— Адным словам, лес лесам, таварышы. Безумоўна, трэба і на станцыю нарыхтаваць і дзяржаўнае заданне па вывазцы выканаць і, як можна хутчэй. Але цяпер, — гаварыў Ладынін да Васіля і Максіма, — вам, старшыням, трэба быць у сваіх калгасах, там зараз галоўны ўдар. Угнаенне, рамонт інвентара, збруі, падрыхтоўка насення, дагаворы з МТС... Адным словам, усіх спраў не пералічыш і ўсе яны тэрміновыя і галоўныя. А ў цябе, Максім Антонавіч, атрымалася, як з той світкай. Тут нацягнуў — там парвалася. Гной возяць дрэнна, каваль не працуе. На конях Шаройка ў госці ездзіць...
Максім пачырванеў.
— Вы самі прапанавалі мне ехаць у лес.
— Калі Шаройка з Карнеем тут самагонку пілі... А цяпер, калі тут Маша, комуніст Мурашка, і работа наладжана, як мае быць, табе, кіраўніку, трэба быць у калгасе. Ты гаспадар, твой абавязак думаць пра ўсё адразу...
— Заўтра ўвечары старшыня і я вернемся дамоў, — раптам упэўнена заявіла Маша. — Тут застануцца мае дзяўчаты і за кіраўніка — Мурашка.
Максім здзіўлена паглядзеў на яе, аднак нічога не сказаў.
— Перш за ўсё, таварышы, нам трэба кожнага калгасніка пазнаёміць з гэтым дакументам. Каб людзі адчулі і зразумелі ўсю веліч гэтай сталінскай праграмы.
Лазавенка маўчаў, толькі часта пераглядваўся з Лідай, і гэта крыху закранала Машу. Моўчкі слухала і леснічыха, падпёршы шчаку рукой і не зводзячы вачэй з Ліды. Толькі, калі пілі чай, старая не вытрымала і выказала сваё захапленне дзяўчынай:
— Якая ты прыгожая! Мабыць, хлопцы б'юцца за цябе.
Ліда зарагатала:
— Нават і не глядзяць, цётка.
— Ой, не хлусі. Праўда, біцца зараз з моды вышла. Вось некалі за мяне часта біліся, дурні.
— Дык хіба зараз тыя хлопцы, цётка? — пажартавала Ліда і паказала на Максіма і Васіля. — Вось яны... яшчэ гадоў па дзесяць не жэняцца...
Чыталі і размаўлялі да поўначы, покуль не вярнуліся з танцаў дзяўчаты.
Лазавенка і Лескавец паехалі начаваць у Краўцы. Ладыніну цётка Тацяна пасцяліла на цёплай ляжанцы, а Лідзе і Машы прапанавала нікеляваны ложак з мяккім матрацам.
Лёгшы пад коўдру, Ліда скурчылася і ласкава прыціснулася да Машы. Галава яе прыемна пахла духамі.
3...
У двух сумежных пакоях сельсовета не было дзе ўпасці яблыку: амаль усе калгаснікі «Волі» прышлі на адкрыты партыйны сход. Сесці ўсім не было на чым, і таму сядзелі, галоўным чынам, толькі прадстаўнікі «Партызана» і «Зоркі», якія прышлі раней і да якіх дабрадзееўцы паставіліся, як да гасцей. Але Ладынін з самага пачатку адчуў хітрасць у гэтай незвычайнай ветлівасці гаспадароў: ім хацелася, каб прадстаўнікі адстаючых калгасаў селі тварам у твар з прэзідыумам, а не хаваліся за чужымі спінамі.
Да пачатку сходу было шумна. Але як толькі Ладынін падняўся — усе сціхлі і стала чуваць, як з даху падаюць буйныя кроплі. Унутраныя рамы даўно былі выстаўлены, і ўсплёскі кропляў аб лужыну, што ўтварылася за дзень пад прызбай, былі даволі выразныя, іх пачуў нават глухаваты вартаўнік Сямён, які драмаў, покуль шумелі, і прачнуўся, калі раптам стала ціха.
Даклад Ігнат Андрэевіч рабіў сам. Пытанне было вялікае і надзвычай адказнае — задачы партарганізацыі ў сувязі з пісьмом земляробаў рэспублікі вялікаму Сталіну. Ладынін ведаў, якое агромністае значэнне будзе мець гэты сход, калі ён пройдзе на належным ўзроўні. Трэба было паставіць пэўныя задачы не толькі перад кожным комуністам і агітатарам. Трэба было дамагчыся, каб пачуццём адказнасці за лёс будучага ўраджаю пранікніся члены праўлення, брыгадзіры, усе калгаснікі. З гэтай мэтай Ладынін і склікаў адкрыты партыйны сход. Ён вырашыў яшчэ раз сур'ёзна пагаварыць аб выніках зімовай працы — падрыхтоўцы да сяўбы, а, галоўным чынам,— аб будучым этапе барацьбы за ўраджай — аб правядзенні самой веснавой сяўбы. Пісьмо Сталіну натхніла людзей. Абавязак комуністаў — падтрымаць, падняць гэтае высокароднае натхненне. Але не ўрачыстымі прамовамі, як Ладыніну раілі некаторыя таварышы, а шчырай размовай аб недахопах, прынцыповай крытыкай.
Безумоўна, раней, чым пачаць гаварыць аб недахопах, трэба было сказаць аб станоўчым, аб дасягненнях, даць прыклады, па кім раўняцца. Такія прыклады былі ў «Волі». Але Ігнат Андрэевіч гаварыў у гэты раз аб іх надзіва стрымана. Ён пачаў заўважаць што ў асобных дабрадзееўцаў з'явілася пачуццё самаўпэўненасці, заспакоенасці: «Мы, моў, цяпер усё можам, нам цяпер усё ні па чым!» Яно праяўлялася ў своеасаблівай ганарлівасці, у нядобрых кпінах з суседзяў і вось у гэтай хітрай гасціннасці — пасадзіць адстаючых каля самага стала прэзідыума. Трэба было вытруціць гэтае пачуццё ў зародку ў кожным чалавеку, як ён вытруціў яго ў душы іх старшыні — Лазавенкі. Таму Ладынін даволі стрымана хваліў «Волю», хоць пахваліць было за што. Няхай лепей калгаснікі скажуць самі. Скажуць справай. А ён і ім пакажа на недахопы, на тое, што ў іх недароблена, не дагледжана.