Выбрать главу

— Не перашкодзіла!..

У іх размову, якую яны вялі амаль шэптам, нечакана ўмяшаўся Шаройка, які стаяў ззаду, але якога яны не бачылі.

— Эх, Максім Антонавіч, куранят лічацо увосень. Хто ведае, ці яно падсушыць, ці яно падмочыць. Сказаць лёгка... А мы лепей цішком ды моўчкі... Так яно лепей.

— «Цішком ды моўчкі»! — зняважліва хмыкнуў Максім.

Шаройка адступіў некуды ў цемру. Маша задаволена ўсміхнулася.

Максам наўпрасцяк, хутка і шумна, перайшоў раўчак і пайшоў першы, больш не спыняючыся і не адказваючы на жарты Клаўдзі, якія яна кідала ўздагон.

4...

У небе спяваў жаўранак. Людзі, пачуўшы гэты дзіўны спеў, спыняліся і, задраўшы галовы, ссунуўшы зімовыя шапкі на патыліцы, намагаліся адшукаць яго ў яркім вясновым блакіце, які сляпіў вочы. Набягалі слёзы, іх змахвалі далонямі і зноў углядваліся.

— Вунь ён, ву-унь!

— Але... Як камячок... На адным месцы вісіць.

— Толькі крыллямі трапеча.

Дарослыя гаварылі і радаваліся, як дзеці.

Жаўранкавым спевам звінела ўсё навокал у гэты

незвычайны дзень, першы такі ясны і цёплы пасля зімы. Хоць быў канец сакавіка, а сонца пякло, як у маі, і «украінскі» ветрык, як тут называлі вецер з поўдня, прыносіў не халодную вільгаць прадвесня, а духмяную цеплыню сапраўднай вясны, водыр разагрэтай сонцам зямлі.

Адразу, набрынялі буйныя почкі старой вярбы, што расла пад абрывам, схіліўшыся над самай вадой. Здавалася, яшчэ адна хвіліна, адзін момант — і пырснуць гэтыя почкі маладым зялёным лісцем.

Васілю здалося, што гэта здарыцца зараз, на яго вачах, і ён на хвіліну змоўк, нават стаіўся, чакаючы цуда. Магчыма, аб нечым блізкім да гэтага думаў і Ладыінін, бо ён таксама моўчкі пільна глядзеў на вярбу, на хуткую плынь вады. Рэчка вышла з берагоў, паднялася трохі не на ўзровень абрыву, заліла нешырокую пойму, камель старой вярбы, ажно да самага галля, і нават некалькі галінак было ў вадзе. На поўдзень, за паваротам, дзе пойма пашыралася, і на поўнач, за мастом, дзе ажно да самай Дабрадзееўкі рэчка заліла луг, віднеліся шырокія і спакойныя прасторы вады, па якіх, не ведаючы, нельга было вызначыць, дзе праходзіць рэчышча. А тут, у гэтай вузкай гарлавіне, сціснутай высокімі абрывістымі берагамі, на адным з якіх стаялі старыя дубы, а на другім — сосны, — паводка рвалася наперад, як раз'юшаная. Вада падмывала пясчаны бераг, вірылася вакол вярбы. Імкліва праплывалі, кружачыся, трэскі, галінкі, тарфяны, гной — рэшткі зімовых дарог.

Таўстая галіна вярбы цягнулася ўгору, узвышалася над берагам. Васіль нахіліўся над абрывам і адламаў галінку з вясёлымі кучаравымі «коцікамі». Панюхаў і засмяяўся.

— Вябра пахне малаком...

Ігнат Андрэевіч здзіўлена паглядзеў на свайго маладога сябра.

— Ну-у, гэта фантазія жывёлавода!

— Сур'ёзна. Між іншым, я заўважыў гэта ўпершыню, калі быў яшчэ вучнем... Помню з мяне смяяліся... Асабліва, гэты... д'ябал. — Васіль кіўнуў галавой назад, у бок Лядцаў, але слова «д'ябал» сказаў па-сяброўску ласкава. Наогул у яго быў незвычайны настрой — сапраўды вясновы. Грудзі напаўняліся нейкім бурлівым захапленнем. Свярбелі далоні рук — хацелася працаваць, галёкаць і смяяцца разам з моладдзю. Ён павярнуўся ад рэчкі. За якіх крокаў сто ад таго месца, дзе яны стаялі, хлопцы з чатырох калгасаў з жартамі і смехам складалі ў вялікія штабялі жоўтыя бярвенні. Старэйшыя мужчыны скаблілі іх. Бярвенні ляжалі тут на ўсёй пляцоўцы — ад рэчкі і амаль да самага калгаснага двара. Покуль трымалася санная дарога, іх хутчэй вывозілі з лесу, а цяпер, усё прадвесне, скаблілі і прыводзілі да ладу.

З другога боку, на пясчаным узгорку, вялікая група дзяўчат і жанчын ускрывалі кар'ер, з якога будаўнікі будуць браць грунт для земляной часткі плаціны.

Яшчэ далей, каля вёскі, і мужчыны і жанчыны працавалі на дарозе, якой яшчэ не было, але якая павінна будзе звязаць стары шлях з стогадовымі бярозамі, што ішоў адсюль на Украіну, з будаўнічай пляцоўкай.

— Кіпіць работа, Ігнат Андрэевіч!

— А-а? — Ладынін адвёў позірк ад рэчкі. — Прыгожая мясціна. Дуб які прыгожы! Волат! А работа яшчэ не так закіпіць...

Лазавенка раптам засвістаў нейкую вясёлую мелодыю.

Ладынін здзіўлена, хаваючы ў вусы хітраватую ўсмешку, назіраў за ім.

— Баюся, Ігнат Андрэевіч, што палявыя работы спыняць будаўніцтва.

— А мы сёння павінны цвёрда дамовіцца і запісаць... Будзем змагацца, каб не было ніводнага дня перапынку. Справа не толькі ў тэмпах. Баюся іншага: спынім мы работы на якога поўмесяца — і Сакавітаў сапраўды выедзе. Чакай тады, покуль «Сельэлектра» прышле свайго інжынера. Гэты чалавек не можа сядзець без работы і не можа адарвацца, пакінуць яе, калі работа ідзе добра, калі кожны працоўны дзень ставіць яму задачы на наступны дзень...