Выбрать главу

— Толькі не палохайце, Кацярына Васільеўна! Мы не з палахлівых. Сеялі і ведаем, — Васіль прамовіў апошнія словы з своеасаблівым націскам, сярдзіта. — Я падлічу і дакажу вам, што на сяўбе ў вас штодзень гуляе палова людзей.

— Навучыўся ты падлічваць чужых людзей.

— За суткі вада спала на сем сантыметраў, — раптам, перапыніўшы іх спрэчку, паведаміў Сакавітаў і задумліва працягваў: — Увойдзе рэчка ў берагі — вынесу праект у натуру і... прасіце спецыяліста «Сельэлектра»... Я сваю справу зрабіў. Чым мог — дапамог. Больш не магу! Работа, кватэра — усё гатова... Во колькі атрымаў за зіму пісем — ён паляпаў далонямі па раздзьмутай кішэні, хоць там былі зусім не пісьмы, а паперы з разлікамі будаўніцтва.

З-за штабеляў выехала фурманка, на возе плячо ў плячо сядзелі два чалавекі і мірна гутарылі. Лазавенка засмяяўся:

— Глядзіце, Байкоў і Раднік памірыліся. Скончылася гульня ў ката і мышку.

Па прапанове Ладыніна ўсе селі тут-жа, на бярвеннях, і Васіль Лазавенка абвясціў паседжанне міжкалгаснага совета адкрытым.

5...

З поля Маша вярнулася позна. Аднак не пайшла адразу ў хату. Узышла на ганак і апусцілася на лавачку, прыціснулася да яшчэ цёплай сцяны. На нейкі момант зморанасць скавала ўсё цела, яна сядзела абыякавая да ўсяго, што рабілася навокал, слухала і не ўспрымала гукаў. Даўно ўжо сцямнела, хоць за рэчкай на паўночным захадзе неба было светла-блакітнае, без зорак, з ружовай паласой над даляглядам. Рэдкія зоркі мігцелі над галавой. Было душна. Над вуліцай яшчэ вісеў пыл, падняты статкам. А вёска была напоўнена гукамі. Каля школы гулялі дзеці ў схованкі, крычалі і весела смяяліся. Потым хлапчука, відаць, пакрыўдзілі, і ён голасна заплакаў.

— Я ма-а-ме скажу-у!..

Зазыўна мычэлі непадобныя каровы, гаспадыні якіх, відаць, затрымаліся на гародах. На калгасным двары жаласліва іржала жарабё: кабыл выгналі на начлег, а маладняк пакінулі — баяліся ваўкоў. Галасіста, ажно далёка на паплавах адгукалася рэха, гагакалі гусі. Звінеў малады дзявочы смех, радасны і прываблівы. А ахрыплы жаночы голас злосна гукаў:

— Федзя, а Федзя! Колькі я цябе буду клікаць! Ну, паганец, не прыходзь дамоў! Я табе дам!

Забрынчэла і змоўкла балалайка. А ў кустах каля рэчкі заскрыпеў дзяркач, і пачыналі бязладны «канцэрт» жабы. Недзе каля Дабрадзееўкі заспявалі дзяўчаты. І гэты далёкі спеў схамянуў Машу, вывеў з стану задумлівасці. «Спяваюць... Гэта Насціна звяно з поля вяртаецца. З праполкі. Ужо з праполкі...»

Маша адарвалася ад сцяны і пацерла далонямі каленкі, якія нылі ад стомы, уздыхнула і думкі паплылі, як заўсёды, — імклівыя, напружаныя!

Ох! Якая гэта цяжкая работа — брыгадзірам! Цэлы дзень на нагах, ад цямна да цямна. А вынікі... У «Волі» пачалі палоць ужо, а ў іх... У іх яшчэ раннія не пасеяны, а колькі бульбы, проса, гародніны... Праўда, у яе брыгадзе справы значна лепшыя, чым у другіх. Але хіба можа выцягнуць увесь калгас адна яе брыгада? Ды і не такія яны ўжо лепшыя і яе справы. Не трэба забывацца, што яна давала абяцанне на партыйным сходзе... Пры думцы аб гэтым ёй заўсёды рабілася горача. Але хіба зраўняешся з «Воляй», калі яны кожную культуру пасеялі ў самыя дакладныя агранамічныя тэрміны? А вясна вунь якая — сухая, ніводнага дажджу. У полі ад пылу дыхаць нельга, на ўзгорках вятры выдзьмулі зямлю, і зерне ляжыць на паверхні, сохне і не прарастае. У такую вясну на якія два дні пасееш пазней — і на два цэнтнеры атрымаеш менш. Але чаму яны так адстаюць? У чым прычына? Яна ведала: прычын многа, яны агульныя, аб іх многа пішуць у газетах, гавораць на сходах. І яна не ўдумвалася ў іх сутнасць. Яе цікавіла адно пытанне, і яна кожны раз пасля такіх думак вярталася да яго. У чым сіла Васіля? Чаму ў «Волі» такі парадак, такая арганізаванасць, такі, як гаворыць Алеся, рытм у рабоце? Раней, пры Шаройку, яна адказвала на гэтае пытанне проста: сіла гэтая ў тым, што старшыня душой хварэе за калгасную гаспадарку, а не думае аб уласнай нажыве, як Шаройка.

Але Максіма нельга папракнуць, што ён не турбуецца за калгаснае дабро, а дбае аб сваім. Маша ўпэўнена, што ў яго не меншае жаданне зрабіць свой калгас перадавым, чым у Васіля. Сапраўды, ён проста, як кажуць, «гарыць на рабоце», асабліва пасля таго адкрытага партыйнага сходу. Дык чаму-ж яго добрыя намеры не прыводзяць да такіх-жа добрых вынікаў?

Ёй вельмі хацелася, махнуўшы рукой на бабскія перасуды, схадзіць да Васіля, распытаць усё па-сяброўску, параіцца, папрысутнічаць на нарадах, на паседжанні праўлення, пахадзіць з ім па полі. Ёй здавалася, што, каб яна ведала гэты сакрэт, яна знайшла-б, як перадаць яго Максіму, і прымусіла-б яго кіраваць так, як кіруе Лазавенка.