Выбрать главу

Вясной сорак чацвёртага спынілася ўсялякая сувязь з домам, набліжаўся фронт. Пацук, не атрымаўшы належнай нікацінавай дозы, пачаў раздражняцца. Урэшце сталі мы аднадумцамі.

Склаўшаеся становішча ацэньваў ён з пазіцыі наплявізму:

— Alles Scheisse!38

Пад занавес нашу брыгаду ўзмоцніў яшчэ адзін немец, Фішэр, былы тэльманавец. Але ён, адбыўшы належнае (10 год), замкнуўся ў самотніцкай крэпасці: ніякіх меркаванняў ад яго не чакай.

Капітуляцыя Італіі выкінула на балтыйскае ўзбярэжжа хвалю макароннікаў. Новае! У працягу адной ночы таварышы па зброі пераўвасобіліся ў ваеннапалонных. Мога іх у нас. У дзіўных капелюшах, насцярожаныя, звышруплівыя. Асаджваем іх:

— Piano, piano, Italiano!39

Наступная хваля хлынула з другога боку: фабрыку запрудзілі рыжскія яўрэі. Жудасная карціна. У паласатым адзенні, адны косці і скура, нечалавекападобныя. Пад стражай вермахта, але б’юць свае, паласатыя — драўлянымі паліцамі, б’юць па чым папала, асабліва, як прывязуць каністры з баландою.

А ў задымленай і смуроднай аўсляндэрскай прыбіральні эстрадны канцэрт. Выступае жывы шкілет, іграе на губным гармоніку „Мястэчка Бэлз”. Гэту песню пра любоў да роднай хаты не раз чуў я перад вайною па радыё ў выкананні варшаўскіх віртуозаў. Але ніхто яе не выконваў у такім натхненні. Відаць, і наш музыка быў выдатным майстрам. Уклаў у песню ўвесь свой талент, усю сваю душу. Развітваўся з роднымі мясцінамі назаўсёды, і перадаваў нам свой боль і жаль.

Сёння ўва мне кранальнае „Мястэчка Бэлз” невядомага рыжскага яўрэя злілося з незабыўнай Робсанавай „Місісіпі”.

частка XI.

26 студзеня 1945. Эвакуіравалі савецкіх ваеннапалонных. Апусцела фабрыка. Ніхто не працуе. Немцы, як аглушаныя, сноўдаюцца з кутка ў куток. У кожную хвіліну ў горад могуць увайсці рускія.

27 студзеня. Майстар прыйшоў у цэх з ранцам, да якога падвесіў запасныя чаравікі. Немцы ў чаканні. Як толькі завыюць сірэны, пакінуць горад. А ты, Жорж, чаго тырчыш тут? Вышмыгнуў на вуліцу. На Lawsker Allee танкі, самаходы, фуры, гарматы, зняможаныя ваякі — пагубілі аўтаматы, шынялі, шапкі. Забінтаваны прадукт чалавечага шаленства плыве на Пілау.

28 студзеня. Нядзеля. Загад лагерфюрэра: падрыхтавацца да экавуацыі. Гэтага нам толькі не хапала. Але дзень мінуў без неспадзянак. А пад вечар з горада прыйшлі дзяўчаты. І Андрэ тут як тут. І Rosamunde.

Ад сумнавядомай „дыверсіі” жыву ў гродзенцаў. Залез на свой верхні ложак і ўмольна ўзіраюся ў насценны алтар: над ложкам прышпіліў паштоўкі з белавежскімі краявідамі. Выключыўся з рэальнага вымярэння, углядаюся ў далёкі свет, душою лунаю над недасяжным.

На ўласцівы віток вяртае Мішэль, трасе за нагу і дае знаць: „Злазь!” Выйшлі з барака.

— Знайшоў добрую схованку, — кажа. — Нямецкі бункер на Dürer Strasse. Парожні. Можна ў ім праседзець да прыходу рускіх. Доўга чакаць не давядзецца.

Дык мяне ў гэтым пераконваць не трэба. Ідэя пад мае думкі. Пасля поўначы бярэм з сабою свае рэчы — і да схованкі. Бункер якасны: святло, дзве электрычныя печкі, лаўкі. І кампанія адборная: Яся, Ганорка, доктар Філіповіч, Сабалеўскі, Матыяшак. Двое апошніх — палякі з Францыі. Матыяшак, стары ваяка, пераконвае:

— Раніцай тут будуць рускія.

І выходзіць:

— Буду трымаць нос па ветры.

А мы дрэмлем на лаўках. Праляцела ноч, прамінула раніца, а рускіх няма. Мішэль пайшоў у разведку. Адвячоркам вярнуўся з Іркай і Чэсяй.

На другі дзень над горадам павіслі савецкія самалёты, кантралююць кожны рух на зямлі. Дык не вылазім з бункера.

31 студзеня. Голад выганяе з бетоннай пасткі. Выходжу наверх. У галаве мутна, зямля пад нагамі калышацца. А ў лагеры:

— Твая чарга ісці па абед.

Бяру каністры і іду на Appelbaum Strasse. Не зважаю на абстрэл зверху. Вяртаюся з prima-супам. Французы сцібрылі адкульсьці некалькі парасятак. Бручка, звараная на парасячыне, не толькі prima — гэта сон!

Папалуднаваўшы, заглянуў я ў „бабінец”. Дзяўчаты ў бамбасховішчы, у якім мы перачакалі налёт альянтаў. Дакараюць:

— Уцёк. Хаваецца невядома дзе. Нікуды не пойдзеш...

Здаюся. Усю ноч праседзеў пры радыёапараце. Ад 22 чэрвеня 1941 года не слухаў радыё. Апарат змантаваў Каміль, бельгійскі майстар на ўсе рукі. Але нічога не кеміць па-руску. А дыктар паведамляе:

— Паў Фрыдланд, ідуць зацятыя баі пад Гайлігенбайль, Кенігсберг блакіруе Трэці Беларускі Фронт!

Перакладаю. Дзівуемся з Камілем: чаму толькі блакіруюць? Чаму не ўваходзяць у горад? Дык жа адчынены насцеж! Не ведаюць?