У карчме вызначаліся тры чалавекі. Яны гаварылі вершы, прыдуманыя імі.
Адзін з іх — мельнік Барткевіч. Чалавек чорны, як цыган, гадоў пад пяцьдзесят, у белай ад мукі шапцы. Ён складваў смехатлівыя вершы аб панах і шляхце. Апавядаў у рыфму аб тым, як на тым свеце мужыкі кідаюць паноў у катлы са смалою і падсмажваюць.
Слухачы рагаталі.
Другі — кравец Юзік — спяваў пад гармонік жартаўлівыя частушкі, якія тут жа прыдумляў.
Трэці — селянін Гейне — складваў жаласлівыя песні аб каханні, аб сірочай долі. Ад яго вершаў дзяўчаты станавіліся сумнымі, жанчыны плакалі.
Хлопцы і дзяўчаты падхоплівалі вершы непісьменных песняроў і распаўсюджвалі іх вусна па ўсёй ваколіцы. Усе частавалі паэтаў гарэлкай. Кожны з іх меў сярод сялян сваіх прыхільнікаў.
Мельнік Барткевіч аднаго разу прыдумаў такую байку.
Звяры і птушкі пашкадавалі гаротных мужычкоў. Уздумалі яны павесяліць народ, наладзіць для яго вясёлую камедзь. Камісіянеры прывезлі ім з Менска фарбу, капялюшыкі, панскую вопратку, залатыя дрындушкі, парыкі, вусы — і ўсё, што трэба. Воўк апрануўся пад пана Чапкоўскага. Дзікі кабан зрабіўся панам Багдановічам. Мядзведзіха — паняй Чапкоўскай. Ласіха — паняй Багдановічыхай. Буслы адзеліся панічамі. Сарокі — паненкамі. Лісіца насунула ксяндзоўскую спадніцу. Сабакі зрабіліся панскімі цівунамі і аканомамі. Звяры і птушкі размалявалі сабе морды акурат як у паноў. Нанялі дудара, скрыпача, гарманіста і цымбаліста, і пайшоў кіятар па вёсках народ весяліць.
Спачатку людзі палохаліся, кланяліся нізка, не падыходзілі блізка. Потым прывыклі. Лясныя скамарохі падрабілі панскія галасы і гаварылі мужычкам:
— Паны прыйшлі вас весяліць, да сябе ў маёнткі прасіць, панскае дабро дзяліць. Спіны ў паноў свярбяць, дык трэба іх дубцамі і каламі ратаваць.
Музыкі зайгралі, а камедыянты танцавалі. Народ спачатку здзівіўся панскім выбрыкам. Потым яму гэта спадабалася.
— Дык прыйдзіце церабіць нас. Будзем вас чакаць у палацах. Вам жа няма чаго нас баяцца: вас, мужыкоў, многа, а нас, паноў, мала.
І пайшлі мужыкі церабіць дубцамі і каламі спіны паноў Чапкоўскіх і Багдановічаў.
Пра гэту байку дачуўся пан Чапкоўскі. Ён запрасіў мельніка Барткевіча да сябе ў маёнтак і запрапанаваў яму службу палясоўшчыка. Абяцаў шмат грошай плаціць, каб Барткевіч больш языком не малаціў.
— Дык пан хоча, каб я выганяў з лесу мужыкоў? Каб я штрафаваў нашых баб за грыбы і ягады? Пан хоча зрабіць мяне сваім псом? Пан хоча купіць мой востры язык? Няхай сабе пан Чапкоўскі будзе пры сваіх грашах, а я — пры сваіх байках. Грошы раз-два — і з'еў чалавек, а разумнае слова жыве цэлы век.
Сказаў, плюнуў і пайшоў.
Зазлаваны пан Чапкоўскі нацкаваў на яго лютых сабак. Сабакі пакусалі Барткевіча. А праз некалькі дзён усе сабакі пана Чапкоўскага былі атручаны. Пасля гэтага Барткевіч прыдумаў аб ім новую байку.
Яшчэ адно дзіва было ў нашай ваколіцы — старэйшы брат майго сябра Фолі — крамнік Іося. Нізкі і тоўсты чалавек гадоў трыццаці, лысы, з маленькімі мышынымі вочкамі, ён умеў перадражніваць усіх пасадзецкіх сабак і пеўняў. Ён падрабляў і чалавечыя галасы. Гэтымі фокусамі ён збіраў па нядзелях вакол сваёй крамы шмат народу. Ён вырабляў фокусы, а яго жонка Цыпа-Хава ў гэты час таргавала ў краме, як у кірмашовы дзень.
— Іося, кукарэкуй… Іося, брашы! — камандавала Цыпа-Хава
Ён кукарэкаў і брахаў. Народ сыпаў з карчмы ў Іоселеву краму. А калі гэта не памагала, Іося даставаў сваю скрыпку.
— Іоселева скрыпка гаворыць, як чалавек, — дзівіліся дзяўчаты.
Ён граў на сялянскіх вяселлях, на вечарынках у шляхты. Граў на любым інструменце, які пападаўся яму ў рукі: на гармоніку, на цымбалах, на жалейцы, на дудзе, на губным гармоніку, на карыне.
Возьме Іося пілу ў рукі — яна грала. Возьме пустую бутэльку, дзьмухне губамі — і бутэлька выдавала чароўную музыку. Возьме шклянкі, налье ў іх вады, дзе менш, дзе больш, праверыць гукі на шклянках; у якіх адбавіць вады, у якіх прыбавіць, пасля чаго пачынаў выстукваць па іх тоненькім дубцом розныя мелодыі — адно захапленне. Возьме Іося дзеля жарту пустую скрынку з крамы, нацягне на яе ніткі замест струн і давай перабіраць пальцамі — граў так, што адна любата слухаць.
Увесь ён быў насычаны музыкай. Мне тады здавалася, што калі Іося тупне нагой аб камень — і мёртвы камень зайграе… Да гандлю ён не гадзіўся. У жыцці ён быў грубы, недапечаны, ледзь пісьменны. А як толькі браўся за які-небудзь музычны інструмент, дык зачароўваў людзей.