Выбрать главу

Кожны радок беларускай серэнады пераплятаецца з прыпевам «Зялёны явар, дубрава!»

Мы з маткай хутка апранаемся. Выносім на двор пачастункі і грошы. Тое самае робяць мой дзед і бабуля. Валачобнікі адыходзяць.

На дварэ цёмна і вільготна. Я пытаюся ў дзеда:

— Дзе залаты шацёр?

— Залаты шацёр толькі ў песнях бывае, — адказвае дзед.

Я зноў пытаюся ў дзеда:

— Ты князь?

— У песнях я князь. Мой герб медная конаўка, — жартуе дзед.

Песня мяне растрывожыла, узбаламуціла. «Усё прыгожае і цікавае толькі ў песнях бывае», — думаю я і пачынаю паўтараць нядаўна прапетую песню.

. . . . . . . . . .

Зімовая ноч.

Каля нашай хаты намяло гурбу снегу да самай страхі. Дзеду гэта падабаецца. Ён кажа, што цяплей будзе спаць.

У нас начуе незнаёмы чалавек. Гутарлівы, далікатны, чысты. Як прыйшоў, адразу зняў з плеч рамнёвую сумку, палажыў у куце на падлозе, кажух на цвік ля дзвярэй павесіў, памыўся, прычасаўся, павячэраў, дастаў кніжку з кішэні і чытае. Ён — заліўшчык калош. Але ў нашай хаце, на жаль, ніхто калош не мае.

Чалавек вядзе доўгую гутарку з дзедам. Дзед палохаецца і дзівіцца:

— Як гэта Бога няма?! Як гэта вы цара скінеце?! Я не ведаю Францыі. Я не чуў, што такое рэвалюцыя. Вы лепш аб гэтым больш нікому не гаварыце… Мне вас шкода. Вы ж добры чалавек, хаця і ў Бога не веруеце… Бяда можа здарыцца з вамі, калі хто пачуе такія гутаркі.

Чалавек спявае ціха нейкую песню, потым садзіць мяне к сабе на калені і апавядае цікавую гісторыю.

Апрыкрыла чалавеку хадзіць пехатой: ногі забалелі, мазалі на пальцах нацёр, ды хадзіць самому па вялікіх прасторах зямлі вельмі марудная справа. Што ж зрабіў чалавек? Ён вельмі разумную справу ўчыніў! Ён звіў доўгую моцную вяроўку, на адным яе канцы зрабіў пятлю і закінуў дзікаму жарабцу на галаву. Злавіў каня, накарміў аўсом ды ўскочыў на яго спіну — насі! Конь спачатку не хацеў насіць чалавека на сваёй спіне, іржаў, брыкаўся, наравіўся, дыбам станавіўся. Але чалавек закілзаў яго ў жалезныя цуглі, даў некалькі разоў бізуном — і конь спакарыўся. А што ж яму было рабіць? Ён жа быў у няволі ў чалавека.

Прывык ён служыць чалавеку. Чалавек змайстраваў воз, калёсы ды запрог каня. Аднак і гэткая язда не зусім зручная — то дождж, то мароз і завея, то конь слабее. Ды не кожны чалавек мае каня. Багаты пан на шасцёрцы катаецца, а бедны мерае сваёй парай зямлю і аб кіёк абапіраецца. А чалавеку хацелася шпарка перабірацца з горада ў горад, з вёскі ў вёску. Што ж тут рабіць? Чалавек не індык. Ён умее шавяліць мазгамі.

І чалавек дадумаўся.

Склікаў ён тысячы людзей. А тысячы людзей о-го-го! — вялікую сілу маюць: усё зробяць, што толькі пажадаюць. Прыйшлі тысячы, дзесяткі тысяч людзей у густы лес, у чыстае поле, на дзікае каменне — з сякерамі, піламі, лапатамі, ламамі — ды ўзяліся за вялікую працу.

Зазвінела, загрымела і зашумела навакол. Аж водгаласкі пайшлі. Сякера сячэ, піла пілуе, лапата капае, лом пад камень падлязае. Праца кіпіць — аж зямля дрыжыць. Народ горы ўзрывае, ямы засыпае, просекі ў пушчы прасякае і над рэчкамі масты будуе. І народ пракладвае дарогу на сотні і тысячы вёрст — гладкую, як ток, і роўную, як струну. Каб дарога была моцная, яе масцяць каменнем. Зверху кладуць упоперак роўныя бярвенцы, а на бярвенцах сцелюць парамі доўгія жалезныя палосы — ад горада да горада, ад сяла да сяла.

Пабудаваў народ хаты на калёсах, паставіў іх па жалезныя палосы. Выдумаў машыну замест каня, замест тысячы тысяч коней. Прывязаў ланцугамі хату да хаты, а да ўсіх хат прыпрог машыну. Пасадзіў на машыну фурмана-машыніста, і зазвінеў, і свіснуў, і паімчаўся вялікі поезд. Едзе па жалезнай дарозе цэлая вуліца хат — дваццаць, сорак, пяцьдзесят. Хаты маляваныя, з прыгожымі вокнамі, з роўнымі комінамі. Людзі сабе па хатах ляжаць, сядзяць, стаяць — як хто хоча. Ходзяць сабе з хаты ў хату ў госці, песні спяваюць, кніжкі чытаюць, ядуць, п'юць — як хто хоча. А тым часам вялікае, шматлюднае сяло на калёсах імчыцца наперад, наперад, удаль, удаль… насупраць бягуць лясы, вёскі, гарады. Так на вока здаецца. Бо шпарка ляціць сяло.