Выбрать главу

Максім дагнаў іх, амаль па-ваеннаму спытаў:

— Я вам не патрэбны, таварыш Макушэнка?

— Калі ласка... Калі ў цябе справы — ідзі займайся імі. І вы, таварышы, не саромейцеся, — звярнуўся ён да Машы і Бірылы. — Я адзін паблукаю тут. Прыгожа ў вас. Я — лірык, у маладосці некалі вершы пісаў.

Макушэнка пайшоў па беразе ўверх па цячэнню і далёка за вёскай, у кустах, нечакана напаткаў Сакавітава. Інжынер ляжаў у густой траве, глядзеў на ваду і задуменна кусаў сцяблінку травы.

Макушэнка зводдаль употайкі паназіраў за выразам яго твару і падумаў з усмешкай: «Б'ю ў заклад, што выязджаць табе адгэтуль сапраўды не хочацца. Шкада пакідаць пачатую справу. Праўда на баку Лазавенкі. Што-ж, дапаможам табе застацца...»

Ён вышаў з-за кустоў. Сакавітаў убачыў яго і падняўся, каб прывітацца.

— А я вас цэлы дзень шукаю, Сяргей Паўлавіч.

— Мяне? — здзівіўся Сакавітаў. — Навошта я вам?

Макушэнка, не адказаўшы на пытанне, прапанаваў

сесці, дастаў папяросу, закурыў.

— Прыгожае месца, Сяргей Паўлавіч,— кіўнуў сакратар за рэчку, дзе стаялі дубы і віднелася рунь пасеваў.

— Месца — нічога. Але я вось прышоў развітацца... Мая хвароба — хутка і моцна прывязваюся да добрых людзей і да прыгожых мясцін.

— Значыцца, выязджаеце? Калі?

— Паслязаўтра, — і злосна ляпнуўшы сябе па шчацэ, каб забіць камара, пачаў як-бы апраўдвацца. — Выязджаю. Не магу. Не мой гэта размах. Я такія плаціны за тыдзень будаваў, а тут... людзей знялі... Адзін Лазавенка толькі і думае аб будаўніцтве... Ды пры тым, уявіце сабе, якое маё становішча. Ні пэўнай пасады, ні акладу... Так сабе... інжынер-аматар, утрыманец калгаса... Гэта, ведаеце, проста... — ён паварушыў пальцамі, шукаючы патрэбнае слова і, відаць, не знайшоў.

— Та-ак, шкада, — працягнуў Макушэнка.

— Чаго — шкада?

— Шкада, што вы выязджаеце паслязаўтра. Першы сакратар абкома вельмі прасіў, каб вы заглянулі да яго...

— Я? Па якой справе?

— Дакладна не ведана.

— Хочаце затрымаць? Прызнайцеся шчыра. Але я на часовым уліку... Цяпер ніхто і нішто мяне ўжо не затрымае. Я — упарты і вырашаю адзін раз.

Макушэнка ўсміхнуўся.

— Далібог, нічога не ведаю, дарагі Сяргей Паўлавіч. Але шкада...

— Я магу затрымацца і з'ездзіць.

— Калі можаце — прашу вас... Я цераз вас пісьмо перадам Паўлу Сцяпанавічу...

Пасля гэтай размовы яны доўга яшчэ ляжалі і гутарылі аб розных іншых справах — аб сяўбе, аб міжнародным становішчы, абураліся супраць «дактрыны Трумэна» і крывавых дзеянняў фашыстаў у Грэцыі.

Разышліся, калі добра сцямнела.

Максім, адышоўшы ад сакратара райкома, накіраваўся да канюшні, хутка засядлаў стаенніка і сцежкай, паўз гароды, паехаў у Дабрадзееўку. Каля вёскі ехаў крокам, а ў полі пагнаў каня наўскок. У грудзях у яго кіпелі складаныя пачуцці: закранутае самалюбства, крыўда, злосць і ўпартасць і яшчэ нешта такое, чаму няма і азначэння.

«Дапамога. Нішто сабе дапамога! Дзесяць гектараў пасеюць, а пасля год пальцамі будуць тыцкаць: за вас Лазавенка пасеяў. Ну, дружбачок, не думаў, што ты хітрэйшы за самога чорта. Але на мне не пад'едзеш: дзе сядзеш — там і злезеш. Я сыты па горла ад тваёй ідэйнай дапамогі».

Ён ехаў з цвёрдай рашучасцю пагаварыць «начыстату» і ўсё вылажыць, што ён думае аб ім, Лазавенку, і не папрасіць, не, патрабаваць, каб той адмовіўся ад свайго намеру дапамагчы «Партызану» закончыць сяўбу.

Каля сельмага хлапчукі паведамілі яму, што старшыня толькі што прайшоў за рэчку, у поле.

Надыходзіла ноч, ужо даволі згусціўся змрок. Людзі даўно вярнуліся з работы, і Максім не разумеў, што спатрэбілася Васілю ў такі час у полі. Яго рашучасць пахіснулася і даволі моцна. А ці не будзе такая размова прыніжэннем сябе перад Лазавенкам? А ці разумна тое, што ён думае зрабіць? Ці не дасць гэта повад для новых насмешак і хітрыкаў з яго боку?

Ён павярнуў каня назад... Але, даехаўшы ў канец саду, перадумаў і паўз сад выехаў да рэчкі, пераехаў яе ўброд. Здалёк убачыў адзінокую постаць чалавека, што павольна ішоў па сцежцы, мільгаў аганёк цыгаркі.

Максім саскочыў з каня, павёў яго ў повадзе.

Лазавенка сустрэў яго радасна і без усялякага здзіўлення, нібы чакаў.

— Шкада, што ты цёмна прыехаў, а то я паказаў-бы табе нашы буракі. Цудоўна растуць. Дарэмна ты абмінаеш нас, мы ў гэтым годзе цікавыя эксперыменты праводзім. Ведаеш, вось зараз хадзіў і падлічыў, што за адны буракі і гародніну мы можам пакрыць нашы грашовыя выдаткі на гідрастанцыю. Так што можаш не турбавацца за фінансаванне. Вазьму на сябе, як абяцаў. Давайце толькі людзей. Раззлаваўся я на вас з Гайнай, калі вы сарвалі людзей з будаўніцтва. Эх, думаю, чорт з вамі!..