Выбрать главу

Цана жывой сілы не лічылася. Чэрава вайны патрабавала чалавечага матэрыялу. Ці не з „Полымя” вынатаваў я гэту даведку: „Па загаду Вялікага Кормчага і яго генштаба сотні тысяч беларускіх мужчын і падлеткаў, што падраслі за гады акупацыі, не толькі належным чынам не ўзброенымі, але і не пераапранутымі ў вайсковае, кінулі на штурм Усходняй Прусіі, асабліва, ля бастыёна Кенігсберга. Там яны ўсе і засталіся... Усе яны былі на акупаванай тэрыторыі і па стратэгіі таго часу павінны былі загінуць. Мог жа сярод іх быць хоць адзін патэнцыяльны шпіён ці вораг народа!”

Мне ў гэта не хочацца верыць. А калі такая была праўда?

З Кенігсберга выходзіў я на паўночны захад. Яшчэ не так даўно капалі мы тут акопы. Цяпер — арудуюць вазакі ў шэрых шынялях: вывозяць спруцянелую „доблесть”. Вязуць яе як дрэва з лесу. Спруцянелыя ногі ў зялёных абмотках, бы асінавыя друкі, вытыркаюцца з за тыльных колаў. І фурманы, асвоеныя з будзённым заняткам, без свяшчэннай павагі ставяцца да кубаметраў паваленй „сілы” — звычайна сядзяць на ёй і кураць махорку.

А насупраць грузавік з жывым падмацаваннем. Калі параўналіся, з за борта воклік:

— Адкуль, зямляк?!

— З Брэсцкай вобласці! — адгукаюся.

— А я з Баранавіч.

Хлопец хапае мяне ў паветраныя абдымкі, ледзь з кузава не вываліўся. Махаю ўслед рукою. Паехаў зямляк здзяйсняць подзвіг.

За пару дзён і мяне ўключаць у жывую сілу. Пастрыгуць, дадуць палатаныя чаравікі, старыя абмоткі, пацёртыя нагавіцы, такую ж гімнасцёрку, у вушы ўставяць заданне:

— Выконвайце, салдат!

Іду ліквідаваць земландскую групоўку. Па дарозе лес. Што, як на ўзлеску заселі немцы? У руках пісталет-кулямёт Шпагіна, а карыстацца гэтай цацкай не ўмею. Трэба набыць майстэрства. Пацягнуў за стрыжань, што выстае збоку, націснуў на спуск — счэзнуў лес, у лоб сякуць кулі, а болю не чую. Ужо не землянін я. Адкрываецца цудоўнае ваколле, падобнае на зямное, толькі больш яркае, асабліва лес. Няўжо я ў Белавежы?

Не, я на прускай зямлі. І лоб мой цэлы. Лоб мацалі пустыя лускі, сігаючы з затвора. І я жывы. Значыць, не ўсе беларусы засталіся пад Кенігсбергам.

Эпілог

Вязучы я. Зведаўшы смак волі, не толькі выбраўся з мёртвай пасткі, але спяваючы прайшоў і фільтрацыю. А мог загрымець на Калыму. Лёля за акрабатычны шпагат адведала этапны катух. Трапіўся ёй шчырун з чэкісцкім кантаслупам у мазгах: данёс фільтрашам, што бачыў яе на нашай сцэне. „Нямецкая артыстка!” Ледзь выкараскалася з бяды. А я, пры дапамозе паслужлівых сведкаў, мог стаць не толькі нямецкім „артыстам”, але і „лагерфюрэрам”. Часам добра не мець сведкаў.

Дык без фізічных страт выйшаў я з усходнепрускай аперацыі, палегчы на сопках Маньчжурыі не даверыла камандаванне, без лішняй валтузні дабраўся дахаты. Паколькі расавы мутант беззваротна вывеў мяне з мройнага зачаравання тэатрам, не меў клопатаў з выбарам мірнай прафесіі. Горш атрымалася з другой, набытай у Кенігсбергу, слабасцю — дыверсіяй. Пасля вучобы намерыўся ўзарваць сацрэалізмам польскую літаратуру. Не здолеў — кінулі на беларускі палетак. А тут адны дыверсанты. Вайна „нашых” з „нашымі”. І кожны ў трыумфатары пхнецца. Усе гіганты, гавораць як з пастамента:

— Мая справа святая, я непераможны!

Скеміўшы, што ў імкліва зменлівым свеце час працуе не на мяне, што „наша-нашанскай” вайне не будзе канца, змірыўся я, пахіліўся ніц перад пераможцамі, зашыўся ў Пушчу і, як гэта і да мяне рабілі прыстойныя дыверсанты, узяўся за мемуары.

Кенігсбергская казка — апошняя ўспышка маёй дарожнай лампады. Цешуся, што не пагасла заўчасна. Мо на іншых вітках сустрэнемся.

Белавеж, 1999

Пераклад іншамоўных слоў

1 Беластоцкая акруга.

2 — Хутчэй! Хутчэй!

3 — Палякі?

4 — Беларусы.

5 — О, Масква! Добра!

6 — Рускі — Масква — Таварыш!

7 — Міхась Харкевіч і Георгій Валкавыцкі, за мною!

8 — Сідар таксама!

9 — Налева!

10 — Стой!

11 — Добры дзень!

12 — Хутка вайна скончыцца.

13 — Гітлер разбіты!

14 — Прашу піва!

15 — Яснае? Цёмнае?

16 — Зразумелі?

17 Я так цябе ждала,

Чаму ты не прышоў?

Я пашла дахаты,

Бо з неба дождж ішоў.

18 іншаземцаў.

19 Ты!