1 лютага. У паветры крыху супакоілася. Пасля абеду кажу дзяўчатам:
— Іду па свае рэчы і вяртаюся да вас.
На Dürer Strasse змоўнікі яшчэ спяць. Каля печкі завіхаюцца толькі Ірка і Чэся.
— Ноччу былі ў нас нямецкія салдаты, — гавораць. — Прынеслі патэфон. Было весела.
Ну і схованка! Мішэль, аслеп ты, ці што?
Далейшыя пытанні ставілі жандары. Уварваліся ў наш сон аб свабодзе, бы начныя з’явы:
— Што тут робіце?
— Хаваемся ад самалётаў.
— Адкуль вы?
— Са Штэйнфурта.
— Мужчыны, узяць свае рэчы і выходзіць!
Ідзем. Dürer Strasse загрувашчана артылерыяй. Чым глыбей у горад, тым большы спакой. Толькі недзе паблізу нашага лагера рвуцца снарады. Адліга, чарнее снег. Спыняемся пры нейкім штабе. З гадзіну тарчым на вуліцы. Урэшце, з карткай у руцэ, выйшаў унтэр-афіцэр:
— За мною!
У горадзе поўна жандараў з бляшыскамі на грудзях. Спыняюць, выпытваюць, устанаўліваюць парадак. І мы пад турэмнай брамай. Праваднік увайшоў у сярэдзіну. Хутка выскачыў:
— Keine Platz!40
У наступнай турме таксама няма месцаў. Ідзем далей. На плошчы Паўночнага вакзала дошка ганьбы: прозвішчы салдат расстраляных за дэзерцірства. Калі павярнулі на General Litzman Strаsse, ведаем: ідзем у паліцайпрэзідыум.
З усіх змоўнікаў у рукі жандараў трапілі толькі мы: Сабалеўскі, Тадэк, Мішэль і я. Рэшта спазнілася на час пік.
Сядзім у паліцыйным цэнтры ў прасторнай чакальні. Чакаем. Каго — чаго? Што нейкі час жандары прыводзяць новых чакальнікаў. Сабралі салідную грамаду. Сцямнела. А мы усё сядзім. Ноччу з’явіліся эсэсаўцы. У белых касках, у белых накідках, з аўчаркамі і аўтаматамі. Вывелі нас на вуліцу, пастроілі ў калону, ачапілі з усіх бакоў:
— Ab!41
Рухаемся па Steindamm у кірунку Галоўнага вакзала. На вуліцы балота, у чаравіках мокра. Куды нас вядуць? Вывезці нікуды не могуць, горад у аблозе. У „Равелін”? Падземныя турэмныя казематы па дарозе. Але прайшлі Прэголю, мінулі кашмарны астрог, выйшлі на прадмесце. Калона шушукае: „Вядуць на расстрэл”. Мішэль не можа дараваць, што не ўцяклі ад жандараў. А я са шкадаваннем успамінаю свой кацялок, які ў спешцы пакінуў у паліцыйнай чакальні. Мішэль ускіпае:
— Чалавеча, патрэбны таму свету твой кацялок!
— А там што, не кормяць? — ніяк не магу ўцяміць, што я — лічы ўжо — мярцвяк.
Скончылася прадмесце, павярнулі ў поле, вядуць на кусты. Накаркалі!.. Раптам з за кустоў вынырнула вартаўнічая будка невядомага нам лагера. Ён пад аховай вермахта. Сабалеўскі наперад! Дасканала валодае нямецкай мовай. Мігам выбіў месца (Platz) у адной штубе. Малы свет! У штубе Шуневіч, брат майго школьнага сябра.
— Які гэта лагер? — пытаю.
— Прамежкавы, — адказвае. — Каго зловяць на вуліцы, валакуць сюды. Дрэнны корм, завостраны рэжым.
Падзяліўся весткай з Сабалеўскім.
— Пайду, панюхаю чым тут пахне, — кажа.
У яго добры нюх, прынёс сухароў. Жуем здабычу і мазгуем, як выбрацца з панурага круга. А што вымазгуеш? Не выцягне Сабалеўскі, будзем сустракаць рускіх у мышынай пастцы.
Нарэшце спімо ў ложках.
3 лютага. Субота. З ранішняга „нюху” вярнуўся Сабалеўскі. Вясёлы.
— Ну, хлопцы, хутчэй! Збірайцеся!
Выбіў пропускі. Важныя да 11-й. У нашым распараджэнні тры гадзіны. А тут паветраная трывога, не выпускаюць з лагера. Шанцуе, трывога доўжылася мінут дзесяць. Выходзім за браму. Плошча перад Галоўным вакзалам патрушчана снарадамі. Над намі рвецца шрапнель. На мосце жандары. Правяраюць пропускі. Ідзем правым берагам Прэголі. Дамовіліся: шукаем прыстанішча ў фабрыцы. Чаму не — Сабалеўскаму ўсё пад сілу.
У фабрыцы пустка, ціш. Інстынкт галадамораў вядзе ў сталоўку. Налезлі на салдат. Корпаюцца пры палявой кухні. Просім у іх essen42.
— Застаўся толькі суп, — кажуць.
Мішэль падсоўвае кацялок. Суп гарохавы! Бы з даўно забытага эйфарыйнага дня. На гару, у нямецкую сталоўку! Яшчэ не астыла ад чалавечага паху. Умомант апаражняем пасудзіну. Салдаты гасцінныя, паўтараем другі забег. Прапануюць яшчэ. Жыць, не паміраць!
З раздутым трыбухом мыю ў кухні кацялок. Нечакана ўваходзіць наш майстар:
— Wolkowyki, du auch hier?43
Дзіўнае дзіва! Ніколі не думаў, што ведае ён маё прозвішча. Ну й ну! Моцна пасунуўся за мінулы тыдзень. Голас як з магілы.
З прытулкам у фабрыцы нічога не выйшла, вярнуліся на Rathslinden.
частка XII.
5 лютага, панядзелак. З самай раніцы па лагеры гойсае „Факстрот”, фабрычны паліцыянт.
— Aussteigen!44
Сплюхоў вытурваюць з баракаў прыбочныя лагерфюрэра. А вось і ён, са спіскам у руках. Чытае прозвішчы. Там і я. „Факстрот” строіць шэраг.