І Ладынін сапраўды зрабіў некалькі закідаў і праўленню «Волі». Сцяна дабрадзееўцаў калыхнулася, пракаціўся стрыманы гул здзіўлення.
— Што? У нас замокнуў попел? Не можа быць!
— Як-жа не можа... Нібы ты не ведаеш... Штодзень хадзіў паўз гэты попел!
— Машына райсаюза скінула ўгнаенне не на тым полі, а не я! — закрычаў у апраўданне шафёр калгаса Ягор Кардаш. — Няхай старшыня бярэ на сябе гэтую віну!..
Васіль моўчкі ўсміхаўся.
Больш за ўсё Ладыніну давялося гаварыць аб «Партызане». Справы там ішлі лепш, чым пры Шаройку. Вырасла актыўнасць калгаснікаў, умацавалася дысцыпліна, а гэта сакратар лічыў галоўным, бо ўсё залежыць ад таго, як. будуць працаваць людзі. Праўда, мала людзей падняць, запаліць, трэба пасля гэтага іх правільна, умела весці, разумна кіраваць імі. Лескавец з душой, з аганьком узяўся за працу, — і гэта падняло людзей. За тры месяцы ён ажно прыкметна схуднеў. Ён умеў, як некалі і яго бацька, паказаць асабісты прыклад у рабоце. Быў настойлівым, патрабавальным да людзей і да сябе. Позна лажыўся і рана ўставаў, як і належыць добраму гаспадару. Але ён залішне многа ездзіў па раённых і абласных арганізацыях, часта без асаблівай патрэбы, за дробязямі. У калгасе ён таксама прагнуў усюды паспець, усё ўбачыць сам, нібы не давяраў людзям, ва ўсё ўмешваўся, часам падмяняючы брыгадзіраў, загадчыка фермы, рахункавода. А таму яго намаганні не давалі тых вынікаў, якіх ён жадаў. Яго не хапала на ўсё, ён распыляўся і за дробязямі не бачыў галоўнага. Ладыніну было вядома, што ён так загрузіў сябе работай, што не мае часу пачытаць газету, а Лазавенка ў гэтыя-ж напружаныя дні прачытвае сотні старонак розных кніг.
Сакратар партарганізацыі нястомна сачыў за дзейнасцю Лескаўца, папраўляў яго памылкі, падказваў правільныя рашэнні найбольш складаных пытанняў. Ведаючы яго няўрымслівы, гарачы характар, Ігнат Андрэевіч рабіў гэта спачатку асцярожна, далікатна, звычайна адзін-на-адзін у шчырай гутарцы, або на закрытым партсходзе. Але, урэшце, вырашыў ва ўвесь голас і ва ўсю сілу фактаў «прапясочыць» Лескаўца на адным з адкрытых сходаў, пры людзях, паглядзець, як гэта на яго падзейнічае. Хай падумае пасля, паварушыць мазгамі! І ён рабіў гэта ў сваім дакладзе.
— ...Прыкладаў бяспланавасці, стыхійнасці ў рабоце Лескаўца і ўсяго праўлення «Партызана» колькі хочаш... Вось вам самы свежы. Учора ўся Дабрадзееўка назірала, як калгаснікі з Лядцаў везлі сена з лугу, які знаходзіцца недзе за трыццаць кілометраў. Везлі на санях па пяску, словам, не везлі, а цягнулі цягам. Ледзь жывыя былі і коні і людзі. А тры вазы сена недзе і зараз ляжаць у Слюдзянцы. А ўсё таму, што і Лескавец і Бірыла, і паважаны брыгадзір Шаройка ўспомнілі аб гэтым сене, якое, дарэчы, спецыяльна пакідалася на час палявых работ, толькі тады, калі пачала раставаць дарога. Гэта называецца «далі адпачыць коням». Аб чым думалі раней? — невядома...
— Лес вазілі, — буркнуў Шаройка.
Ладынін насмешліва паглядзеў на яго. Шаройка ўціснуў галаву ў плечы, нахіліўся.
— Пры вас, Шаройка, і лес ні разу не вывозілі і гной заставаўся ў хлявах...
— І поле пуставала, — дадаў нехта з дабрадзееўцаў.
— Мне думаецца ўсё гэта ад таго, што таварыш Лескавец, як я гаварыў, часам займаецца не тым, чым павінен займацца старшыня...
Максім сядзеў збоку, каля акна, паміж Шаройкам і сваім намеснікам Бірылам. Быў ён знешне спакойны, сядзеў, закінуўшы нагу на нагу, кідаў позіркі ў бакі, усміхаўся, нібы гаварыў: «Любуйцеся, які я!..» Сапраўды, дабрадзееўскія дзяўчаты не зводзілі з яго вачэй. Але чырвань шчок і вочы, у якіх гарэлі нейкія дзіўныя зялёныя агеньчыкі, выдавалі яго хваляванне.
Ладынін гаварыў да ўсіх, але ўпотай назіраў за ім. Часта пазірала на яго і Маша; яна баялася, што Максім не вытрымае і якім-небудзь недарэчным выгукам, пярэчаннем перапыніць Ігната Андрэевіча. А ёй хацелася апладыраваць кожнаму слову сакратара, бо ўсё, што ён гаварыў, было справядлівым, аб гэтым не раз думала яна сама. Але ў той-жа час ёй было шкада Максіма: ніхто лепей за яе не ведаў, як балюча ён успрымае такую крытыку. Яна бачыла больш, чым Ладынін, і больш чытала на яго твары. Вось ён непрыкметна зашпіліў шынель, потым расшпіліў яго і раптам у нейкі міг, які ніхто не заўважыў, аднаго гузіка не стала: Максім схаваў яго ў кішэню.