— А ведаеце, Ігнат Андрэевіч, старшыня з яго з цягам часу будзе добры.
Сакратар партарганізацыі адказаў тады:
— У гэтым я не сумняваўся. Інакш мы яго не рэкамендавалі-б... Але пакуль што мне не падабаецца адно. Чаму ён стаў пазбягаць нас? Прыходзіцца лавіць яго, як таго Радніка.
Цяпер Васіль вельмі баяўся, каб недарэчны выпадак гэты зноў не сапсаваў іх узаемаадносін. Але, кажуць, дзе каротка, там рвецца.
Зайшла леснічыха — прынесла салёныя гуркі, хлеб, міску гарачай бульбы, над якой падымаўся слуп белай пары. Ставячы ўсё гэта на стол, яна акінула насмешлівым позіркам хлопцаў, падміргнула Машы.
— Значыцца, гэта тыя самыя супернікі?
У Максіма ўраз сталі круглымі вочы.
— Не сунь, цётка, носа, куды не трэба. Не твая справа!
— Бач ты, які калючы! Пажартаваць нельга. Глядзі, у маёй хаце хвост не задзірай, а то я табе...
Васіль зарагатаў:
— Цётка Тацяна — жартаўніца. Я з ёй другі год ваюю. Яна мяне ўсё жаніць збіраецца.
— І жаню!— рашуча заявіла леснічыха, і, відаць, каб насаліць Максіму, дадала: — За добрага чалавека прыемна і сватаць.
Максім змоўк і сядзеў нахмураны.
Васіль разліў гарэлку ў дзве шклянкі (Маша адмовілася выпіць). Падчапіўшы гурок відэльцам, ён зняў яго другой рукой, адкусіў амаль палавіну і зноў пачаў расказваць:
— Цікавую навіну пачуў у лясніцтве. Калгаснікі са Снежына казалі, што ўчора па радыё вялікую пастанову аб сельскай гаспадарцы перадавалі. Дакладней я даведаўся ад ляснічага, што гэта пастанова пленума ЦК. Адным словам — наша праграма. — Ён паглядзеў на Машу, на Максіма. — Словам, нам трэба, як кажуць, закасваць рукавы. Я вось ехаў і думаў... Ведаеце, мне здаецца, што, захапіўшыся электрастанцыяй, мы аслабілі падрыхтоўку да вясны... Асабліва ў вас... Не крыўдуйце, я ў парадку таварыскай крытыкі. Ты вось тут, Максім, у лесе рэкорды ставіш. Усё гэта добра. А мінеральныя ўгнаенні «Партызан» вывозіць дрэнна. Пазаўчора на бюро райкома гаварылі... Па-мойму, камандзір павінен быць на самым адказным участку...
Лескавец задыхаў часцей звычайнага, цяжкім, доўгім позіркам паглядзеў на Васіля.
— Слухай, Лазавенка, што я табе даўно хацеў сказаць... Я ў твае справы не ўмешваюся, хоць мне, можа, таксама шмат што не падабаецца ў цябе. І я хачу папрасіць цябе: не ўмешвайся, калі ласка, і ты ў справы нашага калгаса. У сваіх памылках мы разбярэмся самі. Ды і кіраўнікоў хапае бяз цябе.. Штодзень упаўнаважаныя бываюць...
Васіль апусціў вочы, старанна запрацаваў сківіцамі, перажоўваючы хлеб. Маша кінула дакорлівы позірк на Максіма.
Хвіліну цягнулася напружаная цішыня. Нарэшце Васіль, праглынуўшы апошні кавалак, выцер хустачкай вусны і проста адказаў:
— На жаль, браце, выканаць тваёй просьбы не магу. Па-першае, характар у мяне не такі, ты-ж ведаеш, па-другое, я — комуніст, і, у дадатак — член райкома. Давядзецца табе прымірыцца, нічога не зробіш, — Васіль развёў рукамі.
— Ну што-ж... Вайна — вайне.
Маша абурылася.
— Якая вайна? Табе хочуць дапамагчы, а ты... Ваяка!.. Сорамна слухаць.
Максім павярнуўся да яе, нервова перасмыкнуў вусамі.
— Ты што, думаеш, у нас з табой горш вараць кацялкі, чым ва ўсіх гэтых «ахвотнікаў» дапамагчы?
— Табе хочуць дапамагчы не нейкія там «ахвотнікі», а партыйная арганізацыя, райком. Зразумей гэта, галава,— Васіль гаварыў спакойна, з цікавасцю сочачы за выразам Максімавага твару, на якім вельмі красамоўна адлюстроўваліся ўсе яго думкі і перажыванні. — Ды, нарэшце, кожнаму чалавеку — калгасніку, настаўніку — ты павінен дзякаваць за карысную параду. Інакш кіраваць нельга.
Відаць, не маючы больш што сказаць і адчуваючы недарэчнасць таго, што нагаварыў, Максім падняўся, прабурчаўшы:
— Не бойся, дзякаваць за дапамогу ўмею і я, але...— і пачаў корпацца ў кішэні свайго шыняля, што вісеў на тых-жа ласіных рагах, побач з кажухом Васіля. Дастаў папяросы, і доўга прыкурваў ад лямпы, нахіліўшыся над сталом так блізка да Машы, што яна адчула своеасаблівы, знаёмы яшчэ з таго далёкага даваеннага часу, пах яго валасоў. Потым падняў галаву і раптам усміхнуўся добрай, шчырай усмешкай, забыўшыся на сваё «але». Васіль таксама ветліва змаўчаў — не спытаў, што значыла яно.
— Дык, гаворыш, лаялі за ўгнаенне. Нічога, вывезем і ўгнаенне. Не ўсё адразу. Праўда, Маша?
— Ёсць справы, якія трэба рабіць адначасова, — павучальна адказала яна.
Максім засмяяўся.
— Аднак вы сталі такімі сур'ёзнымі мудрацамі, што з вамі хоць па канспекту размаўляй.