— Ну-у... старая. Больш-бы такіх старых...
— Ды і не маладая...
Ён адчуваў сам, што бянтэжыцца ўсё больш, разумеў недарэчнасць свайго становішча і знайшоў выхад з яго ў тым, што раззлаваўся: усхапіўся, зрабіў крок да печы, крута павярнуўся.
— Што ты заладзіла — старая, старая... Смешна слухаць тваё бабскае ныццё. Сур'ёзна пагаварыць не можаш...
«З якога часу ты пачаў сур'ёзна гаварыць?» — Маша ўбачыла, што ў кухні насупраць прыадчыненых дзвярэй стаіць цётка Тацяна, абапёршыся на чапялу, і дакорліва ківае галавой, і ўсміхнулася. Гэтая ўсмешка яшчэ больш узлавала Максіма — ажно твар яго пакрыўся плямамі. Але ён стрымаў сябе: адсунуў шапку і асцярожна сеў бліжэй да стала. Застукаў пальцамі па кнізе.
— Ты чаму Дуню адпусціла?
— Ёй перадалі, што маці захварэла.
— Захварэла!.. Ведаю я гэтых хворых! Захацела на нядзелю дачку з лесу выцягнуць. Гультаі!..
Маша таксама павысіла голас.
— Дуня — комсамолка. Сама папрасілася ў лес. Не мерай усіх на адзін аршын, таварыш старшыня!
— «Таварыш старшыня»! Хутка, відаць, адзін «таварыш старшыня» застанецца ў лесе.
Маша ўздыхнула. Яна разумела, што ён прыехаў не за тым, каб даведацца, чаму паехала дамоў адна з калгасніц. Не ў Дуні справа. З іншым намерам ён ехаў сюды. Але з якім?.. Ёй захацелася спакойна і сур'ёзна растлумачыць яму, што калгас — не вайсковая часць і старшыня — не камандзір, каб кожны калгаснік асабіста дакладваў яму аб тым, куды адлучаецца. Гэта было-б занадта, Дуня спыталася ў яе, у брыгадзіра, у сакратара комсамольскай арганізацыі, — і гэтага дастаткова. Але яна не сказала, разумеючы, што тлумачэнне такое занадта закране яго самалюбства, і ён зноў узлуецца. Яна нахілілася на стол і ціха, амаль шэптам спытала:
— Ты толькі з-за гэтага і завітаў?
Ён не ведаў, як разумець яе нечаканае пытанне, і разгубіўся, адразу знік яго ваяўнічы, наступальны запал.
— Заўтра ідзіце ў пяцьдзесят трэці квартал, паваліце дубы, — сказаў спакойна, лагодна і, памаўчаўшы, дадаў:— Вам бліжэй адгэтуль...
У гэты момант у хату зайшоў Васіль, ён гучна прывітаўся з гаспадыняй, шумна паціраючы рукі:
— Эх, салонікі варацца. Вось дарэчы... А то я, цётка Тацяна, галодны, як воўк.
Маша падумала: «Ну вось... Зноў сарвалася... Так, відаць, нам ніколі і не ўдасца пагаварыць адзін-на-адзін». Яна ўзняла вочы і сустрэла позірк Максіма. Позірк быў злосны, асуджаючы. Тады яна зразумела, якая прычына яго прымусіла прыехаць. Ён ведаў, што Васіль паехаў у лясніцтва і што назад будзе вяртацца паўз хату лесніка. А таму, не ўбачыўшы яе сярод дзяўчат, ён і прыляцеў знянацку. Абраза зноў абпякла ёй сэрца... Дагэтуль ён так думае аб ёй? А яна хацела... Маша ўзлавалася і на яго і на сябе. На сябе за тое, што хвіліну назад пашкадавала, што Васіль перашкодзіў ім пагутарыць. Цяпер яна была рада яго прыезду.
Ён стаяў у дзвярах, заінелы, з расчырванелым вясёлым тварам.
— А-а... Не перашкодзіў?
Максім падняўся яму насустрач, засунуўшы на хаду рукі глыбока ў кішэні шыняля.
— Давай без далікатнасці! Перашкодзіў! Інтэлігент!
Усе адчулі сябе няёмка. Маша апусціла вочы ў кнігу.
«Да будут прокляты все предрассудки»... Яна ажно ўздрыгнула, прачытаўшы гэтыя словы, што адразу трапіліся на вочы і былі як-бы яе адказам на абразу, якую зрабіў ёй Максім сваёй падазронасцю.
Васіль адвярнуўся і, распрануўшы кажушок, павесіў яго і шапку на ласіныя рогі, што былі прыбіты да сцяны паміж вокнамі.
Хлопчык, відаць, таксама адчуў гэтую няёмкасць, бо хуценька сабраў свае кніжкі і шмыгнуў на печ.
— А я сёння ў цудоўным настроі,— раптам абвясціў Васіль. — Дамогся і выпісаў яшчэ шэсцьдзесят кубаметраў лесу, пачуў цікавую навіну, прагаладаўся і ў дадатак да ўсяго купіў «чакушку»... пагрэцца, — ён дастаў з кішэні кажушка чацвяртушку гарэлкі, паставіў на падаконнік. Потым пачаў расказваць, як яму давялося пахадзіць, каб выпісаць дадатковую колькасць лесу, як ён палаяўся з Бяловым з-за крэдыту.
— Не разумею, што за чалавек. То бывае залішне шчодры, то раптам капейкі не выпрасіш...
— А мне ён падабаецца, — заўважыла Маша.
— Ды і я яго паважаю, чалавек ён цікавы, вясёлы, гаспадар добры... Толькі неарганізаваны нейкі... Спрачаюся я з ім пры кожнай сустрэчы...
Звычайна маўклівы, Васіль гаварыў амаль бесперапынна. Маша разумела яго. Пасля таго, як Максім раптам прышоў да яго і запрасіў на сход, на якім калгаснікі «Партызана» аднагалосна (нават Шаройка і Карней Лескавец) прагаласавалі за сумеснае будаўніцтва гідрастанцыі, ён пранікся да Максіма павагай, пачаў адносіцца чула, дараваў яму ўсе яго грубаватыя жарты, стараўся дапамагчы ў авалодванні складанымі абавязкамі старшыні і неяк у размове з Ладыніным упэўнена заявіў: