Яны ішлі да штабеляў. Лазавенка раптам спыніўся, прыслухаўся.
— Ты чаго? — спытаў Ладынін.
Васіль весела кіўнуў галавой:
— Гудзіць!
Недзе вельмі далёка, за Лядцамі, а, можа, нават і за Дабрадзееўкай, гудзеў трактар.
— Працуе. Сёння засеем першыя гектары. Ігнат Андрэевіч, трэба сур'ёзна пагаварыць з Лескаўцом. Якога ліха ён не пачынае! У «Партызане» ёсць мясціны вышэйшыя, чым у нас... А глядзіце, як сохне зямля. Нельга адкладваць ні на адзін дзень. Хай заўтра-ж пачынае. Выбарна... Хопіць яму слухаць Шаройкавы парады!..
— Пагаворым і моцна пагаворым...
З рэчкі даляцеў вясёлы выгук:
— Ого-го!
Хлопцы ад штабеляў кінуліся на бераг глядзець.
— Пецька, бяжым, нехта топіцца!
— Але... Не тым-бы голасам ён крычаў, каб тапіўся!
Ладынін і Лазавенка таксама пайшлі да рэчкі.
На самай сярэдзіне разліву, дзе праходзіла рэчышча і дзе плынь была асабліва хуткая, круцілася невялікая лодка. У ёй сядзела трое. На карме — інжынер Сакавітаў з рулявым вяслом у руках і з даўгой жардзінай, якая ляжала ў яго на каленях. На носе лодкі — сярэдніх год жанчына ў зімовым паліто, у белай шароцянай хустцы, якая прыемна маладзіла яе твар. Гэта — Гайная, Кацярына Васільеўна, старшыня суседняга украінскага калгаса «Дружба». Яна сядзела нерухома, з акамянелым тварам — як статуя.
Трэцім — быў Максім Лескавец. Без шапкі, у адной гімнасцёрцы, ён з усяе сілы працаваў вёсламі. Сакавітаў намагаўся зруляваць да берага, у невялікую затоку каля калгаснага двара, выбітую за многія гады жывёлай, але плынь цягнула лодку да супрацьлеглага берага, і яна круцілася на адным месцы.
— У Гайнай душа ў пятках, — заўважыў Пецька Кацуба, і хлопцы дружна зарагаталі.
— Сяргей Паўлавіч! Рулюйце да таго берага, там спакойна. А адтуль — наперарэз, — раілі хлопцы.
— Максім Антонавіч! Давай да маста, тут вам не сыйсці, — крычаў Лукаш Бірыла, з прыкметнай трывогай за свайго старшыню, і, не ўхваляючы, бурчэў: — Чэрці. Жартачкі знайшлі. Выкупацца захацелі. Гэтая Гайная, як сякера, — ураз на дно пойдзе...
Але лодка раптам, нібы сарваўшыся з якара, хутка і роўна пайшла ў патрэбным кірунку.
Кацярына Васільеўна першая выскачыла, пацягнулася, па-мужчынску развёўшы рукі, а потым зусім па-жаночаму выцерла махрамі хусткі твар.
Убачыўшы Васіля і Ладыніна, засмяялася.
— Ну, і нагналі мне страху вашы інжынеры. Захацела, старая дурніця, паплаваты. Сядзела і ўспамінала, каму я Доўжна засталася на цім свіце. Здароў, Васілёк жытнёвы! Добры дзень, доктар.
— Дзень добры, Кацярына Васільеўна. Нешта ты вясну палохаеш.
— У мане ангіна, дарагенькі, шчоб яна скісла. Жыцця не дае...
Сакавітаў і Максім з дапамогай хлопцаў выцягвалі на бераг лодку.
Васіль з іранічнай усмешкай глядзеў на Гайную. У душы ён крыху недалюбліваў гэтую шумную жанчыну з яе робленай прастатой, старамоднымі, нейкімі бабскімі, зваротамі да людзей, нават старэйшых ад яе, — «саколік», «дарагенькі». Недалюбліваў за ўпартасць і за тое, што яна залішне хвалілася сваім калгасам. Год назад Гайная сама прыехала ў Дабрадзееўку і прапанавала Васілю заключыць соцумову. Але калі справа дайшла да праверкі спаборніцтва, яна ўпарта не хацела пагадзіцца з тым, што «Дружба» адстала, што гаспадарка ў яе развіваецца аднабакова. Давялося складаць вельмі аўтарытэтную камісію, былі сакратары райкомаў, аграномы, старэйшыя калгаснікі, але і з яе заключэннем яна не згадзілася і прадаўжала ўпарта стаяць на сваім.
— Да Кіева дайду, а не згаджуся! Вы паглядзіце, якія ў мяне каровы!
Сапраўды, каровы былі адменныя. Догляду за імі яна аддавала асаблівую ўвагу і ўсе галіны невялікай гаспадаркі падначальвала малочнай ферме. Усё, што рабілася ў калгасе, рабілася дзеля кароў. Дарэмна Васіль спрабаваў гаварыць ёй аб яе памылцы — аб разрыве паміж «двума цэхамі», аб тым, што адставанне паляводства не дасць магчымасці далей развівацца і жывёлагадоўлі.
— Будзь ласкаў, не чытай ты мне мараляў. Сваіх дарадчыкаў поўны раён, спакою від іх не маю, а яшчэ ты... У мяне самы лепшы луг, я сваім лугам тры такія фермы пракармлю. У цябе такіх кароў цераз дзесяць років не будэ. А ты даказваеш!..
— Не бачыла ты сапраўдных кароў, Кацярына Васільеўна.
Яна ўзлавалася і ледзь не выгнала яго з канцылярыі пры маладой настаўніцы. З таго часу Васіль махнуў рукой і не ездзіў да яе доўгі час, ажно покуль Ладынін не параіў яму прапанаваць Гайнай удзельнічаць у будаўніцтве гідрастанцыі.