«А мы? Што скажам мы? Няўжо так і прамаўчым? — яна пільна ўзіралася ў твар Максіма, жадаючы адгадаць яго думкі, але рысы яго твару былі нерухомыя — ён уважліва слухаў, толькі зрэдку выціраў лоб хустачкай. — Няўжо мы не здольны вырасціць такі-ж ураджай, як у «Волі»? Ці ў нас зямля не такая? Ці не аднолькава будзе свяціць сонца і ісці дажджы? Не, выступлю і скажу за сваю брыгаду. Мы зможам вырасціць такі-ж ураджай. А калі...— у душным пакоі ёй на момант стала холадна ад гэтай думкі, — калі не зможам?.. Значыцца, я ашукаю партыйны сход... — Яна хутка зірнула на партрэт правадыра. — Можа лепей змаўчаць? Каб гэта залежала толькі ад мяне, я ночы не спала-б... А то ў брыгадзе шэсцьдзесят працаздольных, розныя людзі, па-рознаму ставяцца да працы. Не, людзі добрыя. Хіба не аб гэтым самым гаварылі яны на апошнім брыгадным сходзе? Усе сыходзіліся на тым, што трэба змагацца за такі ўраджай, як у «Волі». Не, людзі падтрымаюць...»
Маша схамянулася ад воплескаў. Аглянуўшыся, яна ўбачыла добрую, сціплую ўсмешку Васіля і пачала таксама гучна, па-дзіцячаму шырока разводзячы рукі, біць у далоні. Яна радавалася за Васіля, у яе ажно вочы напоўніліся гарачымі слязамі захаплення.
За акном шугануў вецер, моцна ўдарыў у бляшаны дах. Па шыбах нібы нехта сыпануў гарохам; шарыкамі жывога срэбра пакаціліся па шклу буйныя кроплі дажджу.
— Дождж?!— здзіўлена і радасна прашапталі людзі.
Маша схамянулася, адарвалася ад сваіх думак.
«Дождж».
— Да раніцы, бадай, увесь снег змые, — прамовіў нехта са старых.
«Вось яна і прышла вясна», — і раптоўна ўсе хістанні, усе сумненні зніклі. Маша рашуча папрасіла слова.
Дождж ішоў спорны і цёплы. І адразу запахла сырой адталай зямлёй і яшчэ нейкім своеасаблівым пахам, якому няма назвы, але аб якім звычайна гавораць: «пахне вясной». Ноч — хоць вока выкалі. Толькі ззаду, у Дабрадзееўцы, праз заслону дажджу свяціліся вокны хат і адзінокія электрычныя ліхтары — каля «сілавой», урачэбнага пункта, на калгасным двары.
Наезджаная за зіму дарога яшчэ крыху трымала, але ў многіх месцах яе парэзалі ўжо напорлівыя веснавыя раўчакі. Вада журчэла збоку ў канавах.
Яны ішлі, як салдаты ў разведцы, — адзін за адным, з той толькі розніцай, што камандзір — Лескавец — ішоў самым заднім. Маша аглядвалася, бачыла іскры з яго люлькі — ён няспынна курыў. «Хвалюецца і злуецца». Сама яна таксама ўсё яшчэ не магла супакоіцца пасля выступлення і нават, здавалася ёй, хвалявалася больш, чым там, на сходзе. Трывожыла думка: ці вырасце ў іх такі ўраджай, як у «Волі»? Яна ўспамінала ўсю работу, якую прарабілі ў брыгадзе, рыхтуючыся да вясны. Недаробак было шмат, і яны непакоілі. Суцяшаў толькі брыгадны клін азімага. На ім яны зрабілі і зробяць усё, што робяць на сваім участку жыта дабрадзееўцы. Дарэчы, іх поле мяжуе з лепшым участкам «Волі», і ўсё ў іх будзе аднолькавае. А вось ярына... Яе яшчэ трэба пасеяць. Тут будзе цяжэй. У іх нават не ўся плошча пад вясновы пасеў пазяблена. І гною менш, і насенне горшае, і коні слабейшыя, і трактар трапіўся нейкі няўдалы... Ад гэтых думак яшчэ больш стала трывожна на сэрцы.
«Як я людзям у вочы гляну, калі не выканаю таго, што паабяцала?». Ёй захацелася пагаварыць з Максімам, адстаць, пайсці побач і шчыра пагаварыць. Але яна баялася, што ён не зразумее і зноў можа абразіць яе пачуцці якім-небудзь грубым адказам. Ішлі моўчкі. Толькі Клаўдзя Хацкевіч нешта ціха расказвала дзяўчатам і сама гучна смяялася.
— Ну, бабы, падымай спадніцы!. Будзем скакаць! — прагучэў яе вясёлы голас.
Дарогу перарэзаў раўчак.
Мурашка пасвяціў кішанёвым ліхтарыкам.
— Ну, гэта што! — і першы спрытна окочыў.
— Табе лёгка гаварыць — што! А вось як нам?— бурчэла Клаўдзя. — Дзе там Максім? Ты, чарцяка, у паляўнічых ботах, а я табе ў бахілах павінна дарогу пракладваць. Камандзір павінен быць наперадзе свайго войска!
Максім не адгукнуўся. Маша адчувала, што ён стаіць за спіною ў яе і чула, як смокча люльку: гэта быў смешны гук — цмокае, як малое дзіця. Хутка іх прымусіў спыніцца і згрудзіцца новы раўчак, які журчэў і булькатаў гучней за ўсе папярэднія.
Мурашка зноў пасвяціў і свіснуў.
Лукаш Бірыла пачаў кіем мераць глыбіню і мацаць, дно — дзе зручней перайсці.
Люлька засіпела каля самага Машынага вуха.
— Ты што, таксама вырашыла мне нос уцерці? — сказаў ён ціха, але Машу так непрыемна ўразілі гэтыя словы, што яна на момант разгубілася.
— Зразумей, Максім...
— Ты думаеш, адна ты разумееш, а ў мяне і галавы няма і замест сэрца — камень. Так? Я сам мог сказаць...
— Я табе не перашкодзіла... Я сказала за сваю брыгаду.