Выбрать главу

... Васіль прыгадаў гэты выпадак таму, што, убачыўшы старую, успомніў сваю ўчарашнюю размову з Дзянісам Гоманам, галоўным механікам і электрыкам калгаса. Гоман паскардзіўся, што хто-ні-хто з калгаснікаў пачаў карыстацца ўпотайкі рознымі электрычнымі прыборамі: пліткамі, прасамі, кіпяцільнікамі. Ён назваў прозвішчы і, у ліку іх, Гарбыліху. Васіль здзівіўся:

— Гарбыліха? — і засмяяўся. — Ну, брат, калі Гарбыліха поўмесяца ў печы не паліць, як ты кажаш, а ўсё гатуе на плітцы, дык нам з табой толькі радавацца трэба.

— Невялікая радасць. Васіль Мінавіч. Самі ведаеце, нехапае яе, энергіі. Задыхаемся. Акрамя таго, не ўсе ўмеюць карыстацца, замыкаюць часта. А гэта Гарбыліха ўключыць плітку, а сама на вуліцы з бабамі балабоніць, або карову доіць. Таго і глядзі, што пажар зробіць... Трэба покуль што забараніць, Васіль Мінавіч. Вось пабудуем гідрастанцыю — тады, калі ласка... Навучым усіх карыстацца і паліце на здароўе...

Васіль паабяцаў ужыць меры.

І вось яна — «першая парушальніца грамадскага парадку», як называў іх Гоман.

— Добрай раніцы, бабка Аксіння.

Яна павольна выпрамілася, паглядзела на яго, прыставіўшы да ілба сухую, запэцканую ў мокрую зямлю далонь.

— А-а, Васілёк, саколік, няхай табе бог здароўечка дае.

Яны перакінуліся некалькімі агульнымі словамі. А калі бабуля зноў нахілілася над сваімі бурачкамі, Васіль нечакана пажартаваў:

— Бабка Аксіння! А плітку? Плітку забыла выключыць?

Бабуля надзвычай борзда выпрамілася, пляснула далонямі і ўподбег рушыла дахаты.

— Ах, божачка! Зноў скіпіць!

Але крокаў праз пяць павярнулася і пагразіла яму пальцам.

— Э-э, не жартуй, сынок, я сёння яшчэ не ўтыркала яе, — і сумелася.

Васіль ад душы зарагатаў.

— Выдала ты сябе, бабуля. Сёння-ж аднясі плітку Дзянісу Гоману, ён захавае яе да пары, да часу.

— А можа мне можна, Васілёк? Старая я, цялжа мне галлё з сасонніку насіць...

— Дроў мы табе прывязем, бабуля. У любы час і колькі хочаш...

13...

Падыходзячы да ўрачэбнага ўчастка, Васіль яшчэ здалёк убачыў Мяцельскага. Дырэктар школы меў вельмі дзіўны выгляд. Босы, у адной сподняй кашулі і ў штанах ад найлепшага гарнітура, ён узрушана таптаўся каля палісадніку. Ускалмачаныя валасы, бледны твар з адзнакай спалоху і разгубленасці, нецярплівыя рухі — усё выдавала яго вялікую ўсхваляванасць. Ён пазіраў то на вокны кватэры Ладыніна, то на школу. Больш нічога навокал не заўважаў. І на Васіля зірнуў толькі тады, калі той гучна і весела прывітаўся.

Мяцельскі хутка паімкнуўся да яго, схапіў за рукі.

— Лазавенка!.. Не, ты падумай, што гэта такое... Чорт ведае, што робіцца!.. Я не знаходжу слоў... Так можа паводзіць сябе толькі ўрач з чорствай душой, бюракрат... Там — чалавек... можа, нават... А ён столькі часу збіраецца... Займаецца фіззарадкай, чысціць зубы... У-у... А ў гэты час, — Мяцельскі ажно застагнаў і, наблізіўшыся да акна, паклікаў дрыжачым голасам: — Ігнат Андрэевіч!..

Васіль нічога не разумеў. Яму было дзіўна, што Мяцельскі, які так моцна паважаў Ладыніна, раптам гаворыць аб ім з такім абурэннем.

— Што здарылася? Які чалавек?

— Ніна Аляксееўна... Ніначка, — у роспачы прашаптаў ён і раптам прыслухаўся. — Цішэй вы!.. — на ілбе яго выступілі буйныя кроплі поту. — Крычыць?

— А што з ёй? — усё яшчэ не мог уцяміць Васіль.

Мяцельскі знішчыў яго позіркам, поўным пагарды і знявагі.

— Ро-оды!..

Дзіўнае слова гэтае электрычным токам ударыла ў сэрца. Васіль адчуў, як яно моцна забілася, як раптоўна хваляванне Мяцельскага перадалася яму.

«Роды», — і ён ужо сам асуджаў Ладыніна за тое, што той так злачынна марудзіць з дапамогай жанчыне, якая праз некалькі хвілін павінна стаць маці. Ён быў памкнуўся пайсці ў дом і сказаць аб гэтым Ладыніну. «Нельга-ж так, на самай справе... Крытыкаваць і падганяць іншых ён умее, а сам... Чысціць зубы, калі побач...»

Але ў гэты момант Ладынін з'явіўся ў адчыненых дзвярах. Быў ён у белым халаце, з-пад якога выглядаў сіні гальштук і светлаблакітная сарочка. На вуснах яго іграла вясёлая ўсмешка. Мяцельскі кінуўся да яго.