Выбрать главу

Перад ранішняй паверкай іду да лекара:

— Ich bin krank49, — паказваю набухлы карак.

Лекар прыклеіў пластыр:

— Gesund, Mensch!50

І зноў у рабочай калоне. І сяродкам вуліцы — gerade!51 Немцы малымі групкамі, пад сценамі. А мы сяродкам. Рускія над намі. Гэтыя — высокі клас! — страляюць толькі ў немцаў. Так трымаць! А скула сваё.

Змеркла. За дротам ні жывой душы. Толькі гарматы. З гэтага боку на вышках вартаўнікоў няма. Разлічваюць на артылерыстаў. Пад дротам выемка. Можна праціснуцца. Прапаўзаю. І па загуменні — на Rathslinden, да докатара Філіповіча.

— Доктар, зрабі нешта са скулай, — згінаюся.

— Скулай? — здзіўляецца ён. — Сябра, выгадаваў ты калонію скул! У цябе карбункул!

Доктар з Усходу. Тут, як і мы, звычайны рабацяга. Пагробся ў куфэрку, выняў дапатопны шпрыц і ўбіў у мой карак.

Да пералазу на Lovis Corinth Strasse вяртаюся найкарацейшым шляхам. Не чую зямлі пад нагамі. Жыццё прыгожае! Яшчэ і якое!

Атрымаў тыднёвы камплект картак на ежу. У страўніку прыемнае цяпельца. Ажно ў кончыках пальцаў жар: замест аднаго талоннага лістка трымаю тры тыднёвыя надзелы. Лісткі зляпіліся, такое з паперай здараецца. Тры порцыі! Пажыву!

Нечаканы прыток шчасця скаламуцілі лагерныя прыдуркі. Уварваліся ў штубу:

— Тут згінулі два талоны. Хто іх узяў? Звярніце па добрай волі, бо ўсё роўна выкрыем. Тады наракайце на сябе.

Талонаў не звярнуў. І не выкінуў. Скарыстаў па прызначэнню. Кожны дзень знаходзіў спосаб маскіроўкі ў чарзе да катла. Хоць разам з баландою наеўся нямала страху, але тыдзень пажыў. Уяўляеце: кожны дзень тры апалонікі бручкі і трыста грамаў хлеба!

6 красавіка. І наступіў судны дзень. Падзея пачалася як бы непрыкметна. Звычайная раніца. Звыклае aussteigen! Абы-якое месца ў калоне. Ab! Асвоены ўчастак на Steindamm. Алавяныя вочы вахмана. За акопам яр, унізе чыгунка. Дзень як дзень. І раптам на ўскраіне горада ўсчалася пякельная навальніца. Так гвалтоўнага вогненнага шквалу Festung Königsberg52 яшчэ не прымаў. Не было сумліву, пачалося! Але апытваем немцаў:

— Што дзецца?

Толькі паціскаюць плячыма.

Працавалі мы непадалёк дарогі. Бачу, коціцца па ёй грузавік, набіты цывільнымі. І з гэтай бязладнай людской кучкі вырываецца пранізліва знаёмы голас:

— Жорж!

Стаю ў аняменні: хто мяне кліча?

— Не пазнаў? — засмучаны голас.

Хітаю галавою:

— Не!

— А-я-яй!

Машына пакіравала на левы бераг Прэголі. Хто мяне клікаў? Дагэтуль згадваю. Здаецца мне, быў гэта Вася Бобрыкаў. А чаму везлі яго ў той бок?

Выглянула сонца — і ў яснае неба ўзняліся сталінскія сокалы. Шалеюць над намі. У другой палове дня каторамусь паветранаму асу затуманіліся вочы, бо накрыла нас ракетная батарэя. У той момант стаяў я на версе траншэі. З гарачкі не ўскочыў у акоп, а бухнуўся на мураву ў бок яра. А „кацюшы” стаяць у шахматным парадку і б’юць па плошчы. Пасля чарговага ўзрыву наступны снарад, здаецца накрые цябе. Але што гэта? Перад вачыма ліяны, буянства зелені, на кожнай лапіне зямлі сакавітае бушаванне зялёнага цуду, я ў Кіплінгавай джунглі! Увайшоў у новае вымярэнне, у кволенькай травіне ўбачыў іншасвет. Глядзеў з балючым жалем: такі маляўнічы ён, такі казачны... жыў у суседстве... ад малога... чаму па за ўвагай?.. і ён ужо не для мяне...

Чароўную казку разбурыў Вацэк:

— Жорж забіты!

„Кацюшын” гнеў абярнуўся ў ласку. Вахманы зразумелі:

— Kaputt!53

Пакідаюць свае пасты.

— А што з намі? — пытаемся.

Даюць свабоду. Распаўзаемся, кожны паводле сваёй тактыкі. Я іду з гродзенцамі. Чэшам правераным шляхам, правым берагам Прэголі. Тут не павінна быць войска. Меркавалі добра, не сустракаем ніводнай жывой душы. Адно ў небе віруе смерць. Увесь час над намі. Бачыць нас. Абшар адкрыты. Ад частага падання паабівалі калені і рукі. Але не шукаем прытулку ў руінах, трымаемся дарогі. Абы хутчэй да сваіх.

Мы ўжо пры нашай фабрыцы. Павярнулі на Arndt Strasse. Трапілі пад масіраваны агонь. Віядук пераадольваем паасобна, скачкамі, я замыкаючы. Прыціснуўся да невысокай сценкі, чакаю пакуль паветраны вір перасунецца за Прэголю. Калі над галавой суцішылася і я адарваўся ад сценкі, сябры былі ўжо ў другім канцы віядука. Толькі я іх і бачыў, зніклі ў бакавой вулачцы. Сяброўства, бы ў марскім рамане: пакуль на плыву — разам. Калі на дно — ратуйся, як хто можа.

Пакінулі мяне. З лёдам на сэрцы крочу ўверх Arndt Strasse. Іду апусцелай вуліцай на поўнач. Як два гады таму. Круг замкнуўся.