Выбрать главу

Яна гаварыла так кожны раз, і Васіль у адказ толькі ўсміхаўся. Але ў тую незвычайную майскую раніцу з хаты, праз адчыненае акно, адгукнуўся бацька:

— Гэй, старая! Не збівай ты яго з толку. Яму спаць доўга не дазволена — ён гаспадар.

— Гаспадар! Другі гаспадар яшчэ больш спіць, — нездаволена бурчэла маці.

— Дрэнны той гаспадар! — не сунімаўся Міна Лазавенка, высунуўшы з акна галаву. Гэта быў яшчэ даволі дзябёлы стары з акуратнай, белай, як у вучонага, бародкай. У першую сусветную вайну ён таксама быў паранены і, як сам казаў, ледзь не аддаў богу душу ў нейкім царскім шпіталі. Зварот дамоў, да сям'і, праца на зямлі, якую ён атрымаў пасля рэволюцыі, пасля — радасная праца ў калгасе вылечылі яго. Не гледзячы на свае шэсцьдзесят год, ён быў лепшым у вёсцы касцом, аратым, нястомным падавальшчыкам каля малатарні; гэтую апошнюю работу ён асабліва любіў і ўборкі ўраджаю чакаў, як свята.

Васіль заўсёды быў удзячны бацьку за тое, што ён ніколі не выказваў жалю, не выціраў слёз, як маці, калі бачыў глыбокія шрамы на грудзях і спіне сына, не прымушаў лішне адпачываць.

Наадварот, гаспадарскімі парадамі, калючымі заўвагамі, калі што-небудзь было зроблена не так, ён нібы падзадорваў сына, прымушаў працаваць лепш.

Васіль меў намер прайсці яшчэ раз папярэдзіць брыгадзіраў, каб яны не пазніліся з выездам брыгад на працу ў Лядцы. Напярэдадні было дамоўлена, што рабочы дзень яны пачнуць там не пазней, чым у сябе, а то нават і раней.

Але, убачыўшы бацьку, ён зразумеў, што папярэджваць нікога не патрэбна, тым больш, што раней ён ніколі гэтага не рабіў, і брыгадзіры, якія ўсё выконваюць амаль з вайсковай дакладнасцю, могуць проста пакрыўдзіцца. Вось бацька ўжо даўно сабраўся і, як відаць, з вялікай ахвотай.

П'ючы з салдацкай кружкі сырадой, стары Лазавенка хітра ўхмыльнуўся.

— Ну, сёння мы пакажам лядцаўскім гультаям, як трэба працаваць.

Васіля ажно перасмыкнула ўсяго ад гэтых яго слоў. Ён успомніў размову ў Ладыніна — папрок Ліды і словы Ігната Андрэевіча: «Улічы, што асобныя калгаснікі ў цябе таксама пачынаюць зазнавацца».

— Ты ведаеш, бацька, як гэта называецца?

— Што?

— Што ты зараз сказаў. Зазнайствам.

Стары выцер далоняй вусы і бараду, потым змёў у гэтую далонь са стала хлебныя крошкі, укінуў іх у рот.

— Як хочаш называй, а мы сваю справу зробім.

Паснедаўшы сырадоем з хлебам, Васіль вышаў на гарод (ён пазбягаў хадзіць па вуліцы ў такі ранні час). Па сцежцы паміж гародамі і поплавам ён прайшоў у другі канец вёскі, назіраючы ажыўленне, якое панавала ўжо ў калгасным двары і на вуліцы.

Настрой са ўчарашняга дня ў яго быў незвычайны, усё такі-ж светлы, вясёлы. Хацелася з кім-небудзь пагаварыць. Добра было-б з якім-небудзь жартаўніком, накшталт Прымака.

На адным з крайніх гародаў ён убачыў схіленую постаць жанчыны. Пазнаў старую Гарбыліху.

«Рана бабка свае градкі калупае»,— падумаў ён і, успомніўшы адзін выпадак, які адбыўся са старой, засмяяўся. Было гэта ў той час, калі ўстанавілі лакамабіль і пачалі праводзіць электрычнасць у хаты калгаснікаў. Старая жыве адна, сын яе загінуў на фронце, нявестка працуе на чыгунцы правадніцай, а адзіны ўнук вучыцца ў горадзе. Святло ёй правялі ў першы дзень. Хлопцы зрабілі ўсё, як мае быць, увінцілі добрую лямпачку і, пакінулі бабку радавацца, што больш не давядзецца паліць газнічку, ад якой у яе заўсёды балела галава. Надышоў вечар. Ненагружаная яшчэ электрастанцыя дала такое святло, што ў маленькай хаце стала відаць кожная павуцінка і пылінка. Бабка спачатку парадавалася, але потым адчула, што ад такога нязвыклага святла ў яе пачынаюць слязіцца вочы, яна ледзь начысціла чыгунок бульбы. Нарэшце ў яе разбалеліся не толькі вочы, але і галава, горш, чым ад той газнічкі. Бабуля з вялікім жалем, праўда, рашыла патушыць гэтую дзівосную лямпу і зноў запаліць сваю газнічку. Але як патушыць? Калгасныя электрыкі не паставілі выключацеля і не растлумачылі ёй, што ў такім выпадку трэба рабіць. Яна крыху ўяўляла, што для гэтага трэба выкруціць лямпачку. Паспрабавала, але лямпачка была такая гарачая, што нельга было дакрануцца рукой і зусім не хацела адвінчвацца. Бабуля доўга блукала па хаце, нацягнуўшы на вочы хустку, уздыхала і охала, лаючы і старшыню і ўсіх «асвяціцеляў». А галава яе трашчэла і, здавалася ёй, вось-вось лопне ад гэтага бязлітаснага напору святла. «Божачка мой, ды гэтулькі святла на ўсю вёску хапіла-б. А каб на вас ліха... Гаспадары неразумныя... Мабыць, знарок, чортавы дзеці, зрабілі, каб пасмяяцца з старой... Хоць разбівай гэты пузыр ваш». Нарэшце, пасля доўгіх пакут, надумала: схапіла гладышку, асцярожна падсунула яе пад лямпачку. Эфект атрымаўся нечаканы. Апушчаная ў гладышку лямпачка, давала святло толькі ўгару, утвараючы на столі яркі круг. Усё іншае ў хаце было ў цені, ахутанае мяккім поўзмрокам. Бабуля ад задавальнення ажно засмяялася і неадкладна прывязала гладышку ў такім стане да шнура. Раніцой прышла ў хату суседка, а ў бабулі замест лямпачкі гладышка пасярод хаты вісіць. На тыдзень хапіла смеху для ўсёй вёскі.