? — кіўнуў ён на сасну-прыгажуню, што засталася стаяць пасярод лесасекі.

— Але... Пакінулі, — неазначальна адказала Маша.

Ён усміхнуўся.

— Дзівачкі. Дай, Дуня, пілу... Ідзем, Маша, усёадно заканчваем, не пакінуць-жа нам такое багацце чужому дзядзьку.