Выбрать главу

Мы ўжо за тры хаты ад рыжавусага Янкі, а мне ўсё яшчэ здаецца, што чую, як гаворыць гадзіннік на дзівоснай мове тоненькіх, як валаскі, пружыначак.

— Цік-цік… цік-цік…

Гурт дзяцей павялічваецца. Мы накіроўваемся да каваля Гірша-Меера. Ён высокі, моцны, з рэдкай казлінай бародкай. Заўсёды ля яго кузні шмат народу: падкоўваюць коней, куюць нарогі, нацягваюць шыны на калёсы. З горна сыплюцца снапы залатых іскраў.

Людзі жартуюць, смяюцца. Я паглядаю, як Гірша-Меер нацягвае шыны на калёсы, і пачынаю фантазіраваць:

…А калі б такія ж калёсы былі ў гадзінніка! Гадзіннік быў бы вялікі, нібы хата, і грукатаў бы так моцна, што можна было б аглохнуць. А гэты гадзіннік трымаў бы ў камізэлькавай кішэні велікан ростам да воблакаў. А я ўскарабкаўся б велікану, нібы мурашка, на галаву і глядзеў бы, што робіцца вакол. Пэўна, відаць было б з аднаго канца свету ў другі канец…

У нашай ваколіцы Гірша-Меер лічыцца асілкам. Ён вельмі моцны і любіць дужацца. Няма ніводнага чалавека ў ваколіцы, якога б каваль не здужаў. Аднак Гірша-Меер мне не зусім падабаецца. Гэта з таго часу, калі я ў яго кузні наступіў босай нагой на гарачы кавалак жалеза.

Пасля таго выпадку я да яго не хаджу. Я хаджу толькі да яго галагуцкага пеўня, які славіцца на ўсю ваколіцу. Вялікі — з мяне, пяцігадовага хлапца. А прыгожы ён, прыгожы… Грэбень — чырвоны аксаміт. Дзюба — сіняя сталь. Пер'е агнём палае. Хвост — залаты паўмесяц. Ногі калматыя, магутныя, з доўгімі, вострымі, як шылы, кіпцюрамі. Калі ён ступае па падлозе, здаецца, што гэта ходзіць чалавек у цяжкіх ботах, такт адбівае, як мікалаеўскі салдат Мікіта. А як ускочыць на плот і горда залапоча крыллямі ды закукарэкае, — з яго магутнага горла выходзяць такія грымотныя гукі, аж мае сябры жмураць вочы. У дванаццаць гадзін ночы і пад раніцу ён будзіць усіх местачковых. Ён лепш за гадзіннік — ніколі не псуецца і вельмі акуратны. Я мару аб тым, што гэты галагуцкі певень навучыцца лятаць, як арол. Я тады буду сядзець на ім верхам ды імчацца высока-высока…

Ад пеўня Гірша-Меера местачкоўцы маюць нямала згрызот. Усіх пеўняў забівае гэты гарэзны разбойнік. Ён магутны, як яго гаспадар. Певень — гордасць і ўцеха каваля. А калі местачковыя гаспадыні прыходзяць да каваля сварыцца за сваіх пакрыўджаных пеўнікаў, Гірша-Меер кажа:

— Затое мой галагуцкі малайчына каршуноў адганяе ад вашых курэй.

За забітых пеўняў Гірша-Меер выплачваў гаспадыням грашмі або нажамі свайго вырабу. А яго певень збіраў у адну вясёлую грамаду ўсіх удоў-курэй мястэчка. Аднаго разу, калі каршун напаў на маленькіх куранятак, галагуцкі певень каваля забіў каршуна, з якога стары паляўнічы Вышамірскі зрабіў чучала і павесіў у сваім садзе на дрэве.

Жыццё галагуцкага пеўня скончылася раптоўна і трагічна. Жонка Гірша-Меера забіла яго малатком. Каб Гірша-Меер бачыў, не дазволіў бы. Каваль нічога аб гэтым но ведаў. Ён ляжаў на ложку хворы, у вялікай гарачцы. Певень выпадкова наступіў яму вострымі кіпцюрамі на босую нагу і моцна параніў. Гірша-Меер памёр ад заражэння крыві. Ён так любіў пеўня, што перад смерцю хацеў на яго паглядзець…

Неспадзявана загінулі два асілкі ваколіцы — певень і каваль.

Мы — грамадка дзяцей — абыходзім хату татарына Мухлі, які вырабляе аўчыны. Тут нядобра пахне. У гарачы летні дзень выпраўляемся на цагельню. Мы з Фолем часта рабілі там з гліны пячуркі, ляпілі хаткі, гаршкі, каровак, пеўнічкаў. Цагельня знаходзіцца за гумном і вялікім садам урадніка Ясінскага.

Мала таго што ўраднік абірае ваколіцу, дык яшчэ ўздумаў цэглу прадаваць. Выраб цэглы бадай нічога яму не каштуе. На яго заўсёды працавалі дарэмна дзесяткі «штрафных» людзей: аралі яго поле, касілі яго лугі, насадзілі яму вялікі сад, збудавалі яму хлявы, свіран, а цяпер робяць яму цэглу. Гэта былі розныя нядоімшчыкі або такія, чыя жывёла пападала на чужое поле, або калі два п'яніцы ў нядзелю паб'юцца. Усе яны плацілі штраф не пацярпеўшаму, а ўрадніку. На яго працавалі і дробныя зладзеі. Хто ў каго з поля сноп жыта ўкрадзе — працуе ў урадніка, курыцу сцягне ў суседа — адпрацоўвае ў урадніка.

Такія людзі працавалі і на яго цагельні. Ля цагельні шмат народу. Ажыўленыя гутаркі. Смех. Мы з Фолем падыходзім бліжэй. У чым справа?

Пад вялізнай нізкай страхою акуратна складзена шмат цэглы. Унізе з гэтай жа цэглы была зроблена вялізная печ, якая палілася ўжо некалькі дзён. Уся цэгла ўжо была вельмі напалена. Дровы падкладвала Марта — бедная ўдава з «штрафных», якая ўжо цэлы тыдзень працавала на ўрадніцкай цагельні.