Выбрать главу

Адна свечка — адзін чалавек, шмат свечак — веча, i ўсе тыя людзі, якіх засланіла ад свету века труны, уцелясняюцца ў свечках, запаліеных у імя іхняй памяці, i нанава пражываюць скарочаны курс жыцця.

Свечка лепіцца з «часу» — з пчалінага воску ці авечага лою, але асвячаецца вечнасцю.

Натура свечкі — самаахвярнасць: яна «нявечыцца» дзеля бліжніх, нічога не пакідаючы сабе, i таму ёй, як чароўнаю кветкай, вянчаецца рэчаіснасць, i таму на вячэры, якую наймяноўваюць тайнай вячэрай, між іншых апосталаў прысутнічала i яна — нераспазнаны, тайны апостал, прысвечаны ў таямніцу святла.

Дождж

Дождж доўгачаканы, доўгажаданы. Ён «доіцца» з неба i дагаджае атожылкам руні, дрэвам, усёй зямлі — ён іхні заўсёдны добраахвотны даўжнік.

Дождж прыходзіць як боскі адказ на стараславянскую — старасялянскую — малітву: «Хлеб наш насущный даждь нам днесь».

Дождж добры, дождж дужы, калі ён у мепу, у дозу, у «досыць» i кал i ў пару — у сяўбу, а не ў жніво i ў дажынкі.

Дождж падарожнічае ўдоўжкі i ўшыркі, без сцежак i без дарог, i там, дзе ён пабывае, жыццё адраджаецца нават з прысаку, нават з жуды.

Гліна

Гліна — «мгліна»: яна спіць у імглістай глыбіні i сніць свае запаветныя «маглівасці».

Для каменя гліна — адліга, для вады — «лыга», але чаго нельга зрабіць з каменю ці з вады, льга з галіны.

Гліна гнуткая, як галіна, i лінія яе паводзін супадае з лініяй паводзін надвор'я: загаспадарыць спёка — i гліна спякаевда, нібы крыца, ліне дождж — i гліна «ліняе» i ліпне да ботаў, да пахлапнёў, да галёшаў, якімі, як лінатыпамі, вандроўнікі выдрукоўваюць свой «глінапіс».

Гліна — галетніца: у ёй няма нічога лішняга, i гніль не здольная да яе падступіцца, i голад не здольны яе праглынуць.

Чалавек вырабляе з гліны ўсялякія рэчы: кафлю, цагліны, глякі,— але i сам ён з гліны, i да канца сваіх дзён ён лепіць з сябе такі твор, які адпавядае яго ўяўленням, задумам i ўчынкам: нягеглы i глёўкі — калі яны глёўкія i нягеглыя, «гімалайны» i «галілейны» — калі гэтакія яны.

З гліны ўсё паўстае, i ў гліну ўсё гіне.

Гліна — нігіль, нішто, але ў боскіх руках яна становіцца геніяльнай.