Выбрать главу

Тут, на паверхні, праходзячы свае стадыі, разнастайваюцца дні, тыдні i месяцы, а там, унізе, у студні, пануе ўсё той жа дзень, усё той жа тыдзень i ўсё той жа месяц — першы, першасны: студзень.

Вярста i стадый прывязваюцца да студні, i ёю асцюжваецца стадыён.

Студня — універсітэт, студыя людскога жыцця, i ўсім людзям — сваім пажыццёвым студэнтам — яна дае самыя істотныя i неабходныя веды — ваду.

Студня такая неадметная, такая будзённая: амаль у кожным двары, амаль каля кожнай хаты, i нічога яна не мае на дне, што прыцягвала б увагу i што прываблівала б пагляды, але ў рудні яе душы, пад спудам, захоўваецца найсвяты цуд — зорнае неба.

Скрынка

Калі яе адчыняюць, яна скардзіцца, яна скрыпае.

У ёй захоўваецца скрытае — скарб: ім яна поўная, ім змястоўная, ім ацэньваецца яе вартасць.

Усе думаюць, што яна скнара, што яна «рынак», але сама скрынка ведае, што яна скрыпка, у якой няма струн.

*
Старая бярэзіна ля акна — світанак, што доўжыцца цэлы дзень, што доўжыцца цэлую вечнасць.
*
Задумаліся нябёсы – i людзі задумаліся i ў сабе адчулі нябёсы.
*
Непрыкметны прахожы — о, як ён стараецца стаць яшчэ больш непрыкметным, каб людзі не заўважалі, што ён зняможаны i стары.
*
Заляцела ў пакой пчала — зумкае, б'ецца ў шыбу i не знаходзіць выйсця. Г этак i мы?!.
*
Уздоўж начнога перона такія самотныя ліхтары, быццам прыйшлі кагосьці праводзіць i не могуць успомніць — каго.
*
Афарбавалі ў парку замшэлы валун — i памерлі стагоддзі.
*
Зноў выпадкова сустрэўся з адным выпадковым сустрэчным: хіба ён па-ранейшаму незнаемы?
*
Дзядоўнік, палын, крапіва расказалі, што ў гэтым двары ужо ніхто не жыве.
*
Пеўні, пазвязваныя матузамі: ix прадаюць — а яны спяваюць.
Цвік

Занятак у цвіка цывільны, а постаць вайсковая: ён, як вінтовачны патрон, мае вострае, доўгае i пляскатае, але, у адрозненне ад патрона, ён цэласны, ён суцэльны, i часткі яго не дзеляцца між сабою: дзе адно, там усё.

Цвік цікаўны: усё яго тычыць, усюды ён утыкаецца, каб даўмецца, ці ёсць недзе нешта, чаго б ён не ведаў, ці няма.

I калі яго цюкае па плешцы малаток, калі вішчыць дошка, квічыць масніда альбо скавыча аполак, ён, «гучна» ўцякаючы ад малатковага націску, ціха дзякуе яму за паслугу.

Цвік ні на кога не мае злосці, нікога ні на кога не нацкоўвае, нікога не цвеліць, ён толькі выконвае сваю місію — місію цывілізатара: сцвярджае ў драўляным царстве, што ўжо адцвіло i не здольна цвісцд нанова, прыйсце жалезнага веку.

Цвіка не цікавіць ні спарахнелае, ні гнілое, але i скамянелае, зацятае на сабе, не цікавіць таксама: тады ён спыняецца, тады ён скрыўляецца i просіцца ў абцугоў, каб яны яго выцягнулі назад.

У цвіку спалучаюцца функцыі ключа i замка: ён — ключ, але на адзін раз, замок — але назаўсёды, i ўсё, замкнёнае ім, трымаецца на ім, пакуль не скончыцца цыкл часу i пакуль драўлянае i жалезнае не скажуць адно аднаму: мы — квіты.

Хлеб

Хлеб святы, хлеб вялебны, i ўсё, што спалучана з ім, што «злеплена» з ім, адбываецца як абрад, як набажэнства, як малебен.

Хлеб хвалебны: яго шануюць i хваляць усе плямёны — i дулебы, i вялеты, i лахвічы.

Хлеб лепшы: з усіх страў, з усіх наедкаў, у ім — жыццё (ці на іншай мове — Leben).

Ён есца, смокчацца, грызецца, «хлябаецца» i генетычна памятае свой радавод, сваю бацькаўшчыну — глебу.