Выбрать главу
Дарога

Дарога — як рака: разгаліноўваецца на шматлікія прытокі — сцежкі i цячэ паўз двары, гарады, агароды, усё закранаючы сабою i ўсё пакідаючы па-за сабою.

Адзінага, каго яна не можа пакінуць,— гэта чалавека: калі рухаецца ён — рухаецца i яна, калі спыняецца ён — спыняецца i яна. Ён — яе другое «я», яе спадарожнік i павадыр, які дырыгуе, як ёй ісці — таропка ці паволі, ціха ці гучна.

Усё, што здараецца з дарогай, здараецца i з чалавекам, i ўсё, што не здараецца з чалавекам, здараецца якраз у дарозе, бо сама прырода дарогі — здарацца, «здарагацца».

Але калі адрасы дарогі вядомыя — яны акрэслены на картах i схемах, то адрас чалавека невядомы; разам яны ідуць да небакраю, датуль, дзе неба злучаецца з зямлёю, далей у памяці дарогі чалавека няма, далей чалавек ідзе сам: адною сваёю прыродай у дол, другою — угору.

Дарога адгароджана ад наваколля сваім радаводам, сваёй роляй — яны ў яе выключныя: наваколле замыкаецца ў круг, у карагод, а дарога, наадварот, выключаецца з круга, расторгвае яго. Яна ў два канцы, у два рогі, i праторана своеасаблівым нарогам — людскою хадой.

Дарога — найдаражэйшая госця: яна нясе людзям навіны, нясе дары, нясе радасць i гора, трагедыю i жарт, гатовая, як торг, заўтра змяніць ix на процілеглае.

Дарога — палімпсест, тора чалавечай гісторыі: што на ёй выдрукоўваюць адны, сціраюць, выдрукоўваючы сваё, другія.

Але так пішацца жыццяпіс чалавецтва, i нават калі дарога зарастав драсёнам, дрыжнікам ці падарожнікам — першым сведчаннем пра чалавецтва ўсё роўна застаецца яна, дарога,— самы вялікі супольны чалавечы твор.

Рунь

Вунь — салома, вунь — зерне, а вунь — рунь: узняўшы ўгору дзіды i мячы, рунь угрунь — уранку i ўвечары — рухаецца на свой Грунвальд, у сваю неўміручасць.

Рунь — руны зямлі, карункі грунту. Яна зялёная, але ў яе «труме» ляжыць залатое руно.

Аб ёй рупіцца Ярыла.

Яе жагнае вогненным заклёнам Пярун.

I чалавек, пазіраючы на яе, рунлівее норавам.

Ловы

Ловы палавінныя: у ix адна палова ловіць другую, левае — правае, свавольнае — вольнае, змысловае — адмысловае.

Спрыяючы адной палове i шкодзячы другой, на шляху ловаў паўстаюць завалы i ямы.

Хмелячы галовы i наводзячы спалох на логавы, ловы ўвасабляюць у справу словы «няма міру пад алівамі».

Над ловамі лунаюць цені волатаў.

Паўтараючы авальны гук «о», трубіць паляўнічы рог.

У ловах кшталтуецца лоўкасць i здабываецца слава, але самі яны пахнуць волавам.

Праца

Праца мае рацыю на сто — а можа, нават на болей — працэнтаў. Яна нічым не брыдзіцца, ні ад чога не адцураецца i, прадбачачы ў попеле золата, у папялушцы — прынцэсу, у рабскім — царскае, a ў кожнай, нават самай простай i непрывабнай рэчы, асобе, з'яве закладзеную ў ix перспектьшу, уласцівую ім патэнцыю, праводзіць над імі своеасаблівую аперацыю — дапамагае ім наблізіцца да гэтай сваёй перспектывы, супасці з гэтай сваёй патэнцыяй.

Праца прачынаецца i пачынаецца раніцай, на світанні i рупіцца ўвесь дзень, a калі дзень, натаміўшыся i ўтаймаваўшыся, ідзе на шпацыр i на спачын, яна не пераймае яго прыкладу, a толькі перамяняе — з «мужчынскага» на «жаночы» — узор занятку: пакідае, напрыклад калоць цурбакі i бярэцца нанізваць на нітку пацеркі, цыраваць шкарпэткі, гатаваць цуру альбо, зрэшты, казаць пацеры.

Праца валодае рэцэптам, як прайсці напрасткі ў наступнасць і, ператвараючы гэты рэцэпт у працэс, перацягвае заўтра ў сёння, некалі — у цяпер.

Праца разнастайная, як самі людзі, але трымаецца адных i тых самых спрадвечных прынцыпаў: для таго, хто ёй працівіцца, яна няўцерп, для таго, хто яе слухаецца, яна — радца; для таго, хто ёю няволіцца, яна — турма, для таго, хто ў ёй разнявольваецца, яна — церам; для таго, каму яна дае заробак, яна — прараб, для таго, каму адкрывае свае скарбніцы i ўладанні,—г працар.

Воўк

Рускі волк «вдлокаецца» ад Валакаламска да Валачаеўкі i Ваўкавыска; ён вялікі, як вол, лоўкі, нібы іголка, i ўвасабляе трыадзінства «воли», «алкности» i «лукавства».

Украінскі вовк апрануты ў аўчынку, i калі на яго паказваюць пальцамi: «Во — воўк!», ён прыкідваецца авечкай i кажа, што ніколі i краем вока не бачыў воўка.

Польскі wilk віламі-ікламі коле ў Вілейцы свінню, а яе віскат чуваць у Вільні.

Чэшскі vlk, як дзіцячая цацка ваўчок, круціцца ў валтузні вуліц i вулак; да ўсяго, што настала i мае яшчэ настаць, ён загадзя ўжо звыклы.

Старалацінскі vu1kus жыве на вулкане.